Беларускі расследавальніцкі цэнтр падтрымаў зняволеных калег у Кыргызстане
Беларускі расследавальніцкі цэнтр далучыўся да кампаніі #FreeKyrgyz11 у падтрымку зняволеных журналістаў-расследавальнікаў у Кыргызстане. На гэтым тыдні над імі павінны прайсці суды.
Адзін з арыштаваных журналістаў Жаадар Бузумаў. Фота: KHAMIDULLO UZAKOV / ВBC
Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ) заклікае ўлады вызваліць 11 зняволеных супрацоўнікаў расследавальніцкага YouTube-канала Temirov Live. Журналістаў затрымалі ў студзені 2024 года. Міністэрства ўнутраных спраў Кыргызстана нібыта знайшло ў іх публікацыях «заклікі да масавых беспарадкаў». Па адпаведным артыкуле крымінальнага кодэкса журналістам пагражае ад пяці да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Заснавальнік Temirov Live Балот Тэміраў выказваў меркаванне, што прычынай узбуджэння крымінальных спраў сталі матэрыялы пра міністра ўнутраных спраў Улана Ніязбекава. Каманда публікавала расследаванні пра маёмасць сваякоў кіраўніка МУС і крадзяжы 750 тысяч долараў супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
Вызваліць журналістаў-расследавальнікаў заклікаюць мясцовыя і замежныя СМІ і праваабаронычыя арганізацыі. Свае звароты яны публікуюць у сацсетках пад хэштэгам #FreeKyrgyz11. Да акцыі ўжо далучыліся прадстаўнікі медыяў з Чэхіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Венгрыі, Бельгіі, Славакіі, Польшчы, Малдовы, Германіі, Францыі, Іспаніі, Казахстана, Расіі.
Прадстаўніца Amnesty International Мэйсі Вейчардынг запатрабавала ад уладаў Кыргызстану «спыніць рэпрэсіі супраць іншадумства і неадкладна і без умоваў вызваліць гэтых журналістаў і ўсіх іншых, каго кінулі за краты выключна за свабоднае выказванне сваіх поглядаў і ідэй».
Журналісты Кыргызстана падкрэсліваюць, што праблемы свабоды прэсы актуальныя для ўсёй краіны. Напрыклад, выданню Kloop загадалі зачыніцца, у офісах 24.kg прайшлі ператрусы, сілавікі канфіскавалі абсталяванне.