Блогер і журналіст Лявон Карповіч прэзентаваў гродзенцам новую кнігу
Кніга блогера і журналіста Лявона Карповіча мае назву “Беларуская паштовая марка: ад вытокаў да эміграцыі і Незалежнасці”. Яе прэзентацыя адбылася ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Гродне.
— Мне не ўдалося знайсці кніжку пра беларускія маркі, ды яшчэ на беларускай мове. Калі такая існуе, я буду шчаслівы. Многа ёсць публікацый па асобных тэмах: і расійскія даследчыкі пра гэта пішуць, і беларускія, і польскія. А вось каб нешта сабранае разам было, — распавядае аўтар пра стварэнне кнігі. — Я спецыяльна на сустрэчу прывёз з сабою польскія часопісы “Філатэліст”, “Святы Габрыэль”, каталог іх прывёз. Яны штомесяц выпускаюць часопіс. А ў нас усё ў дзіўным стане. І таму я вырашыў ўсё сабранае надрукаваць. Як цяпер модна, у Facebook ёсць штуршкі — можа і гэта будзе штуршком для кагосьці, нехта паглядзіць і падумае: «Я зраблю лепш, больш прафесійна».
— Якая марка, на вашу думку, была першай беларускай?
— Я пішу, што першай беларускай маркай была марка з выяваю Скарыны. Абапіраюся на сведчанні беларусаў эміграцыі. Я браў цытаты з газеты “Беларус”, каб гэта пацвердзіць. Эмігранты пішуць, што гэта былі першыя, выдадзеныя ў 1918 годзе тры маркі: «Скарына», «Пагоня» і «Араты». Маркі «Асобны Атрад», якія некаторыя даследчыкі лічаць першымі, выдадзеныя пазней, у 1920‑м годзе.
— Падчас першай сусветнай вайны ў розных гарадах Беларусі выдаваліся паштовыя маркі. Што вы думаеце наконт гэтых марак?
— Яны маюць поўнае права ўвайсці ў каталог беларускіх марак. Я нават планаваў іх уключыць у сваю кнігу, але іх вельмі многа, гэта вялікі аб’ём працы. Проста перадрукаваць каталог замежнага даследчыка Пайка, які пісаў пра гэтыя маркі, не мае сэнсу.
На cустрэчу з Лявонам Карповічам завіталі калекцыянеры, журналісты, а таксама гродзенцы, якіх цікавіць беларуская гісторыя. Наступная прэзентацыя гэтага выдання адбудзецца ў Гродне праз месяц.