БАЖ далучыўся да звароту дэпутатаў Еўрапарламента наконт патрабавання вызваліць чатырох Сахараўскіх лаўрэатаў
ГА "БАЖ" далучыўся да звароту дэпутатаў Еўрапарламента і Сахараўскіх лаўрэатаў з просьбай запатрабаваць неадкладнага вызвалення чатырох Сахараўскіх лаўрэатаў.
Зварот да Федэрыкі Магерыні — Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі, Жана Клода Юнкера — Старшыні Еўрапейскай Камісіі, Дональда Туска — Старшыні Еўрапейскай Рады, ініцыяваны еўрадэпутаткай і лаўрэаткай прэміі Сахарава Майте Пагазаўртундуа, падпісалі больш за паўсотні дэпутатаў з розных палітычных групаў Еўрапарламента і сахараўскіх лаўрэатаў.
Еўрапейскіх лідараў просяць запатрабаваць ад урадаў Расіі, Венесуэлы, Саўдаўскай Аравіі, Ірана неадкладнага вызвалення ўкраінца Алега Сянцова, апазіцыйнага лідара Леапольда Лопеса, блогера Райфа Бадаві і адвакаткі Насрын Сатудэ.
“Яны атрымалі ўзнагароду за абарону свабоды, а зараз мы мусім патрабаваць свабоды для іх. Еўрапейскі Саюз мусіць неадступна патрабаваць вызвалення чатырох сахараўскіх лаўрэатаў. Свабода — гэта галоўная каштоўнасць Еўрасаюза, свабода — гэта тое, за што яны змагаюцца і за што яны былі ўзнагароджаныя прэміяй Сахарава. Мы павінны дзейнічаць, каб яны неадкладна атрымалі свабоду…”
Беларуская асацыяцыя журналістаў адна з першых далучылася да звароту на адрас еўрапейскіх лідараў.