• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Bloomberg звольніў журналістку, якая першай паведаміла пра «вялікі абмен»

    Агенцтва Bloomberg звольніла старшага карэспандэнта Джэніфер Джэйкабс, якая размясціла навіну пра абмен, і пакарала яшчэ некалькі супрацоўнікаў у адміністрацыйным парадку. Галоўны рэдактар ​​медыя Джон Міклетвейт аргументуе сваё рашэнне тым, што паспешлівасць карэспандэнткі магла прывесці да зрыву здзелкі па абмену зняволенымі ЗША і Расіі.

    Да панядзелка Джэніфер Джэйкабс працавала старшым карэспандэнтам Bloomberg News у Белым доме. Фота: Х/@JenniferJJacobs

    Як паведамляе выданне Guardian, галоўны рэдактар Bloomberg Джон Міклетвейт у лісце да супрацоўнікаў патлумачыў сваё рашэнне тым, што публікацыя магла паставіць пад пагрозу абмен зняволеных амерыканцаў. Аднак карэспандэнтка Джэніфер Джэйкабс не лічыць сябе вінаватай

    «Я працавала рука ў руку з маім рэдактарам, прытрымліваючыся рэдакцыйных стандартаў і прынцыпаў. Я не зрабіла нічога, што парушала б эмбарга адміністрацыі (гаворка пра Белы дом) і магло падвергнуць рызыцы кагосьці з уцягнутых (у працэс)», — зазначыла яна ў сваіх сацсетках.

    Белы дом аб’яўляў эмбарга на публікацыю інфармацыі пра абмен да поўнага вызвалення зняволеных амерыканцаў, указвае New York Post.

    Нягледзячы на гэта, Bloomberg першым паведаміў пра вызваленне журналіста Wall Street Jour­nal Эвана Гершковіча і былога марскога пехацінца Пола Уілана яшчэ ў чацвер у 7.41 раніцы. Літаральна праз некалькі хвілінаў адзін з рэдактараў агенцтва напісаў у сацсетцы X: «Гэта адзін з самых ганаровых момантаў у маёй кар’еры — дапамагчы паведаміць гэтую навіну. Я люблю сваю працу і сваіх калег».

    Праўда, у гэты момант самалёт са зняволенымі грамадзянамі ЗША знаходзіўся толькі на шляху з Расіі ў Анкару.

    Праз непрацяглы час артыкул у Bloomberg быў дапоўнены каментаром: «Больш ранняя версія гэтага артыкула была скарэктавана, каб адлюстраваць, што амерыканцы яшчэ не вызваленыя».

    Паводзіны супрацоўнікаў Bloomberg абурылі калег з іншых выданняў. Газета The Jour­nal, якая належыць мацярынскай кампаніі The Post News Corp, надрукавала свой артыкул пасля 11 раніцы — пасля пацвярджэння, што амерыканцы знаходзяцца ў бяспецы. Пры гэтым журналіст выдання з біноклем у руках чакаў прызямлення самалёта з вызваленымі закладнікамі.

    Эван Гершковіч больш за год правёў у расійскім палоне. На здымку: ён абдымае сваю маці. Фота: Reuters

    Галоўны рэдактар Bloomberg Джон Міклетвейт прызнаў, што публікацыя магла сарваць «вялікі абмен». «Нават калі нашая гісторыя, на шчасце, не змяніла сітуацыю, гэта было яўным парушэннем рэдакцыйных стандартаў, якія зрабілі гэтую рэдакцыю такой надзейнай у свеце», — падсумаваў ён.

    Джон Міклетвейт выбачыўся перад вызваленымі амерыканцамі і сваімі калегамі.

    Падобна, што сусветныя медыя на нашых вачах мяняюць рэдакцыйныя стандарты: на вядучыя месцы выходзіць прынцып «не нашкодзь». Беларускія незалежныя медыя ўзялі гэты прынцып на ўзбраенне як мінімум з 2020 года.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці