• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Bellingcat: Якімі пытаннямі задаюццца журналісты падчас расследаванняў, і дзе шукаюць на іх адказы

    Хрысціян Трыэберт (Christiaan Triebert) і яго калегі з Bellingcat  не давяраюць афіцыйным навінам. Яны шукаюць пацверджанні паведамленням, якія бачаць у СМІ. Cамае вялікае даследаванне, якое правёў Bellingcat, тычылася збітага пасажырскага Boeing 777 у Данецкай вобласці 17 ліпеня 2014 года.

    На канкрэтных прыкладах Хрысціян Трыэберт распавёў у Прэс клубе Беларусь беларускім журналістам пра працу Bellingcat.

    Хрысціян, згадваючы пра расследаванне збітага пасажырскага Boe­ing 777, паказаў аўдыторыі аматарскае фота гарадской плошчы (фота  і іншыя матэрыялы можна пабачыць тут).  Збоку фотаздымка бачна ваеннае абсталяванне, зенітна-ракетны комплекс “Бук” — менавіта з такой устаноўкай быў збіты самалёт —  стаіць проста на гарадской вуліцы. Фота было знойдзена ў сеціве. “Бук” трапіў у кадр выпадкова. Як высветліць на якой вуліцы якога горада стаіць гэтая ўстаноўка?

    Крамы, назвы. Калі на фота бачныя нейкія назвы — варта іх пагугліць. У дадзеным выпадку была бачная назва “СтройДом”. Проста задаўшы пошук высветлілася, што нехта, хто жыве адным паверхам вышэй за гэтую краму, падаў на яе ў суд. І вось мы маем назву горада — Тарэз, абласны горад ва ўсходняй Украіне, і дакладны адрас.

    “Якія шчаслівыя, мы журналісты ад таго, што нехта проста змясціў нязначную інфармацыю ў інтэрнэце!” — кажа Хрысціян. Цяпер можна знайсці гэтае месца на мапах і паглядзець са спадарожніка.

    Выявы на будынках. Што рабіць, калі няма выяваў GoogleStreetView з таго месца, якое вам патрэбнае? Каб атрымаць выявы гэтага месца “з зямлі” можна выкарыстаць відэа з аўтарэгістратараў. “Аўтааматары ахвотна “заліваюць” відэа са сваіх аўтарэгістратараў у інтэрнэт, і гэта таксама крыніца для расследаванняў, — кажа Хрысціян. — Уводзім адрас, горад, шукаем відэа — і вось запраўка, вуліца, плошча, дом з выявамі, які бачны на фота, — лакацыя пацверджаная. Гэта частка маршрута? якім верагодна рухалася тэхніка“/

    Час, калі было зробленае фота, як яго вызначыць? Дапаможа сэрвіс suncalc.net — які вызначае дакладны час па ценях на фотаздымку.

    Маршрут аб’екта. Ведаем месца і час — гэта некалькі дзён да трагедыі. Шукаем іншыя відэа з рэгістратараў з гэтага рэгіёна. На адным з іх трапляецца “Бук”, які перасоўваецца ў атачэнні абслугоўваючай тэхнікі. Бачныя нумары машынаў, якія яго суправаджаюць. Па нумарам можна вызначыць рэгіён. Журналісты шукаюць ваенныя часткі, якія там знаходзяцца. Па нумару частак працягваецца пошук профіляў асобаў: ідзем у “ВКонтакте”.

    “Мы знаходзім групу брыгады, якую стварылі салдаты, якія, напэўна, суправаджалі ЗРК “Бук”. Нехта змясціў табель брыгады, — вось вам і спіс усіх салдатаў. Уводзім гэтыя імёны, бачым іх фотаздымкі”, — распавядае Хрысціян.

    Пошук па профілях у сацыяльных сетках. Што шукаем? Салдаты змяшчаюць не толькі свае фотаздымкі, але таксама і фотаздымкі тэхнікі, месцы яе лакацыі, свае фота на фоне назваў гарадоў і населеных пунктаў. “Бук”, за якім сачылі журналісты, на адным фота быў буйным планам. Маршрут высветліць аказалася не вельмі складана, бо расійскія салдаты ахвотна фатаграфаваліся на фоне назваў гарадоў, у якія заходзілі. 

    “Знайдзі 5 адрозненняў на фотаздымках”. Дзіцячая гульня, у якую Хрысціян раіць “гуляць” журналістам, якія займаюцца  раследаваннямі. Параўнальны аналіз фота аднаго і таго ж месца, знятых у розны час, можа даць вельмі шмат інфармацыі. Таксама фота тэхнікі. Каб высветліць, расійскі гэта ці украінскі “Бук”, каманда Belling­cat дэтальна прагледзела асаблівасці тэхнікі: адтуліна над коламі, пляма, трэшчына… Затым параўналі гэта з тэхнікай з базы укранскіх і расійскіх адзінак тэхнікі. Знайшліся супадзенні. Прыклады  прымянення гэтага метада для расследавання глядзіце тут.

    Журналісты ідэнтыфікавалі, хто камандаваў гэтай брыгадай, хто ў яе ўваходзіў, хто абслугоўваў “Бук”, а таксама маршрут тэхнікі з Расіі, кропкі геалакацыйнай пазіцыі, і сляды зваротнага маршрута.

    “Гэта не значыць што мы можам сцвярджаць, што адзін з іх націснуў на кнопку. Мы не ведаем, хто прыняў рашэнне. Але гэта факты, гэта складанае ваеннае абсталяванне, для працы з якім трэба добра практыкавацца,” — кажа Хрысціян Трыэберт.

    Вынікі расследавання глядзіце тут  і тут.

