БелТА дала расказ уцекачоў з Марыупаля, як горад бамбілі, не згадаўшы, хто бамбіў
БелТА напісала пра тое, як праз Брэст у Еўропу дабіраюцца ўцекачы з Марыупаля, першапачаткова вывезеныя ў Расію. Разказваецца, як ім дапамагаюць мясцовыя валанцёры і перадаюцца расказы бежанцаў, як яны жылі пад абстрэламі.
«Раніцай 24 лютага мы пачулі першыя выбухі. Дома я была з двума дзецьмі. Іх паклала ў прылазніку, накрыла коўдрамі і стала чакаць брата. Калі ён прыехаў за намі, на зборы даў 10 хвілін. Мы бралі першыя, якія трапілі пад руку, рэчы, дакументы. Выехалі ў раён у цэнтры Марыупаля. Думалі, там будзе надзейней. Пражылі ў адным доме некалькі дзён, а потым туды прыляцеў снарад. На вачах разбамбілі суседні дзевяціпавярховік, і мы паехалі ў іншы раён. Там таксама разбамбіла дом, мы і адтуль выехалі», — успамінае жанчына з Марыупаля.
Пры гэтым цікава, што журналісты БелТА, пішучы рэпартаж, умудрыліся абыйсці пытанне, чые ж снарады ляцелі на Марыупаль. У тэксце пра гэта нідзе не згадваецца.