Бацюшка-блогер — пра веру, постпрадакшн і бан
У блогу “Batushka ответит” святар Аляксандр Кухта – гэта прасунуты святар у падрасніку з крыжом. Размаўляючы з моладдзю на іх мове, ён руйнуе стэрэатыпы, якія склаліся ў грамадстве вакол праваслаўя.
У чацвер у офісе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Аляксандр Кухта падзяліўся з журналістамі і блогерамі тым, як яму ўдаецца весці сур’ёзны блог ды яшчэ і дабівацца, каб яго глядзелі.
Ідэя блога прыйшла падчас пераасэнсавання сябе
– Пасля сканчэння семінарыі я год нічога не рабіў, служыў толькі пры прыходзе. Але за гэты год я зразумеў, чым на самой справе хачу займацца.
Спачатку запусціў пілотную версію праекта: наздымаў некалькі ролікаў і паступова стаў выкладаць іх у сеціва. Але тое, што атрымалася на выйсці, не зусім мяне задаволіла. Пасля гэтага наступіла некалькі месяцаў перапынку. Зразумеўшы, як мусіць выглядаць блог, стаў рабіць выпускі раз на тыдзень, – гаворыць Кухта.
– Для таго, каб пачаць відэаблог, у вас мусіць нарадзіцца ідэя, – гаворыць Кухта, – яна павінна ўвабраць у сябе тое, што вам цікава і тое, што вы можаце сказаць. Вельмі добра, калі ваша ідэя супадае з нейкай інфармацыйнай нагодай. Далей ідзе працэс напісання сцэнару.
Гэты працэс у мяне займае ад васьмі да дванаццаці гадзін.
Затым блогер становіцца перад камерай і пачынае нагаворваць тэкст. Кожную фразу ён прамаўляе па некалькі разоў з рознай інтанацыяй, рухамі і жэстамі. Запіс цягнецца каля дзвюх гадзін. Пасля Аляксандр сядае за мантаж. Амаль усе відэаролікі святар робіць сам.
– Пропаведзі ў храме добрая рэч