• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларускі журналіст уцёк ад рэпрэсій, а цяпер яго хочуць выслаць з Еўропы

    — Адразу паляцеў у Германію, бо там жыве мая старэйшая дачка. Хацелася, каб у сітуацыі, калі я пазбавіўся і працы, і магчымасці быць са сваёй сям’ёй, хоць бы адзін родны чалавек заставаўся побач. У выніку — тулянні ў лагерах для ўцекачоў, зніклы пашпарт і пагроза выправаджэння ў Беларусь.

    Андрэй Ліпскі па прылёце ў Германію / Архіў Андрэя Ліпскага

    Так пачынае сваю гісторыю беларускі журналіст Андрэй Ліпскі.

    Сутыкнуўшыся з палітычнымі рэпрэсіямі на радзіме, журналіст быў вымушаны бегчы з краіны. Спачатку ён папрасіў палітычнага прытулку ў Германіі, дзе ў яго забралі пашпарт (і дагэтуль не вярнулі), пасля адмовы двойчы спрабаваў легалізавацца ў Польшчы. Нядаўна яму прыйшло рашэнне ад польскіх памежнікаў, што ён абавязаны добраахвотна вярнуцца ў Беларусь. Дома Андрэя чакае «воўчы білет» і суд паводле крымінальнай справы.

    Што здарылася? 

    — У беларускай журналістыцы я з 1995 года тлумачыць першасную прычыну праблем Андрэй Ліпскі.  Усё сваё свядомае жыццё я працаваў у розных падраздзяленнях светлагорскага медыяхолдынга «Ранак» (у газеце, на тэлебачанні, а потым і на сайце).

    У чэрвені 2023-га на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце адбылася буйная тэхнагенная аварыя, у выніку якой загінулі тры чалавекі, пра што мы паведамілі нашым падпісчыкам у сацсетках, а на наступны дзень я падрыхтаваў матэрыял для сайта.

    Праз тры дні пасля гэтага дзевяць чалавек з нашай рэдакцыі закрылі на суткі, у тым ліку і мяне. Аблаву праводзіў гомельскі АМАП пад кіраўніцтвам гомельскага ГУБАЗіКа.

    У нас канфіскавалі тэлефоны. Паралельна ўсе нашы медыя заблакавалі, а сацсеткі прызналі экстрэмісцкімі.

    У двухмеснай камеры ізалятара часовага ўтрымання Андрэй быў яшчэ з трыма супрацоўнікамі «Ранку». Паводле нашага суразмоўцы, умовы былі шакавальнымі («Хоць, вядома, калі б затрымалі ўзімку, было б яшчэ горш»). Кажучы турэмнай мовай, адзін журналіст спаў на верхняй шконцы, ніжнюю Андрэй дзяліў з яшчэ адным калегам, а чацвёртаму нічога не заставалася, як уладкавацца на падлозе на газетах, якія выдалі ахоўнікі.

     Ну, і калі ў маленькай камеры ўнітазам з’яўляецца дзірка ў падлозе, якая не прыкрытая нават шырмачкай, і табе даводзіцца пры ўсіх спраўляць свае натуральныя патрэбы, гэта фізічна і псіхалагічна вельмі цяжка. Вядома, катаванні бываюць і страшнейшыя, але і гэта, паверце, непрыемна, — праз месяцы пасля сутак у беларускім ізалятары 53-гадовы мужчына расказвае гэтую гісторыю, быццам працягваючы саромецца.

    Пасля суда палове з затрыманых журналістаў выпісалі буйныя штрафы, у некага канфіскавалі тэхніку. Андрэй і яшчэ некалькі калегаў атрымалі сем сутак арышту з канфіскацыяй мабільных прылад.

