Блогер «Шэры кот» атрымаў ужо 60 сутак арышту
Інфармацыю, якая з вялікімі цяжкасцямі паступае з аршанскага ізалятара часовага ўтрымання, дзе знаходзіцца Дзмітрый Казлоў, удакладніў праваабаронца Павел Левінаў.
Паводле інфармацыі Паўла Левінава, пасля першага арышту на 15 сутак Дзмітрыя Казлова судзілі ў зняволенні яшчэ тройчы. Суд Оршы і Аршанскага раёна вынес тры пастановы пра арышты на 15 сутак: 9‑га, 10-га і 13-га студзеня. Усе тры — паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП Беларусі за паўторнае парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Казлова абвінавацілі ва ўдзеле ў мінскіх акцыях у абарону незалежнасці Беларусі 20 і 21 снежня 2019 года, а таксама ў закліках на мітынг у Мінску 29 снежня. На гэты мітынг, да слова, сам Дзмітрый Казлоў ужо не трапіў.
Раней было вядома, што відэаблогера асудзілі на 45 сутак, і толькі цяпер высветлілася, што агульны тэрмін чатырох арыштаў — 60 сутак.
Праваабаронца Павел Левінаў не ўпэўнены, ці будуць перапынкі паміж арыштамі:
— Праз кожныя 15 сутак яго будуць выпускаць з ІЧУ, хаця б фармальна, а далей усё залежыць ад міліцыі. Казлова могуць затрымаць адразу ж за брамай ізалятара, каб накіраваць на новы арышт, а могуць і даць нейкі перапынак. Таксама ў 15-ты дзень могуць завезці ў суд, які агучыць рашэнне пакараць чарговым арыштам. Так адбылося 9 студзеня, калі сябры чакалі Шэрага Ката, а ён так і не выйшаў.
Блогер Дзмітрый Казлоў, вядомы пад нікам Шэры Кот, вёў прамыя трансляцыі з мінскіх акцый у абарону суверэнітэту Беларусі 7, 8, 20 і 21 снежня мінулага года. Павел Левінаў дадае, што на Казлова склалі два пратаколы і за заклікі на акцыі. Па звестках праваабаронцы, судоў па іх яшчэ не было.
Падтрымаць Дзмітрыя Казлова за кратамі можна паштоўкамі і лістамі, дасылайце іх на адрас:
211391, Беларусь, Віцебская вобласць, г. Орша, вул. Энгельса, дом 25, ізалятар часовага ўтрымання, Казлову Дзмітрыю Алегавічу.