Больш за 120 новых прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў і медыя стварылі ў Гомелі з 2021 года
Такія лічбы былі агучаныя на пасяджэнні гарвыканкаму. Улады справаздачацца, што падпісчыкаў у гэтых «медыя» больш за 119 тысячаў, але ўмоўчваюць прагляды і прачытанні навінаў.
Дакладная лічба створаных «тэлеграм-каналаў адміністрацый, сродкаў масавых інфармацыі і прадпрыемстваў горада» – 124. Сярод дасягненняў называецца і стварэнне тэлеграм-канала кіраўніка горада, з ім разам атрымліваецца 125.
Прызначаны Лукашэнкам кіраўнік Гомеля Уладзімір Прывалаў кажа пра тое, што наступны год «стане іспытам» для прапагандыстаў. Відавочна, ён мае «выбарчую» кампанію, да якой узмоцнена рыхтуюцца ўлады.
Адзначым, што ў траўні стала вядома, што больш за 260 тысяч беларускіх рублёў (77 тысяч долараў) пойдзе на Гомельшчыне на падпіску дзяржаўных СМІ на другое паўгоддзе. У сакавіку на пасяджэнні аблвыканкаму раскрылі іншыя лічбы: у абласной дзяржпрапагандзе занятыя больш 500 чалавек, моладзь заставацца працаваць не хоча.