Беларускі журналіст заяўляе пра ціск з боку расійскіх інтэрнэт-рэсурсаў
Рэдактар беларускай службы міжнароднай валанцёрскай супольнасці InformNapalm і журналіст выдання “Новы Час” Дзяніс Івашын зрабіў афіцыйную заяву наконт інфармацыйнай агрэсіі супраць яго з боку расійскіх мэдыярэсурсаў і папярэдзіў пра магчымыя пагрозы яго асобе.
Заява апублікаваная 16 траўня 2019 года на сайце супольнасці InformNapalm. У ёй Дзяніс Івашын акцэнтуе ўвагу на разгортванні супраць яго паўнамаштабнай інфармайцыйнай кампаніі расійскай прапагандай з мэтай ачарнення і дыскрэдытацыі.
Гэта працягваецца з сярэдзіны красавіка 2019 года. Івашын заўважае, што ў гэтую кампанію ўцягнутыя і некаторыя беларускія прадстаўнікі медыя.
Галоўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі ў гэтай кампаніі, паводле словаў Івашына, выступаюць antimaydan.info, news-front.info, novorosinform.org, politnavigator.net, тэлеграм-каналы «338», «Трыкатаж» і шэраг іншых.
Некаторыя цытаты з прарасійскіх інтэрнэт-рэсурсаў
Журналіст мяркуе, што характар, спосаб падачы і каналы распаўсюду дэзынфармацыі ў дачыненні да яго могуць сведчыць пра тое, што за гэтым стаяць сілавыя ведамствы Расійскай Федэрацыі.
“Пра сур’ёзнасць намераў расійскага боку ў дачыненні маёй асобы сведчыць вядзенне супраць мяне паўнамаштабнай інфармацыйна-псіхалагічнай аперацыі на працягу цэлага месяца, а таксама заангажаванне ў яе вялікай колькасці падкантрольных інфармацыйных рэсурсаў. Некаторыя з іх звязаныя наўпрост з расійскай вайсковай прапагандай. Я вырашыў зрабіць гэтую заяву, каб зменшыць аператыўны прастор для магчымага “канчатковага вырашэння” майго пытання і прадухілення ў дачыненні да мяне рэалізацыі пэўных сцэнараў нейтралізацыі”, — сказаў Дзяніс Івашын у інтэрв’ю службе маніторынгу ГА “БАЖ”.
Журналіст заўважыў, што гэта адбываецца на фоне абвастрэння расійска-беларускіх адносін, адклікання амбасадара РФ Міхаіла Бабіча, гандлёва-эканамічнай вайны, актывізацыі непрыхаваных памкненняў Расі да інкарпарацыі Беларусі пад прыкрыццём геапалітычнага праекту так званай Саюзнай дзяржавы.