• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Міліцыя, святары і Расія. Як выглядае беларускае рэгіянальнае тэлебачанне (на прыкладзе Гродна)

    Міліцыянт у эфіры расказвае, як атрымаў кампенсацыю ад п’янай жанчыны і аддаў яе хворым дзецям. А святар прапануе не пытацца ў дзяржавы, што яна можа даць людзям. Беларуская асацыяцыя журналістаў вырашыла даследаваць беларускае рэгіянальнае тэлебачанне. Вось што мы знайшлі ў тэлерадыёкампаніі «Гродна».

    Кадр из передачи «Надежда на село» телерадиокомпания Гродно

    Кадр з перадачы «Надежда на село»

    Уласны канал тэлерадыёкампаніі «Гродна» з’явіўся ў 2015 годзе. Ён вяшчае 16 гадзін на суткі. Палову эфіру, як правіла, займаюць серыялы і дакументальнае кіно. Астатнія перадачы паўтараюцца тры разы на дзень. Таксама ёсць радыёэфір станцыі «Радыё Гродна».

    Што паказваюць?

    На канале ёсць наступныя перадачы: «Бодрое утро», «Окна города», «Надежда на село» , «Сезон уДачи», «Просто о здоровье», «Есть толк!», «Пульс» и «Свежим взглядом».

    Госці «Бодрого утра» — людзі культуры, спартсмены, міліцыянеры, МНСнікі, в.а. Генеральнага консула Расійскай Федэрацыі ў Гродне. Напрыклад, у эфіры «праславілі» міліцыянера Максіма Лукашыка. Ён распавёў, як яму аказала супраціў п’яная гарадзенка на выкліку. Яе асудзілі, а мужчына атрымаў матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды —2000 рублёў, іх ён адправіў у дабрачынны фонд, які дапамагае дзецям з інваліднасцю. «Плюсік у карму?» – усміхнулася вядучая.

    Максим Лукашик эфир телерадиокомпания Гродно

    Максім Лукашык у эфіры тэлерадыёкампаніі «Гродна»

    Таксама ёсць парады ад урачоў, гараскоп і песні. Ці ж можна паслухаць развагі ўладыкі Антонія — арцыбіскупа Гродзенскага і Ваўкавыскага. Ім у свой час замянілі ліберальнага ўладара Арцемія. Вядучыя «Бодрого утра» спыталі ў яго, што можа зрабіць сучасны хрысціянін для краіны, у якой ён жыве. Адказ быў, па сутнасці, прадказальны:

    — Не пытайся ў сябе, што табе можа даць дзяржава. Спытай, што ты можаш зрабіць для краіны, — адказаў ён. Рэчы, адэкватныя для нас, зараз падвяргаюцца сумневам — сям’я, пол чалавека, узаемаадносіны мужчыны і жанчыны. Дзякуй Богу, што наша дзяржава выбудоўвае сваю заканадаўчую базу, засноўваючыся на евангельскіх каштоўнасцях.

    Напярэдадні выбараў уладар Антоній таксама не супраць у эфіры дзяржаўнага тэлебачання падкрэсліць, што «кожны грамадзянін Беларусі мае пашпарт. Наяўнасць пашпарта мае на ўвазе ўдзел ва ўсіх працэсах, якія адбываюцца ў нашай дзяржаве».

    У перадачы «Окна города» расказваюць пра прадпрыемствы, сельскую гаспадарку і беларуска-рускае супрацоўніцтва. У перадачы, прысвечанай прававой асвеце насельніцтва, не абыходзіцца без трансляцыі гендэрных стэрэатыпаў. Напрыклад, вядучыя раптам сталі разважаць аб тым, ці мужчынская прафесія юрыст. Пытанне пра гэта задала жанчына вядучая Алёна Гізоўская. «Наадварот, жанчынам гэтая прафесія бліжэйшая. Жанчыны больш пунктуальныя, больш педантычныя, удумлівыя. А літара закона патрабуе стаўлення такога», лічыць Андрэй Южык, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.

    Пра духоўна-маральнае выхаванне дзяцей тут гавораць не з педагогамі, а са святарамі. Прапановы часам гучаць арыгінальныя. Напрыклад, з непажаданымі служыцелям царквы дыскатэкамі прапануюць змагацца з дапамогай баляў. «Мы крытыкуем дыскатэкі — клубы шумныя. Гаворым пра тое, што мала там добрага. Пасля такіх вечароў чалавек наўрад ці зможа маліцца ці наўрад ці ў ім прачнецца нешта добрае. Трэба даць альтэрнатыву. Для гэтага па традыцыі праводзяцца балі — два разы на год», — распавялі ў эфіры.

    Адзін з сюжэтаў прысвяцілі 100-гадоваму юбілею ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Валянціны Баранавай, якая настальгуе па Савецкім Саюзе, а краіну называе «Белоруссией».

    Передача «Окна города» Телерадиокомпания Гродно

    Святкаванне юбілія Валянціны Баранавай. Скрыншот з Беларусь 4 Гродна

    У перадачы «Надежда на село» дзяўчына з традыцыйнай хусткай і фартухом прыязджае ў аграгарадкі і расказвае пра іх, выкарыстоўваючы знарок шмат трасянкі і слоў «значыца» і «имееца».

