• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогерам Пятрухіну і Кабанаву, якіх вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў, не дадуць выступіць на судзе з апошнім словам

    18 сакавіка ў Ленінскім судзе Магілёва не задаволілі хадайніцтва Сяргея Пятрухіна аб выступленьні на працэсе з апошнім словам. У ім ён зьбіраўся выказаць сваю пазыцыю адносна абвінавачаньня. Зварот у суд Пятрухін даслаў з карцара сьледчага ізалятара, піша Радыё Свабода.

    11 лютага на першым судовым пасяджэньні за парушэньне парадку яго правядзеньня судзьдзя Вольга Краўчанка выдаліла з залі абодвух абвінавачаных. У далейшым іх на працэс не дастаўлялі.

    Сяргей Пятрухін пра абвінавачаньне: «Абсурднае, незаконнае, не пацьверджанае ніякімі фактычнымі доказамі і не адпаведнае рэчаіснасьці»

    Пятрухін у хадайніцтве тлумачыў неабходнасьць выступіць на судзе тым, што падчас папярэдняга сьледзтва адмаўляўся даваць паказаньні. А агучыць іх на судовым працэсе, на ягоную думку, «неабходна і вельмі важна». Адсутнасьць на судзе ён разглядае як пазбаўленьне «ўсіх правоў, якімі яго надзяліў закон». Выстаўленае абвінавачваньне называе «абсурдным, незаконным, не пацьверджаным ніякімі фактычнымі доказамі і не адпаведным рэчаіснасьці».

    Вяртаньне Пятрухіна на працэс падтрымалі ягоная адвакатка і абаронца інтарэсаў Кабанава. Яны настойвалі, што толькі абвінавачаныя могуць патлумачыць факты і абставіны, якія зьяўляюцца падставай для крымінальнага перасьледу. Наяўнасьць жа кваліфікаванага абаронцы не забясьпечвае поўнага і ўсебаковага разгляду справы.

    Супраць выступіла прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачваньня. Яна адзначала, што падобныя звароты суд ужо разглядаў. На яе думку, такі захад узьдзеяньня, як выдаленьне з залі падсудных, быў ужыты абгрунтавана. Паводле пракурора, абвінавачаныя «груба парушалі парадак на судовым пасяджэньні, злосна не падпарадкоўваліся законным патрабаваньням яго старшыні». Пазыцыю прадстаўніцы абвінавачаньня падтрымала судзьдзя.

    Пятрухін пацьвердзіў, што быў у карцары

    Блогерам зь Берасьця Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі, інкрымінуюць арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама зьнявагу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем службовых абавязкаў. Акрамя таго, Пятрухіна судзяць за абразу судзьдзі. Абодвум пагражае да 3 гадоў зьняволеньня. Сваёй віны яны не прызнаюць.

    11 сакавіка стала вядома, што Сяргей Пятрухін парэзаў сабе вены, пратэстуючы супраць антысанітарыі ў камэры і кантынгенту, зь якім мусіць у ёй знаходзіцца. Зьняволенага адправілі ў карцар. У ім ён меўся знаходзіцца да 17 сакавіка.

    У хадайніцтве ў суд Пятрухін пацьвердзіў, што ў карцар трапіў 25 лютага. Пра прычыны ня згадваў. Пры гэтым адзначыў, што 2 сакавіка ад супрацоўнікаў Магілёўскай турмы № 4 даведаўся: пакуль ён у карцары, ягоныя скаргі ня будуць рассылацца адрасатам.

    18 сакавіка кіраўніку абласной арганізацыі АГП Уладзімеру Шанцаву ўдалося перадаць Пятрухіну перадачу. Шанцаў зрабіў з гэтага выснову, што Пятрухіна выпусьцілі з карцару.

    Наступнае, дзясятае судовае пасяджэньне прызначанае на 25 сакавіка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці