БДІПЧ АБСЕ не зможа адправіць назіральную місію ў Беларусь 25 сакавіка
Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ не зможа накіраваць адмысловую назіральную місію ў Мінск 25 сакавіка, калі ў Беларусі чакаюцца масавыя акцыі.
ПЦ «Вясна» заклікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ накіраваць у Мінск 25 сакавіка адмысловую назіральную місію. Аднак з Бюро прыйшоў адказ, што гэта немагчыма.
Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе тлумачыць, што, у адпаведнасці з метадалогіяй БДІПЧ па маніторынгу мірных сходаў, любое разгортванне маніторынгу БДІПЧ патрабуе папярэдняй афіцыйнай камунікацыі з уладамі дзяржавы, у дачыненні да якой плануецца правядзенне такога маніторынгу.
«На працягу такога кароткага перыяду БДІПЧ, на жаль, не зможа арганізаваць маніторынг маючых адбыцца мітынгаў у Мінску 25 сакавіка», — гаворыцца ў лісце да беларускіх праваабаронцаў.
Але БДІПЧ АБСЕ зацікаўлена ў атрыманні свежай інфармацыі аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, гаворыцца ў лісце за подпісам дырэктара Бюро Міхаэля Георга Лінка.