“Без памылак працаваць немагчыма…”
Прадстаўнікі СМІ каментуюць сітуацыю з перадрукам паведамленняў з сацыяльных сетак.
У журналісцкім асяроддзі разгарэлася чарговая дыскусія адносна перадруку беларускімі выданнямі канктэнту з сацыяльных сетак. Штуршком да яе стаў допіс мінчанкі Настассі Захарэўскай, якая звярнула ўвагу на тое, што сайт “Нашай Нівы” без дазволу перадрукаваў яе кранальны аповед у межах флэшмобу #ЯнеБаюсяСказаць, накіраваны супраць гвалту над жанчынамі. Трэба сказаць, што падобным чынам дзейнічалі і некаторыя іншыя выданні ─ напрыклад, “Радыё Свабода”.
Па словах юрыстаў, пры выкарыстанні паведамленняў з сацыяльных сетак СМІ варта звярнуць увагу на тры важныя моманты.
“Першае ─ гэта захаванне аўтарскіх правоў, ─ гаворыць юрыст у галіне СМІ, старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец. ─ Арт.33 закона “Аб аўтарскіх і сумежных правах” дапускае свабоднае выкарыстанне твораў у СМІ ў пэўных выпадках. Але заўсёды трэба звяртаць увагу на тое, ці не забараніў аўтар выкарыстанне свайго кантэнту. Калі аўтар калісьці ў сваім блогу забараніў гэта, то перадрукоўваць кантэнт можна толькі і выключна пасля дамовы з ім. Прасцей за ўсё звязацца з аўтарам допісу персанальна, каб даведацца, ці не супраць ён. Тут можна прыгадаць выпадак з Антонам Матолькам.
Другое ─ абавязак СМІ захоўваць права на прыватнасць чалавека. Таму заўсёды неабходна звяртаць увагу на кола карыстальнікаў, якому дазволена прачытанне таго ці іншага паведамлення. І нават калі той ці іншы журналіст уваходзіць у кола “для сяброў” , гэта не значыць, што СМІ можа без дазволу чалавека перадрукоўваць паведамленне.
Ну і трэцяе ─ праверка фактаў і моманты, звязаныя з магчымым парушэннем правоў трэціх асобаў. Гаворка ідзе пра магчымы паклёп альбо абразу, за што пры перадрукоўцы такога паведамлення адказнасць панясе і СМІ таксама”, ─ падкрэслівае Андрэй Бастунец.
Правяраць усе факты, у тым ліку здабытыя ў сацыяльных сетках, любая рэдакцыя проста абавязаная паводле закона “Аб СМІ”. Аднак, як высветлілася, журналісты гэта не заўсёды робяць.
Дастаткова прыгадаць толькі выпадак з абаронай кандыдацкай дысертацыі вядомага беларускамоўнага лекара Андрэя Вітушкі. Тады адразу некалькі беларускіх СМІ ўзялі інфармацыю са старонкі жонкі лекара ў Facebook, не ўдакладніўшы і сказіўшы многія важныя моманты, якія можна было верыфікаваць кароткім тэлефанаваннем з рэдакцыі.
Як рэдакцыі правяраюць інфармацыю?
Вэб-рэдактары і “Нашай Нівы”, і “Радыё Свабода”, якім больш за ўсіх перапала ў нядзельнай дыскусіі, гавораць, што заўсёды імкнуцца да фактчэкінгу, але без памылак працаваць не ўдаецца.
─ Пры перадруку інфармацыі з сацыяльных сетак мы стараемся запытваць дазвол у асоб, паведамленне якіх перадрукоўваем, ─ гаворыць вэб-рэдактар “Нашай Нівы” Алег Гардзіенка. ─ Калі публікуюцца нейкія звесткі, мы стараемся ператэлефанаваць чалавеку, удакладніць інфармацыю. З іншага боку ─ калі чалавек агучвае нешта ў Facebook, то павінен быць гатовы да таго, што гэтыя звесткі могуць быць апублічаныя.
─ Што тычыцца праверкі інфармацыі, то яшчэ раз кажу, мы стараемся затэлефанаваць чалавеку і спраўдзіць. Але час ад часу машына дае збой. Гэта адбываецца з‑за вялікай колькасці інфармацыі пры абмежаванасці людскіх рэсурсаў. Але мы адкрытыя да крытыкі. Калі нешта адбылося не так ─ званіце, пішыце, мы заўсёды ўлічым. Усе могуць памыляцца, бо любы чалавек па прыродзе не ідэальны. Не думаю, што такія выпадкі наносяць страты даверу да выдання. Мы ў такім коле працуем ужо некалькі гадоў, улічваем усю крытыку, усё бярэм да ведама. Не памыляецца той, хто не працуе, ─ дадае А. Гардзіенка.
─ На сённяшні дзень сацыяльныя сеткі перасталі быць прыватнымі, а з’яўляюцца крыніцай інфармацыі, ─ працягвае Валер Каліноўскі, вэб-рэдактар “Радыё Свабода”. ─ Калі нешта пішуць палітыкі, афіцыйныя асобы з правераных акаўнтаў, такую інфармацыю можна нават не правяраць перад публікацыяй. Да прыкладу, Уладзімір Някляеў піша, што сёння будзе адзначаць свой дзень нараджэння ў скверы Янкі Купалы. Мы ведаем, што ён збіраўся гэта рабіць, што гэта яго старонка, таму можам не нават не правяраць.
─ Але ў цэлым правіла праверкі інфармацыі, правіла дзвюх крыніц у нас захоўваецца. Калі мы атрымліваем інфармацыю з сацыяльных сетак, то заўсёды імкнёмся правяраць яе і шукаць нейкі другі бок. Бываюць, канешне, у нас і памылкі. У любога чалавека, які інтэнсіўна працуе з сацыяльнымі сеткамі, памылкі магчымыя і здараюцца. Я думаю, што гэта натуральная з’ява. Самае галоўнае ─ прызнаваць іх і ўмець выбачыцца, ─ канстатуе В. Каліноўскі.
Разам з тым, цяжка спрачацца, што карэктнасць і дакладнасць з’яўляюцца бадай самымі галоўнымі якасцямі журналістыкі ў эпоху лічбавых тэхналогій. Калі СМІ падае неправераную інфармацыю, не правярае факты, давер да такіх выданняў імгненна ляціць уніз. Прыклады гэтаму мы неаднаразова бачылі як у айчынных, так і замежных СМІ.
Фота elitefon.ru
Анлайн-канферэнцыя з Сашай Раманавай. Пятніца, 13.00. Дасылайце пытанні!