• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Цікавіліся, ці праўда ў Беларусі можна за каментарый трапіць у турму». Блогер Пятрухін расказвае ў TikTok палякам пра беларусаў

    Брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін вядомы тым, што асвятляў праблемы роднага рэгіёну праз YouTube-канал «Народный репортёр». Напачатку 2024 года, пасля адбыцця турэмнага тэрміну, ён з’ехаў з Беларусі ў Польшчу. Зараз мужчына спрабуе праз Tik­Tok расказваць палякам пра беларусаў па-польску, а таксама дагрукацца да «ябацек», уступаючы з імі ў дыскусіі падчас жывых эфіраў.

    беларускі блогер Пятрухін у Польшчы

    Сяргей Пятрухін. Скрыншоты з відэа

    MOST запытаўся ў Сяргея пра творчыя планы, меркаванні палякаў пра Беларусь, рэакцыю прыхільнікаў Лукашэнкі на яго довады і пра тое, чым бы ён хацеў займацца ў дэмакратычнай Беларусі.

    Турма, чаканне і эвакуацыя

    Сяргея Пятрухіна разам з паплечнікам Аляксандрам Кабанавым затрымалі ў чэрвені 2020 года. Мужчын абвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, а таксама ў знявазе прадстаўнікоў улады. Абодва «народныя рэпарцёры» выйшлі на волю ў снежні 2022 года: Аляксандр адразу з’ехаў з Беларусі, Сяргей жа вырашыў заставацца ў краіне.

    — Я сядзеў-сядзеў, амаль год так прасядзеў, — тлумачыць блогер. — Думаў быць у краіне, бо, ну можа, нешта пачнецца, былі такія думкі, што мы зможам неяк дапамагаць з сярэдзіны. Спачатку я сачыў, усё чакаў гэты контрнаступ, спадзяваўся, што ён нешта вырашыць. А потым усё сышло, і я проста засяродзіўся на вывучэнні замежных моў і ўвогуле не глядзеў навіны.

    Пакінуць краіну мужчына вырашыў пасля таго, як яго выклікалі ў міліцыю. Ён прызнаецца, што вельмі спалохаўся. Эвакуацыя праходзіла пры дапамозе BYSOL: пра яе паспяховае завяршэнне сузаснавальнік фонду Андрэй Стрыжак паведаміў 13 лютага 2024 года.

    Зараз Сяргей жыве ў Польшчы, але канкрэтны горад не называе з меркаванняў бяспекі. Фінансавую «падушку» на першы час яму сабралі беларусы. У новай краіне мужчына працягвае займацца блогерствам — для беларускай, а таксам для польскай аўдыторыі.

    @siarheipiatrukhin #pol­s­ka #poland #беларусь ♬ оригинальный звук — Wujek Piotrek

    «Каб палякі бачылі, што беларусы — гэта адэкватны народ, гэта не Лукашэнка»

    Сяргей адзначае, што для палякаў кантэнт рабіць складана. Цяжка зразумець, што ім «зойдзе» пра Беларусь. Але тое, што яны цікавяцца нашай краінай — гэта дакладна. Блогер дадае, што шмат палякаў ніколі не былі за ўсходняй мяжой, і ў некаторых з іх прысутнічае скажонае ўяўленне пра Беларусь: «Напрыклад, некаторыя ў мяне цікавіліся, ці гэта праўда, што ў Беларусі можна за каментарый трапіць у турму, і прыходзілася ім гаварыць, што гэта так».

    Па словах Сяргея, бывае, што тэмы яму падказвае прапагандысцкае Radio Białoruś — гэта структурнае падраздзяленне Белтэлерадыёкампаніі, якое вяшчае на замежжа, якое расказвае палякам, як добра жыць у Беларусі.

    —Я вырашыў зрабіць першае відэа па іх сюжэце пра бензін, — кажа блогер. — Яны там паказваюць, што ў Беларусі бензін каштуе 2,8 злотага, а ў Польшчы 6,5. Але тут жа галоўнае — колькі хто можа купіць бензіну за мінімальны заробак. Дык вось паляк можа купіць у два разы больш 95-га бензіну. І гэта відэа зайшло палякам.

    Пра цікавасць да Беларусі сведчыць і тое, што Сяргея запрашаюць на польскія жывыя эфіры ў Tik­Tok, дзе палякі абмяркоўваюць праблемы сваёй краіны. Напрыклад, на адным такім прысутнічаў прыхільнік Лукашэнкі з Гродна, які даказваў, як зараз добра жыць у Беларусі.

    — Я з гэтым хлопцам у эфіры не тое каб біўся, але загнаў яго ў кут, было прышпільна, — успамінае блогер.

    Сяргей лічыць, што гэта важна — расказваць палякам праўду пра Беларусь і наладжваць з імі добрыя адносіны, каб да нас было нармальнае стаўленне. Менавіта такая мэта, запэўнівае ён.

    — Палякі ўвесь гэты час задаюць мне пытанні, а я адказваю, — тлумачыць блогер. — І я гэта раблю, каб яны ставіліся да беларусаў як да нармальных людзей, каб яны бачылі, што беларусы — гэта адэкватны народ, гэта не Лукашэнка. Бо мы такімі і ёсць — адэкватным еўрапейскім народам.

