• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «БМ» паўстае там, дзе ёсць апантаныя

    Сёння — дзень нараджэння радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная». Яе ліквідавалі ў 1994-м — і ў абарону СМІ, што намінальна лічылася дзяржаўным, паўсталі слухачы, партыі, суполкі і арганізацыі… Безліч пратэстных заяў!

    Калектыў "БМ". Трэці злева стаіць Уладзімір Дзюба. Сядзяць злева направа: Іна Студзінская, Жана Літвіна, Таццяна Мельнічук, Уладзімір Сакульскі.

    На час ліквідацыі — пад першыя ў краіне прэзідэнцкія выбары — «Беларуская маладзёжная» паспела адзначыць трыццацігоддзе. Звычайная па фармальнай структуры адзінка Дзяржтэлерадыё БССР — Галоўная рэдакцыя вяшчання для моладзі. Незвычайная — нават пры БССР — інфармацыйная платформа, здольная аб’ядноўваць, выхоўваць, весці наперад. І пераўзыходзіць у творчых конкурсах не толькі адпаведныя структурныя адзінкі ў рэспубліках СССР, але і славутую на той час  маскоўскую радыёстанцыю «Юность».

    Недзе на пачатку новага веку — здаецца, у 2006‑м, падчас чарговых прэзідэнцкіх выбараў, я гналася (інакш не скажаш) да кампа-перадатчыка, каб хутчэй паведаміць свету пра нейкае зноў надзвычайнае ў нашай прасторы здарэнне.

    «Галасавала», памятаю, на Паўднёвым Захадзе — адчайна трэсла замерзлай у пальчатцы рукой перад рэдкімі аўто, што абміналі мяне, не зважаючы. Затармазіла адно — ускокваю, гавару, куды везці. І расслабляюся ад цёплага салона, хвілін пяць-сем сама з сабою, прыкідваю, што зараз тэрмінова трэба зрабіць.

    Мы пад’ехалі па названым мною адрасе, я ад перанесенага холаду ачуняла і, гатовая выбегчы, рашуча тыркаю нейкія грошы маўкліваму дасюль кіроўцу.

    Мужчына адводзіць маю руку: «Не трэба».

    Не паспяваю я супярэчыць, як  ён пытаецца: «Вы — Таццяна? Вы вялі праграмы «Беларускай маладзёжнай»? Я вас па голасе пазнаў».

    «Так, — прызнаюся, — вяла. Але тое было ужо больш за дзесяць гадоў таму! Вы ведаеце, што мы не выходзім у эфір з 1994-га?».

    «Ведаю, — кажа. — Шкадую і ўсіх вас люблю. Не трэба мне грошай».

    Я, збянтэжаная і засмучоная, доўга мармытала «дзякуй!» і яшчэ даўжэй не магла ўзяцца за неадкладную тады працу…

    Дзякуй табе, «маладзёжка»! За часы творчай вольніцы, сяброўская плячо, за  шчырасць адносінаў і трываласць, выхаваную нібыта паміж іншым, але такую непахісную ў надышоўшыя гадасныя  часы! Калі нас «расфарміроўвалі» і правакавалі асесці ў стабільных рэдакцыях, на стабільным заробку, 18 тваіх вольных птушак не здрадзілі вольнасці, выштурхнуліся ў вірлівы свет — і не згубіліся. Наша маладзёжная зграя — у розных СМІ, на розных пасадах, у фрылансарстве, на хлебе і вадзе — узрасціла птушанят, якія зараз ужо дзе арлы, дзе «драпежнікі», дзе клапатлівыя гаспадыні гнязда, столькі гадоў захінаючыя крылом тых, хто «на крыло» устае.

    Пачні пералічваць прозвішчы — «пракруткі» на комп-экране не хопіць. Падмацаваныя паўстаўшымі за «Беларускай маладзёжнай» падаўжальнікі з «Радыё 101.2», газеты «Беларуская маладзёжная»  — паўсюль: ад «Новага часу» да TUT.BY, «Еўрарадыё», «Радыё Свабода». Ад Польшчы, Амерыкі, Брытаніі да гаючых беларускіх регіёнаў, дзе быць журналістам роўнае быць героем — што ў плане прафесійным, што ў побытавым, на відавоку ўсіх.

    У нас, «маладзёжнікаў», была толькі адна здрада — маладая супрацоўніца  радыёстанцыі пасля нашага разгону стала чыноўніцай Мінінфарма і пры сустрэчах  каторы год  нашых не пазнае. Астатнія — тыя, што ў «вольніцы» ці праз гады трапілі ў дзяржструктуры, усё ж засталіся нашымі.

