• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларускія праваабарончыя арганізацыі заклікаюць ЕС прытрымлівацца цвёрдай пазіцыі ў дачыненні да Беларусі

    ПРЭС-РЭЛІЗ

    2 і 3 лютага старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі, а таксама сябра Рады ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Жанна Літвіна знаходзіліся ў Бруселі, каб прадставіць ЕС узгодненую пазіцыю шэрагу беларускіх праваабарончых арганізацый па пытанні развіцця стасункаў паміж ЕС і Беларуссю.[i]

    “З моманту вызвалення палітвязняў у жніўні 2015 года не было аніякіх сістэмных зменаў ў сітуацыі з правамі чалавека ў краіне”

    Алесь Бяляцкі

    Нягледзячы на пачатак нармалізацыі адносінаў паміж ЕС і Беларуссю, беларускія праваабарончыя арганізацыі працягваюць звяртаць увагу на высокі ўзровень парушэнняў правоў чалавека на працягу апошніх некалькіх месяцаў [ii]. Праваабаронцы па-ранейшаму падвяргаюцца пераследу. Акрамя таго, некалькім арганізацыям грамадзянскай супольнасці па-ранейшаму адмаўляюць у рэгістрацыі. Праваабарончы цэнтр “Вясна” працягвае працаваць без рэгістрацыі, рызыкуючы трапіць пад крымінальны пераслед паводле арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса.

    Журналістаў, якія працуюць на незалежныя СМІ або на замежныя СМІ без акрэдытацыі, затрымліваюць, судзяць і штрафуюць. [iii] Нядаўна, супрацоўнікі міліцыі збілі журналіста ў зале суда [iv].

    Беларусь застаецца апошняй еўрапейскай краінай, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. Ад пачатку года ўжо вынесены адзін смяротны прысуд. Яшчэ тры вязні ў цяперашні час знаходзяцца ў камерах смяротнікаў.

    “Прышоў час ЕС атрымаць рэальныя абавязальніцтвы ад беларускіх уладаў. Але гэта патрабуе выразнай публічнай пазіцыі пры падтрымцы моцных палітычных захадаў і з наступным бесперапынным маніторынгам з удзелам ААН і грамадзянскай супольнасці”

    Жанна Літвіна

    У ходзе сустрэчаў з прадстаўнікамі дзяржаваў-сябраў ЕС, Еўрапейскай камісіі, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і Спецыяльным прадстаўніком ЕС па правах чалавека, Алесь Бяляцкі і Жанна Літвіна настойвалі на тым, што ЕС неабходна зрабіць дарожную карту па пытаннях правоў чалавека цэнтральнай тэмай абмеркаванняў з беларускімі ўладамі. Беларускія праваабарончыя арганізацыі прадставілі шэраг захадаў у такіх галінах, як свабода выказвання меркаванняў, свабода асацыяцыі, адмена смяротнага пакарання, рэабілітацыя былых палітвязняў, якія не патрабуюць заканадаўчых зменаў і могуць быць неадкладна рэалізаваныя беларускімі уладамі. [v] Яны павінны стаць асновай для збліжэння ЕС і Беларусі.

    Даведка

    У студзені 2011 года дзяржавы-сябры ЕС увялі абмежавальныя захады (забарона на выдачу візаў і замарожванне актываў) супраць беларускіх чыноўнікаў, якія лічацца адказнымі за парушэнні міжнародных выбарчых стандартаў на прэзідэнцкіх выбарах у снежні 2010 г. або рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і незалежных сродкаў масавай інфармацыі. З таго часу, рэжым санкцый рэгулярна абнаўляўся, паколькі палітвязні заставаліся за кратамі, а ЕС лічыў, што павага да правоў чалавека, вяршэнства закона і павага да дэмакратычных прынцыпаў істотна не палепшыліся.

    29 кастрычніка 2015 года, 28 дзяржаваў-сябраў ЕС вырашылі прыпыніць да 29 лютага 2016 года ўжыванне абмежавальных захадаў у дачыненні да 175 асобаў і 14 юрыдычных асобаў, датычных да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Пасля гэтага рашэння Праваабарончы цэнтр “Вясна” і FIDH заклікалі ЕС патрабаваць ад уладаў Беларусі канкрэтных абавязальніцтваў па ключавых рэформах у галіне правоў чалавека, перш чым прымаць новыя рашэнні па развіцці стасункаў з Беларуссю. [vi]

    Зноскі

    [i] Узгодненая пазіцыя праваабаронцаў адносна прыярытэтаў пры вызначэнні стратэгіі ўзаемадзеяння міжнародных партнёраў з Беларуссю. 28 студзеня 2016 г. https://spring96.org/be/news/82090

    [ii] Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2015 г. Аналітычны агляд. 22 студзеня 2016 г. https://spring96.org/be/news/81982

    [iii] Становішча ў сферы СМІ ў кастрычніку-снежні 2015 г. (агляд). https://baj.media/sites/default/files/analytics/files/5452015_mass_media_in_belarus_by.pdf

    [iv] Збіццё Паўла Дабравольскага: ГА “БАЖ” патрабуе ўзбудзіць крымінальную справу. 26 студзеня 2016 г. https://baj.media/be/content/zbiccyo-paula-dabravolskaga-ga-bazh-patrabue-uzbudzic-kryminalnuyu-spravu

    [v] Праваабаронцы заклікаюць дзяржаву да прыняцця першачарговых мер аднаўленчага характару. 9 снежня 2015 г. https://spring96.org/be/news/81545

    [vi] ЕС и Беларусь: три месяца на улучшение ситуации с правами человека. 4 снежня 2015 г. https://www.fidh.org/ru/regiony/evropa-i-central-naya-aziya/belarus/es-i-belarus-tri-mesyaca-na-uluchshenie-situacii-s-pravami-cheloveka
    http://spring96.org/be/news/82199

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці