Беларускамоўныя (маманты) блогеры
Ці карыстаюцца беларускамоўныя блогі папулярнасцю ў Сеціве і што на гэта ўплывае? Спрабуем разабрацца разам з самімі блогерамі, якія вядуць свае старонки на беларускай мове.
Беларускамоўны блогер у Live Journal: «Я не існую па-за межамі агульнай беларускай ЖЖ-тусоўкі»
На прасторах байнету можна сустрэць распаўсюджанае меркаванне, што ЖЖ (Жывы Журнал, Live Journal) даўно памёр. Але ўсе магчымыя агляды, рэйтынгі і ТОПы ЖЖ для Беларусі кажуць аб адваротным: сацыяльныя капіталы карыстальнікаў растуць, стужкі дзённікаў з зайздроснай перыядычнасцю абнаўляюцца, усё больш кампаній супрацоўнічаюць з блогерамі: запрашаюць іх на прэзентацыі, дэгустацыі, туры… Але ці ёсць у гэтых рэйтынгах месца для беларускай мовы?
Уладзімір Садоўскі (юзер-нік yozas-gubka) — самы папулярны беларускамоўны блогер у ЖЖ згодна з рэйтынгам карыстальнікаў для Беларусі. На сёння блог Уладзіміра займае 44 радок, і зараз гэта адзіны (!) блог на беларускай мове ў ТОП-100…
Але беларускамоўны ЖЖ ведаў значна лепшыя часы. Спадар Садоўскі, які завёў блог у 2008 годзе, як раз заспеў спад тых самых «мядовых гадоў», калі ў свядомай тусоўцы было модна мець інтэрнет-дзённікі, допісы у якіх з лёгкасцю збіралі сотні каментараў, калі актыўна ладзіліся «развіртуалізацыі» і сустрэчы. Куды ж падзеліся тыя блогеры? Па словах майго суразмоўцы, яны сыйшлі ў іншыя сацыяльныя сеткі кшталту Facebook ды Twitter.
Уладзімір ад самага пачатку вядзе блог па-беларуску, хоць у рэальным жыцці карыстаецца дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Фармат ЖЖ ён абраў таму, што тут болей магчымасцяў стварыць цікавы сюжэт пра падарожжа ці аформіць краязнаўчае даследаванне. У ЖЖ больш зручная сістэма пошуку, інфармацыя з блогу індэксуецца ў папулярных інтэрнэт-пошукавіках. Тэматыка блога з большага краязнаўчая.
«Я пішу ў асноўным пра Беларусь: архітэктуру, падарожжы, — кажа Садоўскі. — Не думаю, што мова майго блогу змяніла б колькасць наведванняў. Але цікавы факт: па статыстыцы я бачу, што трафік на мой акаунт на 73 % ідзе з Беларусі, астатнія 27 % — з Расіі, Украіны, Польшчы і некаторых іншых краін».
Мова блога часцяком «правакуе» іншых карыстальнікаў каментаваць допісы менавіта па-беларуску, блогер заўважыў гэта па адказах сваіх рускамоўных калегаў. Уладзіміру падаецца, што такія блогеры паважаюць беларускую мову, але пераходзіць на яе ў большасці выпадкаў саромеюцца з‑за таго, што лічаць свае веды і практыку недасканалымі, а на «трасянцы» пісаць не хочуць.
Блог yozas-gubka для яго стваральніка — гэта хобі, «сховішча краязнаўчых і другіх знаходак». Выгады ад блогу спадар Садоўскі не чакае. Але нейкія бонусы ад блогінгу сапраўды ёсць: запрашэнні на прэзентацыі, у паездкі. Адразу пасля нашай сустрэчы мой суразмоўца выправіўся, напрыклад на прэзентацыю вядомай беларускай маркі слабаалкагольных напояў.
«Калі сам чалавек цікавы ці, як гэта зараз модна казаць, яго блог мае унікальны кантэнт, то мова ніяк не перашкаджае папулярнасці. Па-другое, калі ёсць такія онлайн-сервісы як google translate, я ўвогуле не разумею складанасці чытаць па-беларуску. Галоўнае — было б жаданне», — заўважае Уладзімір.
Ён перакананы, што беларускамоўны блог мае ўсе магчымасці трапіць у ТОПы і рэйтынгі ЖЖ, гучна заявіць пра сябе. Уладзімір узгадвае, што на першай прэміі для блогераў «Аловак» у дзвюх з 10 намінацый першае месца занялі беларускамоўныя матэрыялы (azarkinm — у намінацыі «Беларусь», і svby — у намінацыі «Вандроўкі»), а беларускамоўных намінантаў было яшчэ больш.
Топ‑5 беларускамоўных блогаў у ЖЖ ад Уладзіміра Садоўскага: vital-rudak.livejournal.com veragodna.livejournal.com supron-licvin.livejournal.com jakubik-by.livejournal.com zloevremia.livejournal.com |
Беларускамоўная блогерка на Facebook: «Ключ папулярнасці блога — у самой асобе»
Пошукі беларускамоўных у іншай сацыяльнай сетцы, Facebook, прывялі мяне да Аляксандры.