     Суддзя мне растлумачыла, што я паводле роду дзейнасці быў абавязаны ведаць, што падпіска на пэўныя інфармацыйныя рэсурсы з’яўляецца адміністрацыйна каральным дзеяннем. На маё пярэчанне, што спіс гэтых рэсурсаў ужо на той момант перавышаў 400 старонак і ўсё гэта вывучыць, запомніць і суаднесці з падпіскамі ў сябе ў сацсетках, многім з якіх некалькі гадоў, немагчыма, яна сказала, што я садзейнічаю распаўсюду «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

    Зразумела, што мы размаўлялі на розных мовах. На жаль, у Беларусі няма месца ні справядлівасці, ні аргументам, ні нейкім здаровым лагічным разважанням. Ты вінаваты толькі таму, што ім так хочацца. А ўсе твае пярэчанні… Ты, вядома, можаш выказацца, але на гэта ніхто рэагаваць не будзе.

    Андрэй Ліпскі падчас працы ў рэдакцыі / асабісты архіў

    Пасля сутак Андрэй хутка перавучыўся і нейкі час працаваў не паводле прафесіі. Аднак у пачатку жніўня ў яго кватэру ўварваліся сілавікі. Яны паказалі санкцыю пракурора — справа нібыта тычылася абразаў і пагроз на адрас супрацоўніка Следчага камітэта.

    Падчас ператрусу дома ў журналіста шукалі БЧБ-сімволіку, але нічога не знайшлі. Тады, папярэдне адабраўшы мабільныя тэлефоны, мужчыну адвезлі ў міліцыю, дзе распытвалі пра яго працу ў «Ранку» падчас пратэстаў.

    Нямецкія лагеры і пераезд у Польшчу

    На наступны дзень пасля ператрусу Андрэя судзілі паводле артыкула аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Атрымаўшы штраф у 740 рублёў, журналіст зразумеў, што гэта апошняе кітайскае папярэджанне перад завядзеннем крымінальнай справы, і збег у Германію. Туды ён прыляцеў 21 верасня з польскай гуманітарнай візай. У Франкфурце здаўся паліцэйскаму, патлумачыў сітуацыю і сказаў, што хоча атрымаць міжнародную абарону.

    — Паліцэйскі адказаў, маўляў, «няма праблем», але патлумачыў, што яму давядзецца забраць у мяне пашпарт — «такі парадак», — працягвае аповед Андрэй.  Ён раздрукаваў мне першую старонку дакумента на лісце А4 і сказаў, што на першы час, калі паліцыі спатрэбіцца мой пашпарт, гэтай копіі дастаткова. А далей былі лагеры ўцекачоў у розных гарадах Германіі, дзе я жыў аж да чацвёртага сакавіка гэтага года.

    Лагер уцекачоў у Трыры / асабісты архіў

    Лагер уцекачоў у Трыры / асабісты архіў

    Першага студзеня ведамства, якое займаецца справамі мігрантаў, своеасабліва павіншавала мяне з Новым годам. Мне прыйшло паведамленне, дзе было напісана, што маё прашэнне аб міжнароднай абароне ў Германіі адхіляецца, бо Польшча як краіна, якая выдала мне візу, пагадзілася разглядаць маю заяўку. Таму мяне трэба дэпартаваць у Польшчу.

    Мае аргументы, што ў Германіі ў мяне дачка, палічылі неістотнымі. Маўляў, дачка досыць дарослая, каб я пра яе клапаціўся, а я яшчэ занадта малады, каб мець патрэбу ў яе дапамозе.

    Я спрабаваў неяк аспрэчыць гэтае рашэнне, але, жывучы ў лагеры для ўцекачоў, рабіць гэта даволі складана. Ні на адзін з маіх чатырох электронных лістоў, дзе я прасіў вярнуць мне пашпарт, каб я з’ехаў у Польшчу сам (пазбегнуўшы дэпартацыі), мне не адказалі.

    Затое ў пяць раніцы чацвёртага сакавіка адчыніліся дзверы нашага вагончыка (я жыў тады ў лагеры ў горадзе Шайнфельд), мяне асляпіла святло ліхтарыка:

    — Андрэй?
    — Так. 
    — Мы зараз павязём цябе ў Польшчу. 

    Асноўнае памяшканне лагера для ўцекачоў у Шайнфельдзе. Права жыць у вагончыку трэба было яшчэ дамагчыся / асабісты архіў

    А вось і вагончыкі, у якіх жывуць уцекачы / асабісты архіў

    У Польшчу мяне прывезлі ў горад Згажэлец. Там польскія памежнікі падпісалі нейкія дакументы з немцамі, і мяне перадалі польскаму боку.

