БАЖ пачаў маніторынг прарасійскай прапаганды на дзяржтэлеканалах Беларусі
Асноўная мэта маніторынгу — вызначыць і зафіксаваць наяўнасць, аб'ём, змест і форму прарасійскай прапаганды ў беларускіх дзяржаўных СМІ, а таксама яе носьбітаў і распаўсюджвальнікаў. Грунтуючыся на атрыманых выніках, прааналізаваць, як змянілася прарасейская прапаганда ў параўнанні з дадзенымі папярэдніх даследаванняў.
Яшчэ адна мэта маніторынгу — вызначыць прысутнасць расійскай тэматыкі і аб’ём перадач расійскай вытворчасці, якія транслююцца на тэлеканалах, якія ўваходзяць у агульнаабавязковы ТБ-пакет (што можа сведчыць аб прадстаўленні агульнай «карціны свету» пад уздзеяннем расійскага погляду).
Аб’екты маніторынгу
Зараз у Беларусі закрытыя практычна ўсе незалежныя друкаваныя СМІ (якія асвятляюць палітычныя і сацыяльныя пытанні без уплыву дзяржавы або афіляваных з ёю асоб і структур), спынена вяшчанне замежных тэле- і радыё- СМІ, практычна ўсе незалежныя анлайн медыі заблакаваныя ў Беларусі, што абмяжоўвае магчымасць доступу да іх аўдыторыі. Пры гэтым фінансавая падтрымка дзяржаўных СМІ ўзрастае.
Такім чынам, у якасці аб’ектаў для маніторынгу расійскай прапаганды мы абралі тры беларускія дзяржаўныя тэлеканалы:
-
АНТ;
-
СТВ;
-
тэлеканал «Беларусь 1».
Маніторынгу падлягаюць усе вячэрнія (выніковыя) праграмы навінаў на гэтых тэлеканалах у буднія дні (панядзелак — пятніца), а таксама выніковыя тыднёвыя інфармацыйна-публіцыстычныя праграмы, якія транслююцца ў выходныя. Аналітычныя праграмы, дакументальныя праекты і г.д. не з’яўляюцца аб’ектамі маніторынгу.
Перыяд маніторынгу — з 01.02 па 29.02.2024 года ўключна.
Фіксуюцца і падлягаюць маніторынгу ўсе сюжэты, у якіх фігуруюць расійскія акторы альбо прысутнічаюць інфармацыйныя нагоды, звязаныя з Расіяй, незалежна ад таго, ці датычацца яны беларуска-расійскіх адносін, уключаючы матэрыялы, звязаныя са спортам, культурай, здарэннямі. Вылічваецца і ўносіцца ў адпаведную графу табліцы іх працягласць.
— Маніторынг прымеркаваны да выбараў так званых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў, аднак гэта не ёсць маніторынг асвятлення выбараў у СМІ, якія раней праводзіў БАЖ. Не мае сэнсу вымяраць прадастаўленне рознымі медыя часу і плошчы палітычным сілам у сувязі з жорсткім прыгнечаннем апазіцыі ў краіне і адсутнасцю выбару як такога. Але нас цікавіць тое, якую палітыку праводзяць у гэты перыяд беларускія дзяржаўныя тэлеканалы і ступень прарасейскай прапаганды ў іх падчас выбарчай кампаніі, — кажа кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец.
Беларуская асацыяцыя журналістаў праводзіла такое даследаванне ў 2018–2021 гадах, што дазволіць параўнаць вынікі і вызначыць тэндэнцыі ў вяшчанні дзяржТВ.