Барысаўскага фатографа Аляксандра Зянкова прызналі палітзняволеным
З канца чэрвеня 2023 г. яго ўтрымліваюць пад вартай у мінскім СІЗА. Справу, распачатую супраць Аляксандра Зянкова паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса, якраз гэтымі днямі разбірае Мінскі гарадскі суд. Яго вінавацяць у супрацоўніцтве з суб'ектам, абвешчаным уладамі экстрэмісцкім фарміраваннем.
У заяве беларускай праваабарончай супольнасці аб прызнанні Аляксандра Зянкова і яшчэ 6‑ці чалавек палітвязнямі, у прыватнасці, гаворыцца: «МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, што крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, якая ёй праводзіцца, таксама экстрэмісцкімі фарміраваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў».
Аляксандра Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 года ў яго доме ў Барысаве. Сілавікі зладзілі там ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку. Пасля гэтага Зянкова адразу павезлі ў Мінск, дзе пэўны час трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, а потым перавялі ў следчы ізалятар № 1 на вуліцы Валадарскага.
Фатографа з Барысава і раней затрымлівалі міліцыянты, але пратаколаў не складалі: напрыклад, у ліпені 2020 года ён быў у ліку 47-мі журналістаў і фатографаў, затрыманых у Мінску і адпушчаных пасля праверкі дакументаў. Пасля гэтага, у верасні 2020-га, да Аляксандра Зянкова прыходзіла міліцыя, каб папярэдзіць пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства.
З 1998 года ён працуе фатографам-фрылансерам: у гэтай якасці супрацоўнічаў з мясцовымі незалежнымі выданнямі. Потым захапіўся відэаздымкамі, рабіў у тым ліку і дакументальныя стужкі, якія атрымлівалі ўзнагароды на фестывалях хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Магніфікат». У прыватнасці, у 2015 годзе журы фестывалю адзначыла яго творчую працу пра адбудаванне царквы ў вёсцы Зэмбін.
Чытайце яшчэ:
Генпракуратура завяла шэсць крымінальных спраў супраць супрацоўніка Радыё Свабода Сяргея Дубаўца
Прысуд рэдактару «Рэгіянальнай газеты» Аляксандру Манцэвічу пакінулі без зменаў
Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы сцвярджае, што гатовы праект пастановы аб стварэнні адзінай медыякампаніі. Што з ёй не так?