Барысу Хамайду прызначылі 15 сутак арышту
Найстарэйшага віцебскага апазіцыйнага актывіста і распаўсюдніка незалежнай прэсы Барысу Хамайду пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак. Такое рашэнне сёння, 31 ліпеня, вынес суд Верхнядзвінскага раёна. Артыкул, паводле якога судзілі Хамайду, невядомы. Але падставай для таго, каб 75-гадовы мужчына апынуўся за кратамі, стала вокладка на ягоным пашпарце: на ёй была выява герба «Пагоня».
Барыса Хамайду затрымалі 28 ліпеня па ініцыятыве памежнікаў, якія правяралі дакументы ў пасажыраў дызель-цягніка Полацк – Бігосава. Бігосава знаходзіцца на беларуска-латышскім памежжы, таму падобныя праверкі ладзяцца рэгулярна. Прадстаўнікі памежнай службы заявілі, што на вокладцы пашпарта «забароненая сімволіка», хоць спадар Хамайда тлумачыў, што выява «Пагоні» ёсць нават на афіцыйным гербе Віцебскай вобласці.
Герб «Пагоня» з’яўляецца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Такі статус гербу быў нададзены ў 2007 годзе рашэннем Савета міністраў РБ.
Затрыманне адбылося на чыгуначным пероне ў Бігосаве на вачах ва ўдзельнікаў пілігрымкі ў вёску Росіца: Барыс Хамайда збіраўся прайсці дзесяць кіламетраў пехам да месца паломніцтва — росіцкага касцёла, дзе 28 ліпеня ўшаноўвалі памяць мучанікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, мясцовых святароў, якіх фашысты ў 1943 годзе спалілі ў храме разам з парафіянамі.
Аднак замест пілігрымкі спадар Хамайда трапіў у Верхнядзвінскі РАУС. У аддзяленні міліцыі ў яго забралі тэлефоны і трое сутак трымалі за кратамі ў чаканні суда. Цяпер яму засталося адбыць у няволі 12 сутак. Найхутчэй утрымліваць яго будуць у наваполацкім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў — звычайна арыштаваных з Верхнядзвінску накіроўваюць туды.
Чытайце яшчэ:
У доме ў Крывым Рогу, куды трапіла расейская ракета, жыве журналістка беларускага выдання «Салідарнасць»
«Зняволеныя журналісты церпяць за прафесію». Пра што гаварылі прадстаўнікі БАЖ падчас анлайн-марафона салідарнасці
«Рэпарцёры без межаў» правялі акцыю салідарнасці з беларускімі зняволенымі журналістамі ў 12 краінах