    «Укрнацысты» і «збеглыя» 

    Галоўная прапагандысцкая перадача праграма «Свежим взглядом», якая з’явілася ў канцы 2022 года. У ёй абмяркоўваюць і каментуюць навіны ад міжнародных да рэгіянальных. Пры гэтым кажуць пра бязлітаснасць «укрнацыстаў», пра «збеглых» і санкцыі. Калі ў першых сезонах гасцямі былі студэнты і маладыя спецыялісты, то зараз за стойкамі стаяць палкоўнікі і чальцы ветэранскіх арганізацый.

    Вядучая перадачы Кацярына Старчавая, якая на тэлеканал прыйшла пасля ГрДУ імя Янкі Купалы. Цяпер яна выкладае ва ўніверсітэце, піша магістарскую і загадвае аддзелам. Перадачу «Свежим взглядом» яна называе «аналітычнай». Меркаванні гасцей студыі заўсёды строга адпавядаюць выверанай дзяржавай лініі. Напрыклад, у апошняй перадачы Аляксандр Балібрух, намеснік старшыні камісіі па патрыятычным выхаванні насельніцтва Савета ветэранаў Кастрычніцкага раёна Гродна, разважаў аб магчымасці прымянення ядзернай зброі так:

    Наконт ядзернай зброі усё правільна, таму што ядзерная зброя адзіны метад і сіла стрымлівання. Таму што вораг ён не любіць, калі моцныя дзяржавы супраць яго супрацьстаіць. Калі раней мы — нейтральны бок і мы не мелі права аднаго салдаціка паслаць на іншую дзяржаўную мяжу, то зараз мы дакладна ведаем, што калі нас нехта папросіць з краін АДКБ, мы маем права любы кантынгент — гэта…

    передача «Свежим взглядом» телерадиокомпания Гродно

    З перадачы «Свежим взглядом». Скрыншот тэлерадыёкампаніі Гродна

    Вораг стаіць каля брамы, заключылі ўдзельнікі сустрэчы. Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 40 імя У. М. Крамко Мікалай Макарэеў з вядучай раптам сталі ваеннымі экспертамі па «мясарубцы» ў Аўдзееўцы і прымусовай мабілізацыі (якой у Расіі, на іх думку, няма, а 300 000 чалавек – кропля ў моры ).

    «Ва Украіне яны ўсе… Гэта значыць, там ёсць рускія людзі. Яны не факт што будуць хацець пайсці ў Еўразвяз. Многія хочуць пайсці пад Расію. Гэта барацьба нацыі, хаця нацыя адна — украінская. Ёсць групы людзей, якія жадаюць жыць у Расеі, іншыя жадаюць жыць у Еўропе», лічыць Аляксандр Доста, лекар хуткай дапамогі Гарадзенскай абласной станцыі хуткай медыцынскай дапамогі.

    Хто кіруе на тэлебачанні?

    Кіраўнік канала Мікалай Мельячэнка трапіў у скандал. Пасля затрымання ў п’яным выглядзе напрыканцы снежня 2020 года яго звольнілі. Канал часова ўзначаліў галоўны інжынер Уладзімір Жудро.

    Не пабаюся сказаць, што гады нядобрасумленнай канкурэнцыі з боку розных інтэрнет-рэсурсаў адыгралі станоўчую ролю: мы змагаліся не за імгненныя лайкі, а за давер масавага гледача. І мы яго заваявалі. Безумоўна, градус адказнасці перад аўдыторыяй у журналіста-тэлевізіёншчыка вельмі высокі. Паколькі кожная навіна ў нашых выпусках – гэта не безаблічная канстатацыя факту, а пэўныя людзі перад аб’ектывам камеры, – распавядала «СБ. Беларусь Сегодня» загадчыца аддзела інфармацыі радыё і тэлебачання Тэлерадыёкампаніі «Гродна» Вольга Максімчык.

    Olga Maksimchik

    Вольга Максімчык. Фота: sb.by

    «А калі сур’ёзна, то ў адным з эфіраў праграмы «Окна города», якую вяду ўжо 7 гадоў, добра знаёмую мне музыказнаўцу тры разы называла Ларысай (а яна вось так Людміла!) А яшчэ я спрабавала аднавіць гістарычную справядлівасць, «упершыню» запрасіўшы валейбольную каманду, якая год таму была ў мяне ў гэтай жа студыі. Таму прытрымліваюся парады Акуджавы і як толькі пачынаю адчуваць сябе ачмуральным прафесіяналам не, не іду мыць посуд, гэта даўно робяць за мяне мае трое дзяцей а пераглядаю свае першыя эфіры. Дарэчы, нядрэнна выцвярэжвае», — напісала ў Insta­gram Ганна Руда, загадчык аддзела вытворчасці тэлевізійных праграм. Яна атрымала прэмію Аляксандра Дубко ў намінацыі «Журналист года».

    Акаўнты ў сацсетках шматлікіх супрацоўнікаў закрытыя.

    На сайце канала таксама можна знайсці фатаграфіі са святкавання юбілею канала, карпаратываў, суботніка і віншаванні жанчын са «святам вясны, прыгажосці і натхнення».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці