Як «Лукавыя навіны» перараслі ў энцыклапедыю беларускіх фэйкаў: БРЦ прэзентаваў маштабны праект
Беларусь такога яшчэ не бачыла: БРЦ стварыў і прэзентаваў беларускую базу з 750 найбольш папулярных у медыйнай прасторы фэйкаў.
Вясной 2024 года Беларускі раследавальніцкі цэнтр прэзентаваў базу беларускай прапаганды, у якой сабраў каля 750 папулярных фэйкаў (у жніўні чакаецца яшчэ і вебінар). База дазволіць не толькі знайсці фэйкі, адсачыць дынаміку іх з’яўлення, але і вывесці пэўныя законы, паводле якіх фэйкі нараджаюцца. Тут сабраныя фэйкі з 2021 года, якія альбо распаўсюджваліся ў беларускіх медыях, альбо маюць дачыненне да Беларусі.
Антыфейкавы праект вырас з «Лукавых навінаў» на Белсаце — праграмма стартавала ў 2019 годзе пры ментарскай і фінансавай падтрымцы Цэнтра па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP). Восенню 2022 каманда БРЦ вырашыла выпускаць праграму на ўласным канале пад назвай Weekly Top Fake (WTF). Пры гэтым праграма «Лукавыя навіны» працягвае выходзіць на «Белсаце» ў змененым фармаце.
Пра стварэнне праекта і ягоныя задачы БАЖ пагутарыў з намеснікам дырэктара Беларускага раследавальніцкага цэнтра (БРЦ) Аляксандрам Вастровым.
Што такое Weekly Top Fake
— Weekly Top Fake – гэта штотыднёвае ютуб-шоў, якое мы распаўсюджваем і на другіх платформах (Facebook, Tik-Tok, Instagram). Цяпер гэта самы праглядваемы прадукт БРЦ: у 2023 годзе сумарны прагляд на ўсіх платформах складаў 1 мільён за адзін выпуск.
З пачатку 2023 года мы з’яўляемся ўдзельнікамі IFCN (сусветнае аб’яднанне фактчэкераў), а з 2024 мы ўключаны ў EFCSN (еўрапейскае аб’яднанне).
У каманду ўваходзяць 6–7 чалавек: рэсёрчэры, фактчэкеры, галоўны рэдактар і вядучы ютуб-канала. Фэйкі праходзяць праз некалькі сітаў: спачатку праз рэсёрчэраў, якія правяраюць самі фэйкі. Затым скрыптавік, пазней – галоўны рэдактар і, нарэшце, знешні фактчэкер, які не мае адносінаў да ўнутранага працэсу.
Два кіты беларускай прапаганды
— Мы стараемся не браць ужо «разабраныя» фэйкі, а падбіраем цікавыя для беларускай аўдыторыі фэйкі, у тым ліку і міжнародныя – каб даць гледачу поўную карціну наратываў беларускай прапаганды. А прапаганда трымаецца на двух кітах: паказвае, як усё дрэнна ў Еўропе, як яна даядае апошніх мышэй на вуліцах, дый яшчэ без солі, і пра малочныя рэкі з кісельнымі берагамі ў Беларусі. Гэта два магістральныя наратывы, да апошняга прычэпам ідуць «беглыя» з Польшчы, з краін Балтыі, з Германіі, якія перабраліся ў Беларусь і расхвальваюць новую «радзіму». А нясуць яны поўную лухту, бо знаходзяцца ў сваім вакууме, ці запаведніку, з якога іх не выпускаюць.
Наша асноўная дзейнасць называецца дэбанкінг: узялі фэйк і даказалі, што гэта хлусня. Але такі падыход мае вялікі мінус: сама прырода фэйка вельмі віральная, як вірус, захоплівае гіганцкую колькасць людзей. Каб дэбанкінг меў такі ж агромністы поспех, нам трэба абабегчы такую ж колькасць спажыўцоў. А гэта, як правіла, нерэальна, бо вельмі складана зрабіць разаблачэнне такім жа захапляльным, як сам фэйк. Дэбанкінг досыць сумная рэч – з доказамі, з абвяржэннямі, не такая рок-н-рольная, як фэйк.
Чаму фэйкі больш папулярныя за праўдзівую інфармацыю
— Проста фэйкі па сваёй прыродзе (у сілу сваёй нерэалістычнасці, нават казачнасці) нясуць зарад схаванай ісціны, якой хочацца падзяліцца. А разаблачэнне – звычайная рэальнасць, з якой штодня сутыкаешся на вуліцы. Ваў, амерыканцы не высаджваліся на Месяц – аж дух захоплівае ад такога прасвятлення. А калі дакументамі даказваеш трызненне аўтараў гэтага фэйка – што ж тут прыцягальнага?
Мы стараемся сумясціць два падыходы: тэкставы разбор фэйкаў можна знайсці на нашым сайце, адначасова мы стараемся ўпакаваць наша разаблачэнне ў відэафармат – з мемамі, з дынамічным мантажом, з графікай. І гэта дае свае плады.
