• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    БАЖ звазіў журналістаў у месца, што ніжэй за мора і вышэй за горы ШМАТ ФОТА

    Найбуйнейшае прадпрыемства ў Еўропе па здабычы і перапрацоўцы шчыльных горных парод — РВУП “Граніт” — наведалі сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў у межах традыцыйнага летняга прэс-тура.

    img_4267_kopiya.jpg

    Перад тым, як адправіцца на вядомае прадпрыемства, гасцей, а яны прыехалі з Мінска, Брэста, Гродна, Горак, Барысава і нават Беластока, запрасілі на гарбату. Яе прыгатавалі Алена і Аляксандр Баліцкія, якія на прафесійнай аснове займаюцца развядзеннем кветак. Напой з карысных траў у 35-градусную спёку прыйшоўся ўсім даспадобы.

    Алена, біёлаг па адукацыі, распавяла пра тое, як вырашыла змяніць сваё жыццё – сысці з настаўніцкай пасады і заняцца уласнай справай.

    img-1b4a27c507ab1feb4d64cd138c3086d0-v.jpg

    Тысячы гаршчкоў з сотнямі відаў раслін месцяцца ў трох вялізных цяпліцах, клопат пра іх адымае ў гаспадароў увесь час. “Адпачынак у нас толькі ў снежні”, — прызналася гаспадыня. Госці задавалі шматлікія пытанні, каб падрыхтаваць цікавыя матэрыялы пра сям’ю прадпрымальнікаў.

    Да нядаўняга часу трапіць на “Граніт” было амаль немагчыма. Нават некаторыя сябры Лунінецкай філіі пабывалі тут упершыню. Толькі ў гэтым годзе пачалі ладзіць экскурсіі на пляцоўку, адкуль можна пабачыць, як на далоні, увесь кар’ер. Да таго ж адкрылі музей гісторыі прадпрыемства.

    Гісторыя “Граніта” пачынаецца з 1963 года, калі Паўднёвая беларуская экспедыцыя выявіла вялікія запасы будаўнічага каменя і дала ім назву Мікашэвіцкі выступ.Здабываць горныя пароды пачалі ў 1973 годзе.

    У цяперашні час кар’ер «Мікашэвічы» ўяўляе сабой самую вялікую адкрытую горную выпрацоўку ў Цэнтральнай Еўропе. Кар’ер расцягнуўся на 2760 м з захаду на ўсход і на 1770 з поўначы на поўдзень. Глыбіня кар’ернай выпрацоўкі складае 150 м, што на 20 м ніжэй за ўзровень Балтыйскага мора. Сёння “Граніт” выпускае больш за 21 млн тон нярудных будаўнічых матэрыялаў у год.

    Пра ўсё гэта журналістам распавяла экскурсавод Ніна Кіндрук. Яна пазнаёміла прысутных з экспазіцыяй музея, шчыра адказала на пытанні прысутных.

    — Спадзяемся, што наступным разам зможам сустрэцца з кіраўніцтвам прадпрыемства і зладзіць прэс-канферэнцыю, — гаворыць старшыня Луніненцай філіі БАЖ Алена Насковіч. — Тым больш, што інфармацыйная нагода для гэтага будзе: вядзецца распрацоўка новага радовішча — Сінкевіцкага.

    Уразілі журналістаў вадаспады. Яны ўтвараюцца ў месцах здабычы карысных выкапняў.

    На другі дзень гасцям прапанавалі пабываць на клубнічных плантацыях фермераў, наведаць адзіны ў краіне спецыялізаваны клубнічны рынак.

    Падчас медыяпікніка, удзельнікі прэс-тура дзяліліся ўражаннямі.

    Аляксандр Зянкоў, “Абажур”: — Заўсёды чакаю лунінецкіх прэс-тураў. Прапусціў толькі аднойчы. А так і па палескіх рэках Смердзі, Случы, Прыпяці, Ясельдзе хадзіў, і трускаўкі здымаў, і палі маркоўных баронаў… “Граніт” вельмі ўразіў. Ніколі не думаў, што такое можа быць у Беларусі. Упэўнены, што сябры-лунінчане яшчэ нешта такое прыдумаюць, чаго мы больш нідзе не пабачым.

    Ірына Новік, Hrodna.life: — Вельмі ўдзячна калегам з Лунінца, што іх намаганнямі ўсе чаканні ад прэс-тура спраўдзіліся напоўніцу. Уразіла радовішча граніту ў Мікашэвічах. Раней месцаў у Беларусі, што ніжэй за мора і вышэй за горы, не даводзілася бачыць. Думаю, што і чытачам Hrodna.life будзе цікава пазнаёміцца з гэтым унікальным месцам.  Аказалася, што вырошчваюць клубніцы на Лунінеччыне і выхадцы з Гарадзеншчыны. Яны стануць героямі аднаго з бліжэйшых  рэпартажаў.

    Канечне, я атрымала і шэраг дадатковых бонусаў — новыя знаёмствы і магчымасць сустрэцца з калегамі. Літаральна ў кожнай размовы былі свае карысныя вынікі. З Антонам Сурапіным абмеркавалі пры нагодзе ўмовы палётаў на дронах, а са Святланай Гарда высветлілі, што ў камандзе па матаболу гуляюць гродзенцы. То бок нефармальная частка сустрэчы аказалася не менш цікавай і напоўненай, чым запланаваная.

    Яўген Скрабец, “Радыё Рацыя”: — Удзельнічаю ў прэс-туры другі год запар. Абрастаю сувязямі, набіраюся як прафесійнага вопыту ў калегаў, так і жыццёвага ў паспяховых людзей — герояў будучых сюжэтаў, з якімі сустракаемся ў час гэтага мерапрыемства. Як вынік — павышэнне якасці матэрыялаў і з’яўленне новых цікавых тым у эфіры так і на старонках інтэрнэту. Сябрам БАЖ — рэкамендую гэты прэс-тур.

    20190614_100403.jpg

    Максім Хлябец, “Нататнік”: — Упершыню пабываў у Лунінецкім прэс-туры. Застаўся пад вялікім уражаннем ад мікашэвіцкіх кар’ераў. Упэўнены, што тут павінны не толькі граніт здабываць, але і развіваць турызм у гэтым раёне Брэстчыны. Клубнічны і кветкавы рай, створаны рукамі прадпрымальнікаў, — гэта наогул цуд. Захацелася купіць сабе домік у вёсцы і пасадзіць што-небудзь. Самае важнае, што журналісты з розных рэгіёнаў сустрэліся і правялі разам гэтыя два дні. Карысна было бліжэй пазнаёміцца і абмяняцца вопытам.

    Аксана Бровач, “Комсомольская правда» в Беларуси”: — Пасля лунінецкіх прэс-тураў рэпартажы, па-мойму, атрымліваюцца ўдалымі. Яшчэ ні разу не з’ездзіла марна: ці адразу пішу, ці на потым нешта прыкмячаю. Пра трускаўкі я пісала разоў сто — і так, і гэтак, але калегі кожны раз прымудраюцца паказаць нешта новенькае! Не стамляюся рэкламаваць калегам Палессе — тут добра. І Лунінецкую філію БАЖ — у іх заўсёды ўсё па вышэйшым разрадзе: пакажуць усё самае цікавае, загрузяць працай, смачна накормяць, цёпла на развітанне абдымуць!

    Репортаж участника: “За два года в ягоду вложил 20 000$”. Как зарабатывают на клубнике в Лунинецком районе

    Учора – па 50 капеек, сёння – па 1 рублі. Што можа выратаваць трускаўкавы бізнес?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці