БАЖ удзельнічае ў выставе «СМІ ў Беларусі» ШМАТ ФОТА
Сёння ў Мінску пачала працу ХХІІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава "СМІ ў Беларусі". Беларуская асацыяцыя журналістаў упершыню прымае ў ёй удзел.
У выставе ўдзельнічаюць больш за 50 суб’ектаў медыйнага поля Беларусі.
ГА «БАЖ» знаходзіцца на стэндзе № 31 НВЦ “БелЭкспа” (пр‑т Пераможцаў, 14). Уваход на выставу бясплатны.
У працы Беларускай асацыяцыі журналістаў запланаваныя сустрэчы з рэдактарамі буйных медыя, абмеркаванні актуальных для медыйнага поля пытанняў.
Запрашаем на стэнд Беларускай асацыяцыі журналістаў на выставе “СМІ ў Беларусі”!
Гэта спасылка на матэрыял пра выставу «СМІ ў Беларусі», які летась пісала для сайта Марыя Малевіч: Фарс і карнавал — фрылансер пра выставу “СМІ ў Беларусі”.
На жаль, мусім канстатаваць, што ўсё, сказанае аўтарам, праўда, нічога не змянілася.
Медыя на выставе заўважныя мала. Тут няма журналістыкі як прафесіі, не паказваюць выбітныя, сацыяльна значныя спецпраекты рэдакцый, сучасныя тэхналогіі, хаця за апошні пункт можна залічыць дарагія перасоўныя тэлевізійныя студыі. Затое на выставе шмат, не так — ШМАТ, ВЕЛЬМІ ШМАТ карнавалу, песень, танцаў і шуму, у якім цяжка пачуць нават свайго суразмоўцу. Выстава сёлета прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Магчыма, таму яна была прасякнута тэмаю мілітарызму.
Паглядзіце фота, а лепш прыйдзіце на выставу, каб уласна ацаніць і зразумець, як медыя бачаць сябе, сваю місію і ролю ў грамадстве.
Беларуская асацыяцыя журналістаў зладзіла дыскусію «Інфармацыйная бяспека Беларусі ў медыясферы». Удзельнічалі Андрэй Бастунец — старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», Вадзім Мажэйка — аналітык BISS, Паўлюк Быкоўскі — медыяэксперт.