• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогера Аляксандра Ігнацюка вінавацяць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, вымагальніцтве і паклёпе

    Былога журналіста, блогера Аляксандра Ігнацюка затрымалі яшчэ ў ліпені 2023 года, і толькі цяпер прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі распавяла, у чым яго вінавацяць.

    Паводле звестак БАЖ, 52-гадовага Аляксандра Ігнацюка зараз трымаюць пад вартай у баранавіцкім следчым ізалятары. Неўзабаве яго пачнуць судзіць.

    У паведамленні на афіцыйным тэлеграм-канале «МВД Беларуси» сцвярджаецца, што Ігнацюк садзейнічаў дзейнасці «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала, адміністратары якога знаходзяцца за мяжой, «сістэматычна імкнуўся дыскрэдытаваць дзяржаўныя органы» і «спрабаваў уладкавацца на працу ў экстрэмісцкія інтэрнэт-крыніцы».

    Таксама МУС заяўляе, што затрыманы вырабляў відэаролікі з «кампраматам» на мясцовых прадпрымальнікаў і вымагаў з іх грошы, пагражаючы апублікаваць гэтыя факты ў інтэрнэце. Што нібыта ад дзейнасці блогера пацярпелі трое жыхароў Столінскага раёна.

    Сілавое ведамства паказала і кадры затрымання, якое, як вынікае, было ініцыяванае ГУБАЗіКам. На відэа бачна, як у вясковую хату Ігнацюка ўваходзяць узброеныя і ў поўнай экіпіроўцы байцы АМАП. 

    Паводле каментара начальніка аддзела 6‑га ўпраўлення (па Брэсцкай вобласці) ГУБАЗіК МУС Паўла Кухнаўца, затрыманага абвінавачваюць па крымінальных справах за вымагальніцтва (артыкул 208 Крымінальнага кодэкса), за паклёп на прэзідэнта (артыкул 367 КК) і за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (артыкул 361–4 КК).

    Відэаблогера Аляксандра Ігнацюка затрымалі 18 ліпеня 2023 года. Пра гэта стала вядома выпадкова: ён даўно жыў адзін у аддаленай вёсцы Пінскага раёна, і сябры занепакоіліся пра ягоны лёс пасля таго, як ён цягам некалькіх тыдняў не выходзіў на сувязь.

    17 жніўня 2023 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ігнацюка палітычным вязнем.

    Аляксандр Ігнацюк вядомы тым, што напрыканцы 90‑х – пачатку 2000‑х выдаваў незалежную рэгіянальную газету «Вечерний Столин» і быў яе галоўным рэдактарам.

    У 2003 годзе, паводле загаду тагачаснага міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага, выпуск газеты прыпыняўся на тры месяцы, бо рэдакцыя нібыта парушыла артыкул 5 «Закона аб друку і іншых СМІ». Газета «Вечерний Столин» аднавіла выхад у кастрычніку 2003 года, аднак ужо ў снежні суд прызнаў Аляксандра Ігнацюка вінаватым у абразе былога старшыні Столінскага райвыканкама Уладзіміра Пашкевіча. Тады рэдактара газеты паводле крымінальнага артыкула 369 пакаралі штрафам памерам 30 базавых велічынь, што складала на той час каля 230 долараў. Менавіта гэты выпадак прыгадвае цяпер прэсавая служба МУС, згадваючы, што Ігнацюк «быў асуджаны за абразу прадстаўніка ўлады».

    У лютым 2004 года заснавальнік і галоўны рэдактар «Вечернего Столина» зноў атрымаў па пошце папярэджанне і загад аб прыпыненні выдання на тры месяцы. Абодва дакументы былі падпісаныя міністрам інфармацыі Уладзімірам Русакевічам. На думку міністра, газета груба парушала дзейнае заканадаўства: у прыватнасці, артыкулы 30 і 11 закона «Аб друку» і некалькі пастаноў Савета міністраў.

    Рэдакцыю вінавацілі ў тым, што рэкламныя матэрыялы перавышаюць 30% аб’ёму нумароў, хоць «газета не зарэгістраваная ў якасці спецыялізаванага сродку масавай інфармацыі для паведамленняў і матэрыялаў рэкламнага характару».

    Другая прэтэнзія да газеты тычылася змены яе тэматыкі і мовы без пісьмовага апавяшчэння рэгіструючага органа. У папярэджанні вялася гаворка пра тое, што выданне змяніла тэматыку з «вытворча-практычнай і для вольнага часу на масава-палітычную», а замест рускай і беларускай моў перайшло на рускую, не спавясціўшы пра гэта Міністэрства інфармацыі ў належны тэрмін.

    У выніку выхад газеты «Вечерний Столин» больш не аднавіўся. Пасля таго Аляксандр Ігнацюк стварыў сайт «Про Столин», працаваў як журналіст-фрылансер і займаўся блогерствам — здымаў відэаролікі, якія размяшчаў на старонках сайта, а таксама ў Tik­Tok, YouTube і Insta­gram.

    Сёлета 13 лютага суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкімі» інтэрнэт-сайт stolin.bу (раней ён ужо быў заблакаваны Міністэртвам інфармацыі на тэрыторыі Беларусі), а таксама персанальную старонку рэдактара гэтага сайта Аляксандра Ігнацюка ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Праз тры дні, 16 лютага,  гэты ж суд паўторна  надаў столінскаму сайту «экстрэмісцкі» статус.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці