Беларускі афіцыёз занепакоены незразумелай засакрэчанасцю «саюзнага медыяхолдынга»
Афіцыйны Мінск выказаў прэтэнзіі расійскім партнёрам з прычыны «празмернай кулуарнасці» ў падрыхтоўцы канцэпцыі новай медыяструктуры. Размовы пра «магутны ідэалагічны холдынг» вядуцца даўно, а вось да практычнай інтэграцыі так і не дайшло.
30 сакавіка адбылося пасяджанне камісіі так званага парламенцкага сходу Беларусі і Расіі ў інфармацыйнай палітыцы, інфармацыйных тэхналогіях і сувязі. Кіраўнік профільнага наддзяржаўнага ўтварэння, экс-старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька акцэнтаваўся на праблемных баках вакол стварэння анансаванага «саюзнага» медыяхолдынга і, як цытуюць яго афіцыйныя СМІ, застаўся незадаволены ні тэмпамі, ні адкрытасцю ўласна працэсу.
«Мы з нецярпеннем чакаем інфармацыю ад пастаяннага камітэта саюзнай дзяржавы, ім даручана распрацаваць канцэпцыю холдынга саюзных СМІ. Ёсць праект дакумента Міністэрства інфармацыі Беларусі, прапановы адпраўленыя ў Маскву, расійскае профільнае ведамства іх вывучае. Але засталіся тры месяцы да заканчэння першапачаткова акрэсленага тэрміну, а нейкіх вынікаў не праглядаецца», — скрытыкаваў беларускі чыноўнік сваіх расійскіх партнёраў.
Мала за тое, Генадзь Давыдзька падзяліўся ўласнай «занепакоенасцю», што ў пытаннях фармавання і распрацоўкі канцэпцыі саюзнага медыяхолдынга назіраецца «празмерная засакрэчанасць і кулуарнасць». Іншымі словамі, у Маскве нешта кулуарна вырашаюць, а беларускіх сяброў да працэсу чамусьці не падключаюць.
Заклапочаны функцыянер заклікаў тэрмінова «паскорыць працу ў надзвычай важным пытанні», традыцыйна спекулюючы адсылкамі на таго, каму «забоўтванне працэсу» наўрад ці спадабаецца.
«Даручэнняў прэзідэнтаў аб стварэнні холдынга ніхто не адмяняў. Тым больш, уласна канцэпцыю саюзнага холдынга ўжо абмеркавалі на ўзроўні прэзідэнцкіх адміністрацый. Больш за тое, ёсць яшчэ і фінансавы складнік: бюджэт на 2023 год ужо зацверджаны, а хутка трэба працаваць і над пазіцыямі бюджэту-2024», — зазначыў «саюзны парламентарый».
Упершыню ідэю сумеснага медыяхолдынга Аляксандр Лукашэнка агучыў яшчэ ўвосень 2021-га — як апісаў ён тады, «добры, дыхтоўны, магутны, абавязкова сучасны». Дзяржсакратар «саюзнай дзяржавы», былы амбасадар Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў горача падтрымаў ініцыятыву, паабяцаўшы, што «цягам наступнага года ўсё запрацуе».
Амбітна заяўлялася, што гэта мусіць быць «самастойная структура», не «прышпіленая» да іншых СМІ, якая стане «прататыпам» новага фармату саюзнага медыя.
Аднак ужо настаў 2023-ці, а шырока распіяраны «магутны рупар прапаганды найбліжэйшых хаўруснікаў» па-ранейшаму маўчыць. Як бачна, цяпер бакі намагаюцца перакласці адзін на аднаго адказнасць за зрыў тэрмінаў, узгодненых на паперы.
Зрэшты, скепсіс адносна эфектыўнасці «інфармацыйнай зброі» выказвалі нават беларускія праўладныя прапагандысты, якія наўпрост ці завуалявана, але сумняюцца ў справядлівасці будучых квотаў — як грашовых, так і эфірнага часу. Бо наўрад ці Масква адмовіцца ад магчымасці яшчэ больш узмацніць свае агітатарскія пазіцыі, пакінуўшы палітычнаму і эканамічнаму сатэліту толькі «аб’едкі».
А вось што тычыцца незалежных экспертаў, у масе сваёй яны салідарныя: «медыяхолдынг» для Мінска калі і выклікае нейкі практычны інтарэс, дык выключна з гледзішча дадатковага фінансавання рэдакцый, на базе якіх будзе фармавацца «беларуская павестка». Гаворка перадусім пра Белтэлерадыёкампанію, якая і цяпер высмоктвае з бюджэту немалыя грошы, але не супраць асвоіць новыя грашовыя плыні.
Што да «ўнікальнага кантэнту», то што яшчэ здольныя прапанаваць у Маскве ды Мінску, акрамя ідэнтычнасці аўтарытарных падыходаў да агульнай карціны свету? Да таго ж, гледачы ў Беларусі і без таго маюць магчымасць «спажываць» усе галоўныя федэральныя тэлеканалы Расіі, тады як аналагічны прадукт ад беларускіх «вытворцаў» у Расіі аб’ектыўна мала каго цікавіць. Іншымі словамі, разрэкламаваны «холдынг» — апрыёры мёртванароджанае дзіця ў сэнсе якаснага медыяпрадукту, бо пераследуе зусім іншыя мэты.
Чытайце яшчэ:
Статьи «Iнфа-Кур’ера» о событиях 2020 года признаны экстремистскими материалами
«Есть понимание, что это вопрос выживания страны и нации». Украинская журналистка о медиа в условиях войны
Статьи «Iнфа-Кур’ера» о событиях 2020 года признаны экстремистскими материалами