    @siarheipiatrukhin #pol­s­ka #poland #białoruś #беларусь ♬ оригинальный звук — Wujek Piotrek

    «Было б добра стварыць такую пляцоўку, дзе б проста размаўлялі з беларусамі, пераконвалі іх»

    Гаворачы пра рэакцыю на свой кантэнт, Сяргей адзначае, што нярэдка ў каментарыі прыходзяць «ябацькі» і «ватнікі», асабліва калі відэа становіцца папулярным. На яго думку, такія людзі звычайна адразу пераходзяць на асобы, не прыводзячы ніякіх канструктыўных тэзісаў.

    — Але мяне такім не возьмеш, я проста выдаляю іх — і ўсё, — смяецца блогер.

    Аднак адначасова мужчына падкрэслівае: хоць і рэдка, але бывае, што трапляюцца адэкватныя апаненты, з якімі можна весці дыялог і прыводзіць довады. Больш за тое, Сяргей упэўнены, што з прыхільнікамі Лукашэнкі трэба размаўляць і пераконваць іх.

    — Зараз я выходжу да «ябацек» у іх жывыя эфіры ў Tik­Tok, — прыводзіць прыклад блогер. — Я сябе вельмі стрымана паводжу, і яны мяне пускаюць. І ў такіх лайвах гледачы могуць пакінуць «алмазы» — гэта кшталту лайкаў — таму, чыю думку падзяляюць і падтрымліваюць. І бывае такое, што палова аўдыторыі кідае гэтыя «алмазы» менавіта мне.

    Звычайна такія дыскусіі заканчваюцца тым, што вядучы «выкідвае» Сяргея з эфіру пасля яго довадаў. «Але апошнім разам я сам сышоў — там усе проста замаўчалі пасля маіх слоў, і не ведалі што адказаць», — кажа ён.

    Блогер лічыць, што такія візіты ў пралукашэнкаўскія жывыя эфіры — гэта добрая трэніроўка. Гэта дапамагае стрымліваць сябе, вытрымліваць адначасовыя атакі некалькіх апанентаў, бо ў спікераў на такіх «лайвах» адна мэта — «парваць» саперніка.

    — Я думаю, што было б добра стварыць такую пляцоўку ці шмат пляцовак, дзе б сядзелі людзі, як я, і проста б размаўлялі з беларусамі, пераконвалі іх. Бо любы больш ці менш разважны чалавек, калі бачыць спікера, які ветліва размаўляе, а яго проста мочаць, будзе рабіць высновы, — мяркуе блогер.

    @siarheipiatrukhin #pol­s­ka🇵🇱 #беларусь #poland @Aндрей Belarus Lithua­nia #VNVideoEd­i­tor ♬ оригинальный звук — Wujek Piotrek

    Планы пасля вяртання ў Беларусь

    Па словах Сяргея, зараз ён цэлымі днямі «робіць відосы, тыктокі». Але блогер прызнаецца, што яму больш падабаецца працаваць з вялікімі фарматамі — здымаць кіно. Напрыклад, нядаўна ён выклаў на Patre­on фільм «Лукашэнка. Генацыд беларусаў» пра рэзкае зніжэнне нараджальнасці ў Беларусі. Плануюцца і іншыя відэа, у тым ліку пра беларускую мову.

    Нягледзячы на тое, што шмат часу прысвячаецца польскай аўдыторыі, мужчына падкрэслівае, што прыярытэт для яго — беларусы. Менавіта ў Беларусі ён мог рабіць нешта карыснае і важнае для народа.

    — Так, мяне каралі за гэта, але там быў зусім іншы адрэналін. Я разумею, што тое жыццё ў мінулым, і трэба прыстасоўвацца да новага. Але тут гэта цяжка рабіць: тэм няма. Пра што беларускі блогер тут можа гаварыць? Хадзіць па «Бедронках» і паказваць, які круты тут сыр можна купіць? Мне гэта нецікава.

    Сяргей верыць, што ў хуткім часе Беларусь стане дэмакратычнай і ён зможа займацца блогерскай дзейнасцю на радзіме. Адзін з варыянтаў, які мужчына разглядае, — шукаць тых, хто пры Лукашэнку рабіў злачынствы і «выцягваць іх на белы свет».

    — Я можа крыху па-дзіцячы гэта ўсё бачу, але ёсць вопыт, напрыклад Польшчы ці ГДР, — тлумачыць мужчына. — Там дробных служак асабліва «не гасілі». Іх проста не прымалі на працу: адмаўлялі па розных прычынах на законнай падставе. І вось я хачу, каб і нашыя гэта прадчувалі, бо яны ж вельмі шмат гора прынеслі нашым сем’ям, яны ж і зараз не даюць людзям зарабляць па палітычных прычынах. Таму я лічу, што, калі яны застануцца непакараныя, — гэта будзе вельмі дрэнна і няправільна. Справядлівасць павінна панаваць.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці