БАЖ атрымае Нацыянальную прэмію Украіны за свабоду слова
Беларуская асацыяцыя журналістаў стала сёлетнім лаўрэатам Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны свабоды слова імя Ігара Лубчанкі. Такое рашэнне прыняў сакратарыят Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны.
Пра гэта паведамляе ў на сваей старонцы у Facebook старшыня Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Сяргей Таміленка. Ён адзначыў, что рашэнне аб прысуджэнні Нацыянальнай прэміі ў абарону свабоды слова імя Ігара Лубчанкі, шматгадовага старшыні Нацыянальнага саюза журналістаў, вядучай беларускай журналісцкай арганізацыі — БАЖ, якая зазнала рэпрэсіі на радзіме, з’яўляецца праявай салідарнасці і падтрымкі з боку ўкраінскіх калег.
— За апошні год незалежныя беларускія журналісты зведалі маштабныя рэпрэсіі і працягваюць знаходзіцца пад жорсткім ціскам з боку ўладаў, сотні калегаў былі збітыя і рэпрэсаваныя, а дзесяткі — адпраўленыя ў турмы. Незалежная Беларуская асацыяцыя журналістаў салідарная з рэпрэсаванымі калегамі, таму рэжым Лукашэнкі пераследуе кіраўніцтва БАЖ і пазбавіў арганізацыю легальнага статусу. Нашы беларускія калегі з’яўляюцца прыкладам для ўсіх украінскіх журналістаў, як трэба змагацца за свае правы, як быць вернымі каштоўнасцям свабоды слова і сваёй прафесіі, — адзначыў кіраўнік НСЖ Сяргей Таміленка.
Улады заблакавалі сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў — чытайце нас у Telegram
БАЖ працягвае сваю дзейнасць, у тым ліку ва Украіне, Літве і Польшчы, куды былі вымушаныя з’ехаць дзясяткі беларускіх журналістаў. Нацыянальны саюз журналістаў Украіны актыўна ўдзельнічае ў камунікацыі з дзяржаўнымі структурамі Украіны для вырашэння пытанняў легалізацыі беларускіх журналістаў, ладзіць акцыі салідарнасці з калегамі.
Даведка:
Прэмія заснаваная Нацыянальным саюзам журналістаў Украіны ў памяць шматгадовага старшыні Саюза журналістаў Ігара Лубчанкі. У мінулыя гады лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі за свабоду слова былі Уладзімір Мастовы, Аляксандр Брыж, Мікалай Сямёна, Раман Сушчанка, Валерый Макееў, Станіслаў Асееў, крымскататарскія журналісты, а таксама Агнешка Рамашэўская (віцэ-прэзідэнт Польскай асацыяцыі журналістаў).