Каб супрацьстаяць выкліку дэбанкінга, створаная новая тэорыя – перадбанкінг: калі вы адстрэльваеце фэйк на ўзлёте, апярэджваеце яго. Спецыялісты могуць прадказаць фэйкавыя ўкіды пасля той ці іншай падзеі, таму апярэджваюць з’яўленне фэйкаў контрааргументамі. Google мае вельмі харошае падраздзяленне прэбанкінга, менавіта Google выявіў, што структура многіх фэйкаў паўтараецца: наратывы, якія ў 2014 годзе выкарыстоўваліся ў адносінах да сірыйскіх бежанцаў, цяпер выкарыстоўваюцца супраць украінскіх бежанцаў. Разумеючы прыроду стварэння фэйкаў, можна рабіць крокі на апераджэнне. Заходнія калегі стварылі адмысловую базу расійскіх фэйкаў наконт еўрапейскіх выбараў.
База фэйкаў айчыннай вытворчасці
— Ніша наратываў чыста беларускай прапаганды аказалася вольнай, таму мы разам з партнёрамі («Зеркало», «Наша Ніва», «Белсат», «Мотолько, помоги!») стварылі базу з 750 фэйкаў, у якой можна адсачыць сувязі паміж рознымі наратывамі, паглядзець дынаміку развіцця фэйка. Гэта вялікі сегмент рэсёрчынга і вельмі вялікі і класны інструмент для развіцця штучнага інтэлекту. Бо другая гісторыя – гэта чат-боты, якія на базе скампіляваных фэйкаў выдаюць вам пэўную інфармацыю. Напрыклад, у Іспаніі ў медыя Maldita на базе розных мэсанджараў вы дасылаеце нейкую спасылку, пытаецеся: гэта фэйк ці праўда? І чат-бот вам адказвае: гэта фэйк і даказвае, чаму. Тэхналогія патэнцыйна класная. Але Іспанія – не Беларусь, там зусім іншыя рэаліі. Maldita падзялілася сваёй тэхналогіяй з Грузіяй і Украінай і маштабіруе свае практыкі на гэты рэгіён.
Дзе «пасуцца» беларускія фэйкі
— Асноўнай крыніцай фэйкаў з’яўляецца YouTube: мы робім відэакантэнт, а калі фэйк існуе ў відэаформе, то яго прасцей акарцініць. Дарэчы, з гэтым звязаны адзіны негатыўны чэлендж. Мы атрымалі некалькі папярэджанняў ад TikTok за парушэнне правілаў па распасюджванні дэзінфармацыі і прапаганды. А чаму так? Не таму, што мы такія злодзеі, а таму што ў сваіх відэа цытавалі арыгінальныя фэйкі. Сацсетка ўпрымала цытаты з фэйкаў за дэзінфармацыю. У выніку на мінулай сусветнай канферэнцыі фактчэкераў у Сараева ўдалося TikTok задаць пытанні: колькі ж можна? Высветлілася, што гэта досыць распаўсюджаная праблема. Не ведаю, супадзенне ці не, але літаральна праз тыдзень з нашай прадукцыі знялі маркіроўку пра парушэнні. Так што прастора для пазітыўнага супрацоўніцтва прысутнічае.
Мы таксама супрацоўнічаем з Google Claim Review – гэта сістэма па маркіроўцы навін. Фэйкі, які ідуць уверсе ў рэйтынгу гугла, маркіруюцца як фэйкі: гэтае сцвярджэнне праверанае і яно носіць хлуслівы характар.
Самы тупы фэйк беларускай прапаганды
— Самы чытаемы, ён жа, напэўна, і самы тупы – верагодна пра тое, што ўкраінка стала чэмпіёнкай свету па сэксу. А самы чытаемы дагэтуль фэйк – што ў Еўропе гіганцкая колькасць прастытутак, і ўсе яны ўкраінкі. У гэтым кантэксце нельга не згадаць проста геніяльную гісторыю ад Лукашэнкі, якому канцэрн BMW нібыта падараваў машыну. Мы напісалі ў BMW, там сказалі, канешне ж, што ніхто нікому нічога не дарыў. Тая ж гісторыя адбылася з Тэслай; здавалася б, колькі разоў можна наступаць на адны і тыя ж граблі? Аказваецца, можна.
На якія фэйкі найбольш рэагуе беларуская аўдыторыя?
— Больш за ўсё папулярныя фэйкі з беларускай сацыялкай. Калі нехта сцвярджае, што ў Беларусі вельмі проста і танна сабраць дзіця ў школу, а палякі, літоўцы могуць толькі назіраць і зайздросціць. Альбо максімальна наглядныя фэйкі міжнароднага плану, якія можна акарцініць. Была інфармацыя пра неверагодна шыкоўны прыём Лукашэнкі ў Кітаі, дзе яму ледзьве не ўсе апладзіравалі стоячы. А мы паказалі арыгінальнае відэа, дзе нічога падобнага нават і не планавалася. Ці была гісторыя са змантаваным фота з Давоса, дзе таварыш са сцэны агучваў антыглабалісцкія лозунгі і закляйміў усю сусветную эліту. А ў выніку аказалася, што патрэбны гук наклалі на арыгінальнае відэа.