• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Брагінская раёнка: Да нас некалькі гадоў маладыя спецыялісты даехаць не могуць

    20 красавіка Інстытут журналістыкі будзе размяркоўваць сваіх выпускнікоў. Будуць слёзы, шмат вакансій з раённых газет, мала з Мінска. А вось як спрацавала мінулагодняе размеркаванне.

     

    Мінулагодняе размеркаванне ў Інстытуце журналістыкі, фота: «Еўрарадыё»

    У Брагінскае раённае выданне “Маяк Палесся” маладыя спецыялісты з леташняга размеркавання не даехалі. Бо ўсе дзяўчаты выйшлі замуж. Свежыя кадры выданне не можа дачакацца ўжо некалькі гадоў!

    “У тым годзе ніхто не прыязджаў, можа, паступілі кудысьці. І ў пазамінулым годзе дзяўчынкі не даехалі: адна паступіла ў магістратуру, іншая — выйшла замуж. У гэтым годзе будзем падаваць заяўку на адказнага сакратара і карэспандэнта”, — расказваюць у брагінскай раёнцы.

    Будучаму карэспандэнту абяцаюць заробак у 260 рублёў і пакой у інтэрнаце. Пры гэтым сярэдні заробак па раёне амаль удвая больш — 510 рублёў 60 капеек.

    Рэдакцыя газеты “Авангард” з Буда-Кашалёва летась таксама чакала маладую спецыялістку. І не дачакалася.

    З мінулагодніх выпускнікоў журфака «Еўрарадыё» знаходзіць толькі адну дзяўчыну, якая даехала па размеркаванні да раённай рэдакцыі ў Беразіно. Хаця сама з Астраўца. Цяпер Юля адказны сакратар у газеце “Бярэзінская панарама”. Месца яна абірала, каб жыць бліжэй да Мінска, бо ездзіць туды трэба кожныя выходныя, да сяброў.

    “Мне ўсё падабаецца, заробак нармальны, нават для Мінска. Інтэрнат прапаноўвалі, але я здымаю кватэру. Тут я займаюся сацыяльнай тэматыкай, пісала пра спартовыя спаборніцтвы паміж дзіцячымі садкамі, нядаўна быў матэрыял пра стагоддзе ЗАГСа”, — расказвае Юля.

    Яе здымная кватэра каштуе каля 50 долараў за месяц, гэтыя выдаткі наймальнік не пакрывае. У Беразіно ў вольны час Юля ходзіць у спартовую залу і ў кіно.

    Юлія на працоўным месцы, фота — з архіву суразмоўцы

    Ці застанецца яна ў Беразіно, пакуль не ведае, павышэнне пакуль не прапаноўвалі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці