«Белсат» запускае праграму для польскай аўдыторыі пра падзеі ў Беларусі, Расіі і Украіне
Рэдакцыя «Белсата» рыхтуе новую праграму «Akcent Wschodni», прысвечаную ўсходнім суседзям Польшчы. Прэм’ера адбудзецца ў суботу, 6 ліпеня, на тэлеканале TVP Info.
У праграме будуць асвятляцца найважнейшыя падзеі, якія адбываюцца ва ўсходніх ад Польшчы краінах — Расіі, Украіне і Беларусі. Таксама будзе інфармацыя пра постсавецкія краіны, такія як Малдова, Арменія і Грузія, паведамляе «Белсат».
«Я рады, што праграму пра Усход на «TVP Info» будзе рыхтаваць «Белсат», які ўваходзіць у TVP. У Польшчы няма іншага тэлебачання, якое аб’ядноўвала б такую колькасць экспертаў з Беларусі, Украіны, Расеі ці Казахстану, а таксама палякаў, якія займаюцца ўсходнімі пытаннямі», — кажа выканальнік абавязкаў дырэктара тэлеканала «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі.
Кіраўнік «Белсата» патлумачыў, што рэдакцыя паспрабуе запоўніць прабел у інфармаванні польскай аудыторыі:
«Мы думаем, палякам важна быць добра інфармаванымі пра тое, што адбываецца за ўсходняй мяжой, асабліва ў эпоху ўзмацнення інфармацыйнай вайны з боку Крамля і Менску, якія распаўсюджваюць дэзынфармацыю і фэйкавыя навіны».
Галоўным вядоўцам праграмы будзе Міхал Кацэвіч з польскай рэдакцыі «Белсата». Гэта журналіст, які цягам гадоў займаецца тэмамі Усходняй Еўропы і Расеі. Раней працаваў у рэдакцыі «Newsweek», аўтар біяграфіяў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
Яго сувядоўцы — Маша Макарава, Ігар Кулей і Сяргей Пеляса, рэдактары, якія штодзённа вядуць інфармацыйна-публіцыстычныя праграмы па-беларуску і па-расійску на «Белсаце».