«Больш нашага кантэнту пра Беларусь будзе даступна шырокай аўдыторыі». Інфармагенцтва «Позірк» запусціла сайт
Сёння, 16 кастрычніка, інфармагенцтва «Позірк», якое было створана былой камандай БелаПАН і Naviny.by, абвесціла аб тым, што запусціла сайт. Ён мае тры версіі — беларускую, рускую і ангельскую.
— З моманту стварэння [інфармагенцтва «Позірк»] ў снежні 2021 года на закрытай стужцы публікавалася інфармацыя для нашых платных падпісчыкаў, а з шырокай аўдыторыяй найболей важнымі і цікавымі навінамі і аналітыкай мы дзяліліся ў Telegram і Facebook, — нагадваюць прадстаўнікі інфармагенцтва. — Са з’яўленнем новага сайта больш нашага кантэнту пра Беларусь будзе даступна шырокай аўдыторыі.
Як там падкрэсліваюць, незалежныя СМІ — гэта важная і неабходная частка свабоднага дэмакратычнага грамадства, а прафесійны абавязак журналістаў — сумленна распавядаць сваім чытачам пра тое, што адбываецца навокал і як тыя ці іншыя падзеі ўплываюць на жыццё кожнага з нас.
— Лічым, што павінна быць як мага больш крыніц сумленнай і дакладнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі, і спадзяемся, што «Позірк» стане адной з вашых любімых закладак з беларускімі навінамі, — звяртаюцца да чытачоў журналісты.
Чытайце яшчэ:
Сайты, YouTube-праекты, аудыяпадкасты. Якія медыйныя праекты з’явіліся ў беларускай інфапрасторы ў 2023‑м
«Незалежныя медыя перажываюць крах бізнэс-мадэлі, а грамадства падвяргае сябе самацэнзуры». Асноўнае са справаздачы Freedom House
Сяргей Чалы запускае вечаровае шоу