Беларусь адмяніла забарону на ўезд украінскаму пісьменьніку Жадану
Беларусь анулявала ўкраінскаму пісьменьніку і паэту Сяргею Жадану забарону на ўезд у краіну. Рашэньне было прынятае цягам некалькіх гадзін.
«Тое, што пытанне пазытыўна вырашылася, гэта добрае сьведчаньне, што супярэчаньняў паміж намі няма. Вельмі разьлічваю на тое, што гэта не тэндэнцыя, а выпадак» — распавёў Свабодзе Сяргей Жадан.
Раніцай стала вядома, што ўкраінскаму пісьменьніку Сяргею Жадану паставілі штамп у пашпарт аб забароне на ўезд у Беларусь на нявызначаны тэрмін. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Паводле Сяргея Жадана, у нумар гатэлю ў Менску каля дзьвюх гадзін ночы да яго ўварваўся міліцэйскі патруль. Нічога не тлумачачы, міліцыянты даставілі Сяргея Жадана ў пастарунак, потым павезьлі ў Ленінскі РУУС.
«У Ленінскім зноў прабівалі па базе, нарэшце, патлумачылі — аказваецца, мне яшчэ ў 2015‑м забаронены ўезд на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі з фармулёўкай „за датычнасьць да тэрарыстычнай дзейнасьці“. А паколькі Беларусь і Казахстан знаходзяцца з РФ у адной візавай зоне (не пашанцавала), то забарона аўтаматычна пераходзіць і да Беларусі з Казахстанам. І калі немагчымасьць патрапіць у Казахстан я яшчэ неяк перажыву, то за Беларусь крыўдна», — напісаў Сяргей Жадан.
Ён распавёў, што начаваць давялося ў камэры.