Пасля нарады ў чарговы раз прагучалі пагрозы ў адрас СМІ. Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка заявіў, што дадатковыя забароны не абмяркоўваліся. Але палічыў патрэбным нагадаць беларускім СМІ аб адказнасці.
«У нас можна казаць у сродках масавай інфармацыі што хочаш. Але галоўнае — несці за гэта адказнасць. У першую чаргу перад людзьмі, грамадствам, перад сабой і перад законам», — растлумачыў чыноўнік. Як такая «свабода слова» спалучаецца з тым, што, паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, сёння ў нашай краіне 27 супрацоўнікаў СМІ асуджаныя або чакаюць суда ў сувязі са сваёй прафесійнай дзейнасцю? Значыць, фраза аб «гаварыць, што хочаш» — не больш чым прапагандысцкі выверт. А самае галоўнае гучыць якраз-такі пасля «але».
Ёсць у слове «прапаганда» прыстаўка «контр-» ці не — ужо не важна. Важна толькі, што прапаганда лічыць дапушчальным казаць няпраўду ці паўпраўду, пладзіць фэйкі. На гэтым можна было б і скончыць, калі б не прагучала пасля нарады сцвярджэнне, што на ім абмяркоўваліся «стратэгія і канкрэтныя новыя формы працы» беларускай дзяржаўнай прапаганды. Няўжо беларуская прапаганда нарэшце вынайдзе нешта сваё, а не будзе тупа паўтараць расійскія наратывы?
Лукашэнка запатрабаваў больш актыўна весці антыпрапаганду і не звяртаць увагі на тое, як на Захадзе пасмейваюцца над беларускімі прапагандыстамі. Пасмейваюцца, зрэшты, не толькі на Захадзе. Пацешна назіраць, як айчынныя «спяцы» спрабуюць капіяваць нават знешнасць вядучых расійскіх прапагандысцкіх шоу і наперабой паўтараюць выдуманыя ў Крамлі тэзісы.
Гэтым занятыя не толькі СМІ. Капіраванне адбываецца на ўсіх паверхах прапагандысцкай піраміды. Варта было 6 траўня намесніку старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву абвінаваціць Польшчу ў планах захопу Заходняй Украіны, як Аляксандр Лукашэнка на перамовах з Уладзімірам Пуціным 23 траўня паўтарае гэтае абвінавачванне. Польшча, якая актыўна дапамагае Украіне, становіцца для Крамля «ворагам нумар адзін», і беларускія прапагандысты голасна падхопліваюць гэты парадак.
Або трагедыя ўкраінскай Бучы — Мінабароны Расіі называе апублікаваныя кадры з задакументаванымі злачынствамі расійскіх вайскоўцаў «правакацыяй», і следам Лукашэнка ў інтэрв’ю Associated Press аб’яўляе тое, што адбылося там, «паказухай» і кажа аб прысутнасці ў горадзе англічанаў, якія прыбылі са Львова.
А вось і свежы прыклад айчыннай прапаганды. «Калі не з’яўляешся рэальным удзельнікам падзей і атрымліваеш велізарную колькасць інфармацыі ў выглядзе хлусні і фэйкаў, сапраўды цяжка праўду ад хлусні аддзяліць», — сказаў на нарадзе па пытанні ўдасканалення інфармацыйнай палітыкі Лукашэнка. І адразу пасля яе распавёў аб двух беларускіх дальнабойніках, якія былі «забітыя ўкраінцамі». Хоць на самай справе дальнабойнікі загінулі ў выніку расійскага авіяўдару.
Тое ж і на ТБ. «Ваенная аперацыя ва Украіне праводзіцца супраць нацыствуючых элементаў і не нясе пагрозы для мірнага насельніцтва». «Затое зафіксавана, калі нацысты абстрэльвалі жылыя кварталы або прыкрывалі імі ўдарнае ўзбраенне», — сцвярджаюць беларускія вядучыя з тэлеэкранаў. Чым не расійскае ТБ?
Беларуская прапаганда і ў мінулым разбіралася з палітычнымі апанентамі дзейнай улады, не выбіраючы метадаў і выразаў. Дастаткова ўспомніць нашумелы ў свой час фільм «Нянавісць. Дзеці хлусні». Дый пасля падаўлення пратэстаў дзяржСМІ не грэбавалі публікацыяй «пакаянных відэа» і адкрытых заклікаў да расправы над «ворагамі» рэжыму. А вось з Расіяй усё не так адназначна — беларуская прапаганда імкнулася, як умела, адбіваць інфармацыйныя атакі з усходу. І «адбудоўвала» Беларусь ад Расіі, разумеючы, што ў кожнага з бакоў свае інтарэсы.
