Бастунец пасля Бруселя: У паветры была трывога, але панікі не было
Старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” вярнуўся з еўрапейскай сталіцы, дзе прымаў удзел у мерапрыемствах Еўранеста. Візіт Андрэя Бастунца супаў з тэрактамі ў Бруселі, якія забралі жыцці больш за 35 чалавек.
– Разам з кіраўніцай сайта “Хартыя’97” Наталляй Радзінай я прыняў удзел у апошняй панелі пасяджэння працоўнай групы Еўранеста па Беларусі, падзяліўся меркаваннямі адносна сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі.
Я сказаў, што, на мой погляд, індыкатарамі зменаў у галіне СМІ ў дадзены момант могуць стаць такія крокі з боку афіцыйнага Мінска, як спыненне пераследу журналістаў за супрацу з замежнымі СМІ, акрэдытацыя карэспандэнтаў “Белсат” і “Радыё Рацыя” і вяртанне ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюду выданняў, якія былі адтуль выключаныя. Але пакуль гэтага не адбылося, – гаворыць Андрэй Бастунец.
Візіт Бастутнца супаў з тэрарыстычнымі нападамі на аэрапорт і метро ў Бруселі.
– Пра тэракт у аэрапорце я даведаўся яшчэ раніцай перад сустрэчамі ў Еўрапарламенце. Я жыў у гатэлі ў цэнтры і збіраўся пешшу скіравацца спачатку на сустрэчу недалёка ад Еўракамісіі, а потым у Еўрапарламент.
І раптам у нейкі момант побач са мной пачалі праносіцца машыны паліцыі і хуткай дапамогі, праваахоўнікі пачалі перакрываць вуліцы, бо зусім непадалёк адбыўся выбух на станцыі метро Мальбек.
Адразу ж была ўзмоцнена ахова ўсіх адміністрацыйных будынкаў у Еўрапейскім квартале. Я прыйшоў у Еўрапарламент, паўдзельнічаў у пасяджэнні рабочай групы. Увечары ў мяне яшчэ была запланавана сустрэча ў Камітэце па міжнародных справах Еўрапарламента, дзе мусіў выступіць Стаўрас Ламбрынідзіс. Але ўсе гэтыя сустрэчы былі адмененыя, а на наступны дзень наогул быў закрыты доступ у Еўрапарламент.
У Брусэлі спыніўся рух грамадскага транспарту, што паралізавала горад. Але ніякай панікі я не бачыў. На вуліцах адразу стала вельмі мала людзей. Была вельмі напружаная атмасфера, у паветры вісела трывога, але панікі не было.
Супрацоўнікі Еўрапарламента паведамілі нам з Наталляй, што ў хуткім часе аэрапорты Бруселя пачнуць працаваць, і мы зможам вылецець дадому. Але гэтага так і не адбылося, таму ў сераду нас перанакіравалі ў Эйнховен, адкуль ужо можна было вылецець у Варшаву, – распавёў Бастунец прэс-службе ГА “БАЖ.
Абмяркоўвайце ў каментах!