• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    А. Бастунец: Змены ў КаАП маюць на ўвазе наяўнасць машыны часу

    Аляксандр Лукашэнка падпісаў папраўкі ў некаторыя акты заканадаўства, у тым ліку ў Крымінальны і Адміністрацыйны кодэксы, датычныя экстрэмізму і распальвання сацыяльнай варажнечы.   

    У артыкул 130 Крымінальнага кодэкса ўводзіцца адказнасць за распальванне сацыяльнай варажнечы (раней гаварылася толькі пра “расавую, нацыянальную і рэлігійную, цяпер яшчэ – “і іншую сацыяльную”.) Парушальніку пагражае штраф, арышт на тэрмін да 6 месяцаў, абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

    Паводле ўнесеных у КаАП зменаў, цяпер адказнасць пагражае за «распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць». Раней арт 17.11 КаАП прадугледжваў адказнасць толькі за “выраб, распаўсюд і (або) захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

    За такое правапарушэнне пагражае штраф да 4,2 млн рублёў — фізічным асобам, ад 4,2 да 10,5 млн — ІП і ад 10,5 да 42 млн — юрыдычным асобам. Прызнаная экстрэмісцкай інфармацыйная прадукцыя падлягае канфіскацыі.

    За распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, штрафы будуць вышэйшыя: ад 2,1 да 10,5 млн рублёў — фізічным асобам, ад 10,5 да 21 млн — ІП і ад 21 да 105 мільёнаў — юрыдычным асобам. Фізасобы таксама могуць быць арыштаваныя.

    Старшыня ГА “БАЖ” юрыст Андрэй Бастунец кажа, што змены ў Адміністрацыйны кодэкс маюць на ўвазе наяўнасць машыны часу ў патэнцыйных правапарушальнікаў.

    — Раней прадугледжвалася адказнасць за правоз інфармацыйных матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі па рашэнні суда. І гэта лагічна.

    А цяпер можна пакараць чалавека за правоз, захоўванне, распаўсюд матэрыялаў, яшчэ не прызнаных экстрэмісцкімі. І вось гэта, канешне, пакідае магчымасць поўнага свавольства ў дачыненні да людзей.

    Пра тое, што ў нас можа быць прызнана экстрэмісцкімі матрыяламі, сведчаць гісторыі з альбомам “Прэс-фота Беларусі-2011” і з кнігай Зянона Пазняка “Добрая фатаграфія”. Ясна, што людзі, якія іх выдавалі і правозілі, былі “ні сном ні духам”…

    Гэта сведчыць, што ўлады ўсё ж слухаюць довады юрыстаў у судах. Калі быў суд над Ігарам Логвінавым (выдаўцом альбома “Прэс-фота-2011” – заўв. рэд.), мы падкрэслівалі, што яго пазбаўляюць права займацца выдавецкай дзейнасцю за выданне яшчэ не прызнаных экстрэмісцкімі матэрыялаў. Але замест таго, каб зрабіць высновы і выключыць такія сітуацыі, улады проста ўзаконілі такую магчымасць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці