БАЖаўцы ўзялі ўдзел у экалагічным прэс-туры (фота)
Сябры ГА “БАЖ” былі ў складзе зборнай каманды беларускіх журналістаў, якія за 5 дзён – з 26 па 30 кастрычніка – наведалі беларускія ўчасткі праектуемага воднага шляху Е-40 ад Балтыйскага да Чорнага мора, зону паўторнага забалочвання Белавежскай пушчы і Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод.
У Міжнародным адукацыйным Цэнтры імя Ёханэса Раў у Мінску пачаліся і працягваліся ў часе прэс-тура майстар-класы пад кіраўніцтвам замежных экспертаў – Алекса Кірбі (рэдактар “Сеткі навінаў клімату” (Climate news network), Англія), Сьюзан Боос (журналістка, Швейцарыя) і Нікалая Дзянісава (прадстаўнік экалагічнай арганізацыі “ZOI”, Швейцарыя), Алега Лістапада (журналіст, Україна).
Цягам прэсавага тура ўдзельнікаў кансультавалі беларускія эксперты: Вольга Захарава (Орхусскі Цэнтр Рэспублікі Беларусь), Канстанцін Цітоў (старшы навуковы супрацоўнік Цэнтральнага навукова-даследчага Інстытута комплекснага выкарыстання водных Рэсурсаў (ЦНаДІКоВВР), Антон Раднянкоў (менеджэр праекта “Інтэракцыя”), Віктар Фянчук (“Ахова птушак Бацькаўшчыны”) і іншыя.
Напрыканцы паездкі швейцарская журналістка Эмануэль Бурнэ падзялілася досведам складання візуальна-графічных матэрыялаў для газеты “Лё монд дыпламатык”.
Удзельнікі прэс-тура наведалі вярхоўі Ясельды, адной з найбольш паводканебяспечных рэк, і змаглі на месцы абмеркаваць яе сёлетнюю малаводнасць і перспектывы напаўнення вадой рэк Палескага рэгіёна.
“Гэты аспект набыў міжнароднае гучанне з‑за нашых спрэчак з украінскім бокам што да напаўнення Прыпяці ў яе вярхоўях”, – зазначыў Канстанцін Цітоў. – Яшчэ больш важным з’яўляецца водны баланс для праекта трох краін Е‑40, які можа звязаць Польшчу, Беларусь і Украіну водным шляхам. Адбор вады ў вярхоўях Прыпяці ўжо ўрэгуляваны, а вось ці хопіць нам вады, каб запоўніць сістэму Е‑40 – адказ атрымаем у снежні”.
Алег Лістапад выказаў апасенні, што земляныя працы і актыўнае суднаходства могуць зрушыць баланс радыяцыі ў зоне, дзе пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС выпалі і залеглі ў глебе і на дне вадаёмаў радыёактыўныя ападкі.
Шмат тэмаў падаравала ўдзельнікам тура Белавежская пушча. Брэсцкі смеццеперапрацоўчы завод, хоць і збудаваны паводле сучасных тэхналогій аўстрыйскай фірмай STRABAG, не здолеў пагасіць крытычнага настрою некаторых асабліва “зялёных” журналістаў.
Чакаецца, што 24 ўдзельнікі прэс-тура неўзабаве перададуць беларускаму чытачу пачутае ды акрэсляць сваё бачанне (калі прапусціць рэдактар).
За добра зладжаны прэс-тур удзельнікі дзякуюць беларускай арганізацыі “Экапартнёрства” (выканаўчаму дырэктару Аліне Бушмовіч – асобная падзяка). “Экапартнёрства” змагло далучыць да супрацы Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і заручыцца падтрымкай замежных партнёраў, загалоўным з якіх праходзіў шведскі фонд SIDA.