Беларускія і ўкраінскія журналісты правядуць акцыю памяці Паўла Шарамета ў Кіеве на ягонае 50-годдзе
28 лістапада журналісту Паўлу Шарамету споўнілася б 50 гадоў. У гэты дзень беларускія і ўкраінскія журналісты збяруцца на месцы забойства Паўла, каб узгадаць выдатнага калегу, якім ганарыцца і каго бярэ за прыклад журналісцкая супольнасць дзвюх краінаў.
Гэта не будзе палітычнай акцыяй.
Мы збярэмся на месцы забойства — на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве, каб запаліць свечы і ўзгадаць Паўла, якога няма з намі ўжо 5 гадоў.
На жаль, за апошні год сітуацыя ў беларускіх медыя істотна змянілася ў горшы бок. Абсалютна ўсе недзяржаўныя грамадска-палітычныя медыя трапілі пад рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі. Болей за 550 раз журналістаў затрымлівалі сілавікі, дзясяткі калег пацярпелі ад гвалту, былі сотні ператрусаў. На дадзены момант у няволі 29 прадстаўнікоў беларускіх медыя. Аднак недзяржаўныя медыя працягваюць працу і застаюцца запатрабаванымі ў беларускім грамадстве.
28 лістапада, 17:00, каля помніка Паўлу Шарамету ў Кіеве.
Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікае далучацца да акцыі памяці ўсіх калег і суайчыннікаў.
Беларускі, расійскі і ўкраінскі журналіст, выканаўчы дырэктар «Українськой правды», вядоўца радыёстанцыі «Вести» Павал Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 года ад выбуху машыны ў цэнтры Кіева.
Імёны падазраваных у арганізацыі і забойстве назвалі 12 снежня 2019 года на брыфінгу Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны. На наступны дзень пасля брыфінгу ўсіх траіх падазраваных затрымалі.
Усе трое адмаўляюць сваю датычнасць да забойства. З верасня 2020 года іх справу разглядае суд. Справу аб арганізатарах, замоўцах і механізмах выканання злачынства іншымі саўдзельнікамі выдзелілі ў асобнае вядзенне ў чэрвені 2020 года. Яе дагэтуль расследуюць.