Архітэктарка і дызайнерка Аляксандра Баярына піша на сваёй старонцы пра ўсё на свеце — ад архітэктуры да моды — і мае прыкладна 4200 узаемных сяброў і 990 падпісчыкаў, допісы блогеркі збіраюць сотні «лайкаў» і каментараў. Меркаванне Аляксандры наконт папулярнасці беларускамоўнага блога цікава тым, што яна мае досвед пераходу з рускай мовы на іншую: больш за два гады як архітэктарка перайшла на беларускую мову ў сеціве. Пераважна роднай мовай Аляксандра цяпер карыстаецца і ў жыцці.
Беларускую мову як асноўную для вядзення сацсеткі Аляксандра абрала для ўласнага росту: «гэта мой спосаб самаразвіцця». Недзе паўгады амаль усе допісы Баярына рабіла з дапамогай слоўнікаў, зараз, канешне, узровень валодання мовай павысіўся. Мая суразмоўца перакананая, што лепш пачаць размаўляць на роднай мове з памылкамі, чым не размаўляць увогуле.
Але ж з пераходам на мову частку сваёй аудыторыі Аляксандра згубіла.
«Спачатку прыйшла нейкая пустэча і разгубленасць, бо чытачоў і каментараў стала значна меней, — распавядае Аляксандра. — Рускамоўныя сябры з розных гарадоў Расіі і замежжа не змаглі чытаць мае посты, некаторыя напісалі мне пра гэта, шкадуючы, што згубілі цікавую асобу з вясёлымі постамі. “Хаця б здымкаў больш выкладвай”, — напісаў мне адзін сябра, што жыве ў Маскве».
Не абыйшлося і без агрэсіі: некаторыя сябры, нават тыя, з кім блогерка была знаёмая даўно, раптам сталі вельмі нэрвова рэагаваць на допісы, навязваць ім палітычны складнік, палохаць.
«Некаторыя сталі дазваляць сабе цынічныя жарты. Пасля ўдакладнення сэнсу такіх жартаў змест іх заўсёды выглядаў як “што вы выпячиваетесь, сильному не надо доказывать свою силу”. Мэта ў такіх асобаў была адна — каб назаўсёды замаўчала, але прыкрываліся шмат чым, — узгадвае Аляксандра. — Яшчэ кідаюцца ў вочы яўныя “боты”: чалавек з пустым акаунтам пад маімі статусамі ўсё піша і піша, з ў усіх бакоў пытаецца сапсаваць настрой, каб больш не пісала. Але ў працэнтных адносінах ад колькасці усіх сяброў, доля такіх агрэсіўных каментароў невялікая — такая, на якую можна не звяртаць увагі».
Паступова сітуацыя мянялася, неўзабаве стала расці колькасць беларускамоўных сяброў. Ужо праз год усё вярнулася на ранейшыя пазіцыі і стала нават лепш: па колькасці каментароў і падпісчыкаў на старонцы Аляксандры ў Facebook усё файна:
Затое цяпер я магу сказаць, што ўвесь час жыву сваім жыццём, жыццём сваіх людзей, сваёй краіны, мне гэта вельмі падабаецца. Беларускамоўны блог можа быць папулярным, так. Думаю, ключ папулярнасці ў самой асобе.
Аляксандра Баярына таксама заўважае, што шмат з тых, хто ў жыцці карыстаецца рускай мовай, адказвае на яе допісы па-беларуску. Добры прыклад заразлівы: мая суразмоўца чула, што яе гісторыя натхніла і іншых людзей перайсці на беларускую.
Топ‑5 беларускамоўных карыстальнікаў у Facebook ад Аляксандры Баярынай: Віталь Цыганкоў (www.facebook.com/vitali.tsyhankou) Зміцер Панкавец (https://www.facebook.com/zmicier.pankaviec) Крысціна Вітушка (https://www.facebook.com/kvitushka) Сяргей Абламейка (https://www.facebook.com/siarhiej.ablamiejka) Вадзім Пракопчык (https://www.facebook.com/vadzim.prakopcyk) |
Урэшце, папулярных беларускамоўных блогераў дастаткова ў любых сацыяльных сетках, акрамя уласна Live Journal. Але трэба заўважыць, што некаторыя карыстальнікі ЖЖ папулярнасці не шукаюць: яны наўмысна адмовіліся ад падліку сацыяльнага капіталу, адключыўшы ў сваім профілі адпаведную функцыю. Хто ведае, можа ў адваротнай сітуацыі рэйтынг карыстальнікаў з Беларусі выглядаў бы іначай.
Зразумела, што па колькасці падпісчыкаў (наведванняў, «лайкаў») беларускамоўныя блогеры будуць саступаць сваім калегам, якія абралі рускую мову. Прычына банальная: колькасць рускамоўных людзей у свеце дастаткова вялікая. Але тых, каго задаволіць папулярнасць у роднай краіне, такі расклад не павінен стрымліваць.
Тэматыка папулярных беларускамоўных блогаў у асноўным грамадска-палітычная ды краязнаўчая. А вось «модных» блогераў, хто б пісаў на беларускай мове пра звычайнае жыццё, аздабляючы нататкі прыгожымі карцінкамі, адназначна не стае. Можа, гэта будзеце вы?