Пералом адбыўся пасля выбараў 2020 года. Пасля падаўлення пратэстаў у рэжыму не засталося варыянтаў, акрамя як з усіх сіл сябраваць з Расіяй. Улада наважыла запрасіць у краіну расійскіх медыяспецыялістаў наўзамен страйкоўцаў — работнікаў беларускага тэлебачання. І расійскія наратывы пачалі пранікаць у беларускую інфармацыйную прастору. А потым і фармаваць яе: са зменай куратараў адбылася і карэкцыя позвы. Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі ўжо ў сакавіку 2021 года звярнуў увагу на ўпадабненне беларускай прапаганды расійскай: беларусаў, як і расійцаў, пачалі рыхтаваць да сутыкнення цывілізацый, да халоднай, а, магчыма, і да гарачай вайны.
Потым пачалася расійска-украінская вайна. І афіцыйны Мінск, паводле ацэнкі аналітыкаў праекта MediaIQ, і зусім адмовіўся ад інфармацыйнага суверэнітэту. Эксперты заявілі, што быў парушаны адзін з вызначальных прынцыпаў інфармацыйнага нейтралітэту, закладзены ў канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. А менавіта выключэнне ініцыятывы ўмяшання ў інфармацыйную сферу іншых краін, накіраванай на дыскрэдытацыю або аспрэчванне іх палітычных, эканамічных, сацыяльных і духоўных стандартаў і прыярытэтаў, а таксама нанясення шкоды інфармацыйнай інфраструктуры якіх бы там ні было дзяржаў і ўдзелу ў іх інфармацыйным супрацьстаянні.
У дзяржСМІ настаў час «спецаперацыі» замест вайны, «кіеўскай хунты», «абароны ўкраінцаў ад здзекаў і генацыду з боку кіеўскага рэжыму», «дэмілітарызацыі» і «дэнацыфікацыі» Украіны. Працягваецца дэманізацыя «калектыўнага Захаду». Сёння наратывы беларускай і расійскай прапаганды практычна немагчыма адрозніць. Беларуская прапаганда стала дублёрам расійскай. На стужцы дзяржаўнага інфармагенцтва «БелТА», значная частка матэрыялаў — перадрукі расійскіх РІА «Новости» і ТАСС. Можна сур’ёзна казаць аб інфармацыйнай акупацыі. Беларуская прапаганда даўно і з трэскам прайграла расійскай.
І калі нават пакінуць за дужкамі небяспеку прапаганды для псіхалагічнага здароўя грамадства як такой, то страта інфармацыйнага суверэнітэту — небяспечная рэч. Хто ведае, як ляжа карта, і якія наратывы крамлёўскія куратары захочуць прасоўваць у Беларусі заўтра? Сённяшнія тэзісы аб саюзных адносінах, аб тым, што беларусы і расійцы – «адзін народ», і аб «падтрымцы да канца» хутка могуць, як у свой час у сітуацыі з Украінай, ператварыцца ў «недадзяржаву» і ў «памылкова перададзеныя тэрыторыі». А далей «Расія была абрабаваная» з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі. І што супрацьпаставіць? Нават расійскія каналы ў Беларусі адключаць бескарысна, паколькі са сваіх льецца тая ж самая ерась.
Надзей на тое, што беларуская прапаганда знойдзе нешта сваё, вельмі мала. Па форме можа і зліжуць нешта ў расійскіх куратараў. А вось па сутнасці наўрад ці што зменіцца. Ад «беларускай» там даўно засталася хіба што тэрытарыяльная прыналежнасць. Кантроль над уласным інфармацыйнай прасторай фактычна згублены. І тут самы час зноў працытаваць Аляксандра Лукашэнку: «Мы павінны абараніць нашых людзей. Пытанне, як».
Лукашэнка ўпэўнены ў тым, што кантралюе сваіх прапагандыстаў. І не сумняецца ў тым, што па яго камандзе яны разгорнуць жэрлы сваіх гармат у паказаны бок. Але небяспека ў тым, што расійскае прамыванне мазгоў ужо на ўсю моц ідзе. І ў момант ікс разгортваць гарматы будзе ўжо проста няма каму. Бо бітву расійскім наратывам беларускія прапагандысты ўжо прайгралі.
Пераклад НЧ