“Баявых прыёмаў міліцыя не прымяняла” – пракурор адказаў блогеру на парушанае права атрымаць інфармацыю
Блогер Андрэй Павук з райцэнтра Акцябрскі аспрэчыў раённаму пракурору дзеянні мясцовых супрацоўнікаў міліцыі, якія гвалтам вывелі яго 25 верасня з залы пасяджэнняў сесіі райсавета. Беспрацоўны Андрэй Павук наважваўся прысутнічаць на сесіі, каб атрымаць інфармацыю, што называецца, з першых вуснаў пра выкананне ў раёне праграмы занятасці насельніцтва.
У пісьмовым адказе пракурор Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці Андрэй Лявончык паведаміў блогеру, што няма падставаў прымаць меры пракурорскага рэагавання, бо міліцыя адрэагавала на выклік з залы пасяджэнняў сесіі райсавета. І паколькі сам Павук адмовіўся пакінуць дэпутацкае крэсла, маёр Гапоненка “ўзяў пад руку і выправадзіў з залы пасяджэнняў”.
“Якіх-небудзь баявых прыёмаў і спецыяльных сродкаў міліцыя ў дачыненні вас не прымяняла. Такім чынам, дзеянні супрацоўнікаў міліцыі былі накіраваныя на ахову грамадскага парадку, а не на парушэннне вашых правоў на атрыманне інфармацыі”, – зазначыў пракурор Лявончык.
Адказ мясцовага пракурора Андрэй Павук мае абскардзіць у Гомельскай абласной пракуратуры. Лічыць, што раённы пракурор звярнуў увагу толькі на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.
“Было парушана таксама і маё права на атрыманне інфармацыі. Гэтаму раённы пракурор увагі не надаў”, – кажа блогер Павук.
Як паведамлялася, яшчэ ў чэрвені Андрэй Павук звярнуўся да кіраўніцтва Акцябрскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў з просьбай дазволіць яму прысутнічаць на адкрытых нарадах у райвыканкаме і на сесіях раённага Савета дэпутатаў. Чыноўнікі адказалі, што такога права Павук не мае. Пры спробе блогера самастойна прысутнічаць на нарадах – выдалялі з дапамогай міліцыі з будынка райвыканкама.
Скаргі ў вышэйшыя інстанцыі — Гомельскія аблвыканкам і аблсавет — станоўчых вынікаў не мелі, хоць Павук і спасылаўся на артыкул 23 Канстытуцыі і артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь.
Андрэй Павук звярнуўся з пазовам у суд на дзеянні супрацоўнікаў райвыканкама і райсавета, лічачы, што чыноўнікі парушаюць ягонае канстытуцыйнае права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, гарантаваных як міжнароднымі дамовамі, так і нацыянальным заканадаўствам.
Пазоў блогера з Акцябрскага райсуда перадалі ў Мазырскі раённы суд, а той яго адхіліў. Цяпер касацыйная скарга Андрэя Павука на разглядзе ў Гомельскім абласным судзе.