    Андрэй звяртае ўвагу, што ўсю дарогу, пакуль яго везлі, ён пытаўся пра свой пашпарт. Яму паказвалі нейкую паперу з яго фота, маўляў, няма праблем. Тады Андрэй зноў і зноў паўтараў: «Дзе мой пашпарт? Вы везяце яго?» Суправаджальнік паабяцаў камусьці патэлефанаваць.

    Калі беларуса прывялі на размову да польскага афіцэра на мяжы, той тут жа пачаў пытацца ў яго пра пашпарт. Мужчына патлумачыў сітуацыю і сказаў, што хацеў бы падацца на міжнародную абарону. Яму сказалі «ок», праанкетавалі, далі першасны дакумент і праінструктавалі, як запаўняць вялікую анкету, каб не ехаць самому ва Упраўленне па справах замежнікаў у Варшаве.

    — Мяне спыталі, куды я паеду. Я сказаў, што хацеў бы адправіцца ў Лодзь, дзе ў мяне ёсць сябры. Мяне падвезлі на чыгуначную станцыю — так я апынуўся там, дзе жыву дагэтуль. У Лодзі я адказаў на пытанні анкеты, раздрукаваў і разам з пратаколамі затрымання, судовымі рашэннямі, пасведчаннем аб тым, што я працаваў журналістам, і іншымі дакументамі адправіў поштай у Варшаву.

    15 сакавіка маю анкету атрымалі — у мяне ёсць квіток. Таксама мне прыйшла «дэцызія» пра тое, што мне прызначылі дапамогу. Усё быццам наладжвалася: у мяне з’явілася медыцынская страхоўка, і я пачаў хадзіць па дактарах.

    Горад Згажелец, 4 сакавіка / асабісты архіў

    Рашэнне аб выправаджэнні ў Беларусь

    — Але 26 траўня мне ператэлефанавалі з фірмы, якая арганізоўвае наведванне медустаноў у рамках маёй страхоўкі, і сказалі, што страхоўка больш не працуе, а ўсе мае запісы адмяняюцца — маўляў, ім прыйшло паведамленне з «ужонда».

    Я пачаў тэлефанаваць на інфалінію, пісаў лісты. Нічога канкрэтнага. Дапамогу больш таксама не дасылалі. Я зноў тэлефанаваў і пісаў.

    Я пытаўся на інфалініі, можа, з маёй справай што-небудзь не так? Мне адказвалі, што ўсё нармальна. Урэшце я іх дастаў сваімі званкамі, і 25 чэрвеня мне ператэлефанавалі з інфалініі.

    Спецыялістка сказала, што займаецца маёй справай і з ёй усё нармальна, але папрасіла наведаць мясцовае памежнае ўпраўленне і там скласці заяву аб тым, што я прашу падоўжыць працэдуру міжнароднай абароны. Таксама мне трэба было напісаць ліст у Дэпартамент сацыяльнай абароны, каб мне аднавілі медстрахоўку і выплату дапамогі.

    На наступны дзень на электронную пошту Андрэя прыйшоў ліст з «ужонда» пра тое, што яго справа на стадыі разгляду (гэта быў адказ на старыя лісты журналіста).

    Беларус узрадаваўся, што праблема нарэшце вырашыцца, і паехаў да памежнікаў. Ён патлумачыў, што яго папрасілі напісаць заяву аб падаўжэнні працэдуры. Там толькі пасмяяліся і сказалі, што справа была закрытая яшчэ 14 сакавіка.

     Вы жартуеце? А тое, што мне адказвалі на інфалініі, было нейкім спектаклем?  абурыўся Андрэй.

     Не ведаем, што вам адказвалі, але справа была закрытая ў сувязі з тым, што вы не з’явіліся ў цэнтры ўтрымання замежнікаў.

