• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Бразільскі ваенны фотарэпарцёр апынуўся круцялём

    У гэты момант ваенны фотакор Эдуарда Марцінс, верагодна, рассякае пяскі аўстралійскай пустыні на сваім уседарожніку. І вам, хутчэй за ўсё, не пашчасціць убачыць ягоныя новыя працы ў бліжэйшай будучыні. Прычына простая: яму ўдалося правярнуць адно з найбольш неверагодных круцельстваў у гісторыі фотажурналістыкі.

     

    Марцінс — прывабны бялявы 32-гадовы фатограф-дакументаліст з Бразіліі, заўзяты аматар серфінгу ў вольны ад працы час. Працуючы клеркам сярэдняга звяна ў ААН, ён шмат падарожнічаў па мясцінах, поўных смерці і адчаю. Падчас камандзіровак ён меў магчымасць рабіць унікальныя фотаздымкі, якія размяшчаў на сваім акаўнце ў Інстаграме. Некаторыя з гэтых фотаздымкаў ён дасылаў у вядомыя фотаагенцыі, у тым ліку Nur­Pho­to, для распаўсюду.

     

    Дзякуючы прысутнасці ў Інстаграме ён не толькі займеў шырокую базу прыхільнікаў, якая перавышала 120.000 падпісчыкаў, але і знаходзіў замоўцаў, якія публікавалі ягоныя фотапрацы па ўсім свеце. Сярод выданняў, якія набывалі фотаматэрыялы ў Марцінса ў якасці ілюстрацыяў для артыкулаў, былі як невялікія перыёдыкі кшталту South­Front, так і прэстыжныя выданні накшталт The Wall Street Jour­nal, Le Monde і The Tele­graph.

    Неўзабаве медыі пачалі актыўна цікавіцца асобай Марцінса. Сярод іншага, у кастрычніку 2016 года з’явілася інтэрв’ю з ім на старонках Recount Mag­a­zine.

    На пачатку ліпеня гэтага года BBC Brazil таксама распавядала пра працу Марцінса.  

    І каб не памылкі фотакора-ашуканца і не ўважлівасць журналісткі BBC Наташы Рыбэйра, ягонае цудоўнае жыццё і фатаграфічная кар’ера, відавочна, дагэтуль былі б на ўздыме.

    Аднак асоба Марцінса падалася падазронай сп-ні Рыбэйра пасля таго, як яна даведалася пра ягонае жыццё і працу. Яе падазронасць падвоілася, калі яна капнула глыбей і не змагла знайсці ніводнай асобы, якая хоць калі-небудзь з ім сустракалася.

    Яго не бачыў аніводзін бразільскі журналіст у Іраку, дзе Марцінс павінен быў працаваць працяглы час, аніводзін прадстаўнік уладаў, з якімі журналісту трэба было мець дачыненні, аніводзін сябра НДА, чальцом якіх ён сябе дэклараваў.

    BBC Brazil правяла журналісцкае расследаванне, падчас якога высветлілася, што Марцінс завязаў стасункі прынамсі з шасцю маладымі, прыгожымі і паспяховымі жанчынамі ў сацсетках і выкарыстаў кожную з яе для перадачы інфармацыі журналістам. Аўтары расследавання высветлілі, што ніводная з гэтых жанчынаў не сустракалася з Марцінсам у рэальным жыцці.

    Праз знаёмых Марцінс даведаўся пра расследаванне BBC і падазрэнні што да ягонае асобы і аўтарства фотаматэрыялаў, якія ён прадаваў СМІ па ўсім свеце. Адразу ж пасля гэтага ён выдаліў свой акаўнт у Інстаграме і даслаў апошняе перад дэактывацыяй паведамленне ў What­sApp:

    “Я ў Аўстраліі. Вырашыў правесці год у падарожжы па свеце ў маім фургоне. Я адключаюся ад усяго, у тым ліку Інтэрнэту і Інстаграму. Дзякуй. Выдаляю ўліковы запіс тут. З Богам.”

    Такім чынам сапраўдная асоба маладзёна, які прадстаўляўся сусветна вядомым вайсковым фотакорам, можа застацца загадкай назаўсёды.

    BBC Brazil надоечы апублікавала вынікі свайго расследавання, якія прымусілі схамянуцца фотарэдактараў па ўсім свеце ў намаганні як мага хутчэй павыдаляць фотаздымкі, дасланыя гэтым фэйкавым карэспандэнтам.

    BBC Brazil змясціла паведамленне на месцы фотаздымкаў, накіраваных Марцінсам: “Арыгінальны кантэнт быў выдалены, бо існуе падазрэнне і рызыка парушэння аўтарскіх правоў. Просім прабачэння ў нашых чытачоў за памылку. Гэты выпадак паспрыяе ўмацаванню нашых праверачных працэдураў”.

    Прынамсі некалькі працаў Марцінс скраў у амерыканскага фатографа Дэніэля С. Брыта (Daniel C. Britt).

    Трэба заўважыць, што ашуканец не проста прыбіраў да рук чужыя фотаздымкі і выдаваў іх за свае працы, але і рабіў сур’ёзныя намаганні дзеля змянення фотавыяваў, каб было складана ідэнтыфікаваць іх рэальнае аўтарства. Сярод іншага, махляр рабіў люстраныя выявы і ўжываў кадраванне.

    Была адна рэч, якая дапамагала Марцінсу працягваць сваю фэйкавую кар’еру ў фотажурналістыцы. Круцель выкарыстоўваў свае папярэднія публікацыі ў якасці партфоліё, каб без пытанняў прадаць новыя фотаматэрыялы. Ён не толькі змяшчаў выразкі папярэдніх публікацыяў з такіх прэстыжных выданняў, як Wall Street Jour­nal, у сацсетках, але і дасылаў іх па пошце рэдактарам у якасці спасылак для заключэння новых замоваў. Гэтая працэдура змяншала падазрэнні да аўтара, бо, на думку рэдактараў, вялікія і прэстыжныя выданні дакладна правяраюць журналістаў перад публікацыяй матэрыялаў. “І гэтага праверылі”, — меркавалі яны. Дык навошта турбавацца пра гэта самім?


    Пра аўтара: Ян А. Нікалас, фотакарэспандэнт з досведам працы ў гарачых кропках ад Цэнтральнай Амерыкі да Сірыі ды Украіны.Twit­ter: @phoyager

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці