«Беларускае Радыё Рацыя» таксама прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем»
КДБ вынес адпаведнае рашэнне 16 студзеня. У Пераліку арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, інфармацыя пра гэта з'явілася на тыдзень пазней.
Рэшэнне беларускага Камітэта дзяржбяспекі тычыцца ўласна сайта незалежнага радыё і афіляваных з ім сацыяльных сетак — instagram.com/racyja; vk.com/racyja; facebook.com/racyja; twitter.com/Racyja; Telegram-канал «Беларускае Радыё Рацыя» i YouTube-канал «Рацыя».
Таксама ў рашэнні КДБ згаданыя прозвішчы грамадзяніна Польшчы Яўгена Вапы і беларуса Яўгена Валошына. Ведамства лічыць, што яны маюць дачыненне да дзейнасці гэтага СМІ.
Паведамленне пра прызнанне «Беларускага Радыё Рацыя» чарговым «экстрэмісцкім фарміраваннем» з’явілася на інтэрнэт-старонцы радыё.
Офіс рэдакцыі «Беларускага Радыё Рацыя» месціцца ў Беластоку (Польшча). Радыёперадачы гучаць на беларускай мове, іх можна слухаць як праз сайт, так і ў FM-фармаце — на Беласточчыне, у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Усяго на польска-беларускім памежжы «Беларускае Радыё Рацыя» ахоплівае тэрыторыю, якую насяляе каля 2,5 мільёна чалавек.
Як пазначана на сайце выдання, радыё «прапануе вельмі разнастайную праграму», у тым ліку «цікавыя ды кампетэнтныя аўтарскія перадачы, якія прэзентуюць грамадскія, культурныя, эканамічныя, палітычныя пытанні, спорт, гісторыю, правы чалавека». Рэдакцыя бачыць сваіх слухачоў як «актыўных людзей, арыентаваных на прафесійнае развіццё, зацікаўленых тым, што адбываецца ў рэгіёне, дзе яны жывуць, а таксама выклікамі, якія ставіць перад імі сучасны свет».
Чытайце яшчэ:
Барысаўскага фатографа Аляксандра Зянкова прызналі палітзняволеным
Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы сцвярджае, што гатовы праект пастановы аб стварэнні адзінай медыякампаніі. Што з ёй не так?
Прысуд рэдактару «Рэгіянальнай газеты» Аляксандру Манцэвічу пакінулі без зменаў