Блогер Андрэй Павук праз суд дамагаецца атрымаць у міліцыі копіі матэрыялаў праверкі сваіх заяў
Суд Акцябрскага раёна не задаволіў скаргу мясцовага блогера, сябра ГА “БАЖ” Андрэя Павука на рашэнні і дзеянні супрацоўнікаў мясцовага райаддзела міліцыі. Такую пастанову вынес 2 сакавіка суддзя Уладзімір Васілеўскі, разгледзеўшы скаргу блогера.
У райаддзеле міліцыі Павуку не дазволілі зрабіць копіі з матэрыялаў праверак па раней пададзеных ім заявах. Блогер на пачатку аспрэчыў дзеянні супрацоўнікаў Акцябрскага РАУС ва ўпраўленне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама, але адтуль прыйшоў адказ, што яго канстытуцыйнае права на атрыманне інфармацыі не парушанае. Толькі пасля гэтага Павук звярнуўся ў суд са скаргай.
Райаддзел міліцыі ў судзе прадстаўляў начальнік штаба, маёр Канстанцін Мішура. Ён таксама заяўляў, што права Андрэя Павука на атрыманне інфармацыі пра дзейнасць міліцыі ў звязку з яго заявамі не парушанае — матэрыялы для знаёмства і выпісак яму прадастаўляліся. Што тычыцца атрымання копій, то, паводле інструкцыі МУС, гэтае пытанне вырашае службовая асоба. У Акцябрскім РАУС — яго начальнік Руслан Задарожны.
Як паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Павук, у суд ён звяртаўся дзеля таго, каб адмова міліцыі на атрыманне копій матэрыялаў, датычных яго асабіста, была прызнаная незаконнай.
“Мяне назвычай цікавіў рапарт участковага інспектара Аляксандра Найшулера на імя начальніка, у якім ён дакладаў: “Павук Андрэй нідзе не працуе, раней неаднаразова трапляў у поле зроку праваахоўных органаў у сувязі са сваёй апазіцыйнай дзейнасцю”. Па сутнасці, гэта сцвярджэнне таго, што міліцыя вядзе палітычны вышук і нагляд за іншадумцамі, і за мной як за блогерам у прыватнасці. Я гэтае сцвярджэнне выпісаў, калі знаёміўся з матэрыяламі праверкі маіх заяў. Але для суда маёй выпіскі мала — патрэбна копія”, — дадае Павук.
Паводле блогера, у судзе прастаўнік РАУС Мішура наогул адмаўляў наяўнасць рапарта такога зместу.
Блогер Андрэй Павук стаў вядомым на Гомельшчыне праз стварэнне ў сацыяльнай сетцы суполкі “Рудабельская паказуха” і свайго відэаканала на YouTube. Зараз ён выпускае яшчэ і папяровы варыянт “Рудабельскай паказухі”, у якой асвятляе самыя разнастайныя бакі жыцця раёна, мясцовых чыноўнікаў, той жа міліцыі. Гэта не ўсім падабаецца.
На адрас блогера ў Viber перыядычна паступалі абразы і пагрозы то нібыта з філіпінскага тэлефоннага нумара, то з тэлефоннага нумара, зарэгістраванага ў Кеніі. Раней невядомыя зламыснікі праз электронныя паведамленні вінавацілі блогера Павука ў мініраванні будынкаў Акцябрскага райвыканкама і Мазырскага раённага суда і нават у забойстве жонкі.
Андрэй Павук падаваў заявы ў РАУС з просьбай знайсці тых, хто яму пагражае і ўчыняе ад яго імя ілжывыя правакацыі. Аднак ніводнага зламысніка міліцыя пакуль не знайшла.
Падчас знаёмства з матэрыяламі праверак Павук і натыкнуўся на рапарт участковага Найшулера пра “апазіцыйную дзейнасць”, копію якога і намагаўся здабыць праз суд. Але не атрымалася.
Блогер ужо напісаў новую заяву на імя начальніка Акцябрскага РАУС з наўпроставай просьбай: дазволіць зрабіць фотакопіі матэрыялаў праверак ягоных заяў аб пагрозах.