Блогеру Андрэю Павуку зноў пагражаюць — гэтым разам з Кеніі
Міліцыя Акцябрскага раёна яшчэ не знайшла тых, хто пагражаў мясцоваму блогеру, сябру ГА “БАЖ” Андрэю Павуку з філіпінскага тэлефоннага нумара, як не заставілі сябе чакаць новыя пагрозы і абразы. Гэтым разам з тэлефоннага нумара, зарэгістраванага нібыта ў Кеніі.
“Варта было мне напісаць заяву ў міліцыю на начальніка Акцябрскай раённай камунальнай гаспадаркі Юрыя Фурса, як прыйшло паведамленне ў Viber з Кеніі. Зноў такі з абразамі і пагрозамі. Я мяркую, што тут не абышлося без самой міліцыі”, — сказаў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Павук.
Якімі толькі словамі не абзываюць блогера — “тупарылая і барадатая скатабаза” ці не наймякчэйшы выраз сярод іншай пошасці.
А здарылася вось што. У студзені камунальнікі побач з домам блогера Павука ўсталёўвалі дзіцячую гульнёвую пляцоўку. Андрэй вёў стрым гэтай падзеі. І тут на пляцоўку прыйшоў начальнік мясцовай камунальнай гаспадаркі Юрый Фурс. Натуральна, блогер запытаўся ў кіраўніка, чаму добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі прыпала на студзень. У адказ той паслаў блогера ў наўпроставым эфіры на тры літары. Андрэй Павук звярнуўся з адпаведнай заявай у міліцыю.
Адказу з РАУСа пакуль няма, затое прыляцела абраза нібыта з афрыканскай Кеніі. Маўляў, на заяву ты, Павук, атрымаеш адпіску. Калі яе будзе мала, то дома могуць вобшук учыніць і сёе-тое знайсці, каб на зоне “барадатыя ракеты абслугоўваў”.
Раней невядомыя зламыснікі вінавацілі блогера Павука ў мініраванні будынкаў Акцябрскага райвыканкама і Мазырскага раённага суда і нават у забойстве жонкі.
Ніводнай з папярэдніх пагроз і правакацый у дачыненні да блогера Павука міліцыя не раскрыла.