БАЖ звярнуўся да спецдакладчыкаў ААН з нагоды затрымання Сяргея Сацука
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звярнулася да Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын і да Спецдакладчыка па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне Дэвіда Кайе з нагоды затрымання Сяргея Сацука.
У звароце апісаная сітуацыя з затрыманнем рэдактара “Ежедневника» і пагрозамі яму ў сувязі з прафесійнай дзейнасцю.
Спецыяльны дакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын паведаміла, што атрымала ліст з гэтай інфармацыяй і заклікала паведамляць пра развіццё падзей.
У межах свайго мандата дыпламат можа запрасіць ад уладаў Беларусі тлумачэнняў па сітуацыі.
Сяргей Сацук, рэдактар анлайн-выдання «Ежедневник», быў затрыманы 25 сакавіка супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. У рэдакцыі і дома ў журналіста адбыліся ператрусы. Супрацоўнікаў рэдакцыі выклікалі на допыт у ДФР.