Блогер Эдуард Пальчыс пакараны чарговымі 15‑ю суткамі арышту
У Мінску 19 чэрвеня праходзіць каля 20 судоў па адміністрацыйных справах па артыкуле 23.34 КаАП — за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. А фактычна судзяць тых, хто прыходзіў на пікеты падчас нядзельных збораў подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты каля Камароўскага рынку, паведамляе сайт Spring96.org.
У Судзе Кастрычніцкага раёна Мінска была разгледжана адміністрацыйная справа па арт. 23.34 КаАП блогера Эдуарда Пальчыса.
Разглядала справу суддзя Алена Жывіца. Блогер на пасяджэнне не прыйшоў, справа была разгледжана без яго. У пратаколе значыцца, што сёмага чэрвеня Эдуард Пальчыс падчас пікетаў на Камароўцы выкрыкваў лозунгі «Сыходзь!», «Жыве Беларусь!», «Верам, можам, пераможам!». Сведка — кіроўца АМАПу Сінтавец сказаў, што бачыў Пальчыса 7 чэрвеня каля Камароўкі, ён нібыта размаўляў з людзьмі і выкрыкваў лозунгі. Іншы сведка — Юрый Багамаз, амапавец.
Паказанні сведкаў адносна лозунгаў не супалі з тым, што напісана ў пратаколе.
Вердыкт — 15 сутак арышту.
Эдуард Пальчыс кажа, што хадзіў на пікеты з мэтаю рабіць стрымы, кантэнт для Telegram-канала. Лозунгі не крычаў, сцягоў у рукі не браў.
Нагадаем, Эдуард Пальчыс 15 чэрвеня ўжо быў асуджаны на 15 сутак за ўдзел у пікетах патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. Фармулёўкі абвінавачвання былі падобныя — выкрыкваў лозунгі. Эдуард падкрэслівае, што не збіраў подпісы і не быў удзельнікам масавых мерапрыемстваў. Ён рабіў фота- і відэаздымкі.
Такім чынам агулам блогер Эдуард Пальчыс мусіць адбыць 30 сутак адміністрацыйнага арышту.