    Андрэй растлумачыў, што адразу казаў пра тое, што будзе жыць у сяброў, а ў лагерах нажыўся яшчэ ў Германіі. Але на гэтым размова не скончылася. Камендант памежнага ўпраўлення спытаў у журналіста, дзе пашпарт. Андрэй сказаў, што спадзяецца, што яго пашпарт нарэшце перадалі ў Польшчу, бо да яго дэпартацыі з Германіі рыхтаваліся некалькі месяцаў.

    Памежнік развёў рукамі:

     Па-чалавечы зразумець магу, але пашпарта няма — значыць, я схільны лічыць, што вы знаходзіцеся ў краіне нелегальна, і адкрываю адміністрацыйную вытворчасць аб вашым выправаджэнні ў Беларусь.

    На вуліцы Лодзі / асабісты архіў

    У той жа час Андрэя паспрабавалі супакоіць, што гэта простая фармальнасць. Каб не даваць ёй ходу, журналіст павінен быў папрасіць міжнародную абарону яшчэ раз.

     Вядома, калі пытанне стаіць рубам паміж паўторнай падачай на абарону і выездам у Беларусь, дзе чакае суд у рамках крымінальнай справы, я выбраў падацца паўторна. Зноў запоўніў усе дакументы, мяне строга папрасілі патэлефанаваць у цэнтр утрымання для мігрантаў і папярэдзіць, што я не прыеду (аказваецца, і першы раз трэба было так зрабіць, але мне пра гэта ніхто не сказаў).

    А яшчэ мяне абавязалі кожны месяц прыязджаць у памежнае ўпраўленне і адзначацца, што я нікуды не паеду. Быццам я магу некуды з’ехаць без пашпарта…

    Так Андрэй падаўся на абарону яшчэ раз, пасля чаго атрымаў смс, што справа аб забеспячэнні міжнароднай абаронай адкрыта. Трэба пачакаць. Беларусу аднавілі дапамогу, яна дазваляе яму аплачваць пакой, бо ў сяброў мужчына больш не жыве.

    — Я думаў, што ўсё нармальна, але 30 кастрычніка атрымаў заказны ліст ад каменданта памежнікаў, — кажа суразмоўца Еўрарадыё. — Гэта было рашэнне аб абавязацельстве замежніка выехаць у Беларусь і забарона на ўезд на тэрыторыю Польшчы і іншых краін Шэнгенскай дамовы на працягу аднаго года. Пад гэтым стаялі мае дадзеныя: прозвішча, імя, грамадзянства — Беларусь.

    Цікава, як яны гэта ўсё пішуць, калі не вераць, што ў мяне ёсць пашпарт і польская віза. Чаму яны не высылаюць мяне ў Германію, адкуль мяне прывезлі ў Польшчу?

    Карацей, не разумею, што адбываецца. У той жа дзень я звярнуўся ў «Par­tyzan­ka» (ініцыятыва па аказанні дапамогі мігрантам) і Цэнтр беларускай салідарнасці па юрыдычную дапамогу.

    Юрыст сказаў, што на час разгляду майго прашэння аб забеспячэнні міжнароднай абаронай такія дзеянні, як выправаджэння або дэпартацыя, рабіцца не павінны. Усё вельмі заблытана. Пакуль я падаў скаргу на памежнікаў і чакаю рашэння «ўжонда» аб міжнароднай абароне. Калі рашэнне будзе адмоўным, яго таксама можна спрабаваць абскардзіць. Адвакат абяцаў дапамагчы. Не ведаю, наколькі гэта рэальна, але буду старацца застацца тут.

    — Як вы адчуваеце сябе пасля ўсёй гэтай гісторыі?

    — У мяне такое адчуванне, быццам я вакол вінаваты. Вінаваты ў тым, што паехаў у Германію, вінаваты ў тым, што паехаў у Польшчу. Вінаваты ў тым, што мой пашпарт невядома дзе, вінаваты нават у тым, што мяне нахабна падманвалі, а я верыў і прапусціў час, каб нешта зрабіць. Я з усіх сіл стараюся гуляць паводле правіл, але яны, аказваецца, дзейнічаюць не для ўсіх.

    Увогуле, круціся як хочаш. Ты не маеш права выязджаць за межы Польшчы, але шукай пашпарт у Германіі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці