Брэсцкага блогера Кабанава эвакуіравалі з Беларусі ў Літву
Служба эвакуацыі фонда дапамогі палітвязням BYSOL паведаміла, што 27 студзеня здолела паспяхова вывезці ў Літву блогера, экс-палітвязня Аляксандра Кабанава. Ён вызваліўся з калоніі пасля адбыцца тэрміна пакарання ў канцы мінулага года і не стаў спакушаць лёс, застаючыся ў Беларусі.
“Дзякуючы нашай службе эвакуацыі, легендарны брэсцкі блогер цяпер у бяспецы, і нават паспеў заспець святкаванні ў гонар 700-годдзя літоўскай сталіцы”, — канстатаваў факт перадыслакацыі заснавальнік фонда Андрэй Стрыжак.
Пазней сумесны здымак на вуліцах Вільні з эвакуяваным Аляксандрам Кабанавым у кампаніі актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі апублікаваў палітык Анатоль Лябедзька.
Пасля кароткай акліматызацыі блогер мяркуе вярнуцца да сваёй вымушана перарванай дзейнасці, надалей выкрываючы злачынствы лукашэнкаўскага рэжыму, удакладнілі службе маніторынгу БАЖ паплечнікі былога палітзняволенага.
51-гадовы Аляксандр Кабанаў вызваліўся летась 17 снежня з турмы №4 у Магілёве, хоць першапачаткова быў размеркаваны ў папраўчую калонію №1 Наваполацка. Аднак “за сістэматычныя парушэнні правілаў утрымання» асуджанага закрытым судом перапакаралі пераводам на “строгі рэжым”. У канцы снежня 2021-га яго перавялі ў магілёўскую турму. У выніку ён адбыў свой тэрмін: згодна з абноўленым заканадаўствам, паўтара дня ў СІЗА лічыцца за дзень у калоніі.
Аляксандр Кабанаў і ягоны калега ды сябра Сяргей Пятрухін атрымалі вядомасць як аўтары YouTube-каналаў “Народны рэпарцёр” і «Youtube-депутаты». Асвятлялі праблемныя бакі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы, выкрывалі факты карупцыі на мясцовым узроўні.
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Аляксандр Кабанаў заняў пасаду прэс-сакратара ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, але папрацаваць у выбарчай кампаніі фактычна не паспеў: ён “знік” 15 чэрвеня ў Брэсце, калі накіраваўся па выкліку ў паліклініку для кантролю за адбыццём каранціна з прычыны COVID-19. Толькі праз некалькі дзён мужчына знайшоўся ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага раёна Брэста, як ужо адбываў 15 сутак за “хуліганства”. А неўзабаве яго перавезлі ў СІЗА №1 Мінска ўжо падазраваным па крымінальным артыкуле.
Сяргея Пятрухіна затрымалі на дзень пазней пад Пухавічамі Мінскай вобласці і даставілі ў Кобрынскі ізалятар часовага ўтрымання. Урэшце ён таксама апынуўся на Валадарцы.
Праваабарончая супольнасць прызнала зняволеных блогераў палітычнымі вязнямі.
Працэс пачаўся амаль праз паўгода чамусьці ў Кастрычніцкім судзе Магілёва. У выніку суддзя Вольга Краўчанка прызнала фігурантаў вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса) і знявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК).
Сукупна кожны атрымаў па 3 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, таксама суд абавязаў кожнага выплаціць па 750 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды “зняважанаму” супрацоўніку магілёўскага АМАП.
Прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачання Таццяна Амосава ў судзе настойвала, што Аляксандр Кабанаў і Сяргей Пятрухін у змове з іншымі “падзельнікамі” “ажыццяўлялі ўзгодненую дзейнасць у стварэнні грамадска-палітычнай напружанасці, рэалізоўвалі планы арганізацыі пратэставага руху пад выглядам пікетаў, збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду”.
Віны ў інкрымінаваных злачынствах блогеры не прызналі. Зрэшты, патлумачыць сваю пазіцыю ім так і не ўдалося — 11 лютага абодвух выдалілі з судовага пасяджэння за парушэнне парадку яго правядзення. Яны нават не выступалі з апошнім словам.
Пасля суда фігурантаў развялі па розных адрасах. Сяргей Пятрухін адбываў прызначаны тэрмін у папраўчай калоніі №3 у пасёлку Віцьба пад Віцебскам. Планамі адносна сваёй будучыні ён пакуль публічна не дзяліўся, але раней казаў, што трэба фізічна стаць на ногі — у параўнанні з момантам затрымання ён схуднеў у зняволенні на 25 кілаграмаў.
Чытайце яшчэ:
“Каждая история политзаключенного достойна быть услышанной”. Разговор с Politzek.me о значении проекта
«Як раней не будзе. Будзе лепей». Выйшаў мерч з натхняльнымі цытатамі Андрэя Скурко
Влад Бумага уходит из YouTube и переходит в VK Видео