     

    Пошук па фотаздымках

    Расійскае Міністэрства абароны ў сваім афіцыйным акаўнце ў Twit­ter прадставіла “неабвяргальныя доказы” таго, што адна з краінаў падтрымлівае Ісламскую Дзяржаву. Доказ — фотаздымкі “са спадарожніка” канвою, на якіх бачна, як рухаюцца машыны, ёсць нейкія надпісы. Журналісты зрабілі пошук па здымку. “Высветлілася, што фота ў афіцыйным акаўнце Міністэрства абароны РФ — гэта скрыншот з відэагульні! Гэта неверагодна. Яны нават не пастараліся зрабіць так, каб ім паверылі. Нават літары і надпісы з гульні засталіся на фота. Іх не абрэзалі”, —  кажа Хрысціян.  

    Расследванне тут.

     

    “Я напісаў у Пентагон!”

    Адзін з выпадкаў, які даследавалі журналісты, прывёў да ўнутранага разбіральніцтва ў Пентагоне і публічнага прызнання ў непраўдзівай інфармацыі з боку арміі ЗША. Расследаванне глядзіце тут.

    Як гэта было. СМІ падалі інфармацыю пад загалоўкам “42 чалавекі загінулі пасля ўдара расійскай авіяцыі па мячэту ў Алепа”.  У Belling­cat не паверылі і вырашылі  спраўдзіць. Якія пытанні задалі сабе журналісты?

    Ці быў налет?
    Ці быў ён з боку Расіі?
    Ці бомба трапіла ў мячэт?
    І ці сапраўды загінулі 42 чалавекі?

    Прааналізаваўшы паведамленні па тэме ў Twit­ter, журналісты знайшлі выявы рэшткаў бомбы, з надпісамі лацінскім шрыфтам “WT 52”.

    “Гуглім WT 52 — знаходзім ракеты з вельмі падобнымі надпісамі на ўзбраенні арміі ЗША. Капаем далей і бачым афіцыйнае паведамленне з ЗША, у якім гаворыцца, што ў гэты ж дзень быў нанесены ўдар прыкладна ў тым  жа раёне, у выніку якога загінулі некалькі тэрарыстаў. І фота. Амерыканцы казалі што налет быў у правінцыі Ідліб , але фота былі з Алепа. Я напісаў ліст у Пентагон.  Яны адказалі “мы не бамбілі мячэт. Гэта не мячэт”.

    Журналісты працягнулі расследаванніе:

    • Высветлілі дакладную лакацыю ўдара.
    • Зрабілі рэканструкцыю зруйнаванага будынка і параўналі яе са здымкамі са спадарожніка.
    • Вывучылі відэа, на якім было бачна, адкуль дастаюць жывых людзей, а адкуль памерлых (так лепш зразумелаў якой часцы будынка людзей было больш). Параўналі з відэа гэтай мясцовасці да ўдара.

    “Да гэтай працы мы далучылі Human Rights Watch і архітэктурнае бюро, якое зрабіла 3D рэканструкцыю будынка. Усе тры арганізацыі прыйшлі да высновы, што зруйнаваны будынак — гэта вялікі функцыянальны мячэт. Журналісты апублікавалі дадзеныя. ЗША адрэагавалі. «Яны сказалі: “Так  гэта добрае даследаванне, але ў нас ёсць ЦРУ.  І ў нас няма ніякіх прычын думаць, што гэта быў мячэт”, — кажа Хрыціян. — Тым не менш, унутранае раследаванне было ініцыяванае. Праз некалькі месяцаў адбылася прэс-канферэнцыя. Вайскоўцы пагадзіліся, што разбамбілі мячэт”.

    Расследванне смерці Паўла Шарамета

    Як вядома, журналіст Павел Шарамет загінуў пасля выбуху бомбы, якая была закладзеная ў яго аўтамабіль.

    “Калегі Паўла не былі задаволеныя вынікамі расследавання і пачалі сваё», — кажа Хрысціян Трыэберт.

    Журналісты паглядзелі ўсё відэа з камер назіранняў на бліжэйшых дамах у раёне, дзе жыў Павел. Яны высветлілі, што адно аўто даволі працяглы час стаяла на адным месцы. Чалавек з аўто быў альбо сведкам, альбо неяк звязаны з тым, што адбылося. Але нумар машыны быў неразборлівы.

    “Журналісты звярнуліся да нас, каб дапамагчы яго расшыфраваць. Мой калега сказаў, што можа дапамагчы. Гэта заняло 2 тыдні, ён супаставіў 500 кадраў і высветліў нумар”, — распавядае Хрысціян.

    Гэтыя факты пацягнулі за сабой цэлы ланцужок людзей і падзеяў, якія дапамаглі праліць святло на смерць журналіста. Пра гэтае расследаванне падрабязна можна паглядзець у фільме “Забіць Паўла”

    Убийство Павла Шеремета: Почему следствие не продвинулось в раскрытии «дела чести»?

    Назва Belling­cat паходзіць са старажытнагрэцкай прыпавесці пра мышэй, якія аб’ядналіся і павесілі званочак на шыю кату. І больш яго не баяліся. Па словах Хрысціяна Трыэберта, многае можна высветлиць проста маючы доступ да кампутра і інтэрнэта.  

    Праект Belling­cat пачынаўся як валанцёрскі. Цяпер 5 з 9 супрацоўнікоў Belling­cat атрымліваюць грошы за працу, у камандзе працуюць ад 15 да 20 валанцераў.

    “Мы проста хацелі дакапацца да ісціны. Цяпер мы бачым, што ўсё больш і больш людзей выкарыстоўваюць нашыя метады працы», — кажа Хрысціян.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці