Бо яны на польскай мове: палітзняволенаму Андрэю Пачобуту не перадаюць лісты ад сына
Паводле жонкі Андрэя, Аксаны Пачобут, цэнзуру не праходзяць, перш за ўсё, лісты ад Ярака — 12-гадовага сына журналіста, які піша бацьку на польскай мове, паведамляе «Польскае радыё».
«Ён не прайшоў цэнзуру» — з такой інфармацыяй вярнуўся ліст, у якім сын апісаў канец навучальнага года.
Аксана Пачобут падкрэсліла, што лісты, якія Пачобут пісаў сыну, таксама падвяргаліся бязлітаснай цэнзуры ў турме: «Яму вярнулі тры лісты, напісаныя па-польску Яраку. Відаць, так яму паказваюць, як у Беларусі змагаюцца з палякамі, нават калі яны сядзяць у турме».
Адзначым, што ў правілах унутранага распарадку следчых ізалятараў крымінальна-выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі не прапісана, на якой мове можна ці нельга пісаць лісты зняволенным.
Андрэй Пачобут — журналіст, актывіст Саюза палякаў у Беларусі. З 2006 года — карэспандэнт буйнога польскага выдання «Gazeta Wyborcza» ў Беларусі.
За грамадска-палітычную і журналісцкую дзейнасць Андрэя Пачобута неаднаразова затрымлівалі, каралі штрафамі, арыштамі.
Апошні раз журналіст быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў сваім доме ў Гродне пасля ператрусу. Пачобута абвінавачваюць паводле арт. 130 КК РБ — «Распальванне варожасці».
Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязнем.
Цяпер напісаць ліст Андрэю можна на адрас: СІЗА № 1, вул. Валадарскага, д. 2, 220030, г. Мінск.
Чытайце яшчэ:
У райцэнтрах Магілёўшчыны закрыюць усе газетныя кіёскі
Коска ператвараецца ў Палатно: стала вядома новая назва рэгіянальнага медыя
Крымінальную справу журналіста, які фатаграфаваў расійскую тэхніку, перадалі ў суд