    Я думаю зараз: мы яшчэ нешта можам?

    Я ведаю: мы ўжо шмат змаглі.

    У неспрыяльны па ўсіх паказчыках час мы змаглі не толькі захаваць сябе вернымі прынцыпам нашай «маладзёжкі», але выхаваць пакаленне падобных да нас. Іх «прамыя эфіры» зараз  называюцца онлайн-трансляцыямі, іх рэпартажы гучаць праз папулярнае зараз відэа, іх тэксты карацейшыя за нашы крымінальныя нарысы, але пазчаныя як журналісцкае расследаванне. Нашы паслядоўнікі, дзякуючы БАЖ і трэнерам-«маладзёжнікам» — нашы пераемнікі.

    На "Беларускай Маладзёжнай"

    Мне толькі вось пра што вас трэба папярэдзіць: у крытычны для краіны час, калі паўстане нейкае ГКЧП (у нас так было на развале Савецкага Саюза) ці якая небяспечная трасца пад іншай назвай, памятайце: часовыя і нібыта трывалыя ўлады могуць называцца рознымі імёнамі, назва нашай прафесіі і місіі адна — журналістыка. Журналістыка не мае «улюбіцца» у нейкую уладу ці нейкага правадыра, бо правадыры і асвечанымі імі ўлады зыходзяць, а нашае «другое з старадаўніх» рамяство застаецца.

    Журналістыка — гэта служэнне грамадству, кожнаму з шчаслівых ці знясіленых людзей, якія чакаюць навінаў на лепшае жыццё. Пры чым тут уладары, што мяркуюць, як лепш, з сваёй высоткі?

    А што да метадаў і рамяства, «Беларуская маладзёжная» гатовая падзяліцца.

    Мы выйшлі ў прамы эфір, як толькі падзеі жыцця пачалі апярэджваць графік эфірнага раскладу. Падобнае (прамы эфір) існавала і да нас — недзе ў 60‑х гадах цяпер мінулага веку. Але тое было з‑за недасканаласці эфірнага вяшчання, перадачаў у запісе не было. У наш савецкі час усе перадачы былі ў запісе, расшыфроўваліся да коскі і перачытваліся цэнзарам. Я памятаю, як мы з Ленай Сцяпанавай «прабівалі» у эфір прызнанні вайскоўцаў, што выконвалі «інтэрнацыянальны абавязак» у Афганістане: у студыі Дома Радыё сядзеў і распавядаў нам малады хлопец без нагі, а па афіцыйнай версіі  ніякіх хлопцаў у Афгане Савецкі Саюз не губляў і інвалідаў-вайскоўцаў не меў. Цэнзар доўга злаваўся. Мы доўга настойвалі на выхадзе ў эфір хоць і пакрамсанай цэнзарам, але жудаснай размовы. Але праграма выйшла.

    У эфіры Жана Літвіна

    Выснова першая, спрадвечная — настойлівасць камень точыць. Цэнзурай камень завецца ці інакш, настойлівасць — рэч нязменная.

    Заўвага другая: лавіце момант! Недзе там, на скананні СССР, але калі ўсё яшчэ было моцна і абяцала «разборкі», мы з калегамі-журналістамі ішлі ў Курапаты. У «закрыты» для інфармацыйнага асвятлення раён, забароненае месца. У Доме радыё нас папярэдзілі: «рэпарцёры» (тагачасныя прылады гуказапісу вагай за пяць кілаграмаў) з канторы не выносіць, хто наважыцца — звальненне. У калоне на Курапаты я пачула, што падобнае запатрабавалі і ад фатакораў. Нехта з іх, сяброў, у Курапатах аднак сказаў: «Ну што, Таня, даставай з мяшэчка свой «рэпарцёр» — і вызваліў з‑за пазухі сваю камеру. Страшнавата было першыя хвіліны, потым мы працавалі, забыўшыся на пагрозы і захопленыя дзеяй. Гукі і здымкі той падзеі дагэтуль у архівах беларускай гісторыі.

    І парада апошняя, але найгалоўная: збярыце, мацуйце, шануйце каманду! З аднадумцамі вы зможаце ўсё! Нават калі вашу рэдакцыю (СМІ) зачыняць, скасуюць, разгоняць — вы застанецеся побач. Павязаныя адным лёсам і адной мэтай. Адзіным адчуваннем абавязку і адданасці. Адным сумленнем.

    Як мы, у «Беларускай маладзёжнай».

    З камандай можна не толькі выжыць, але жыць годна. «Беларуская маладзёжная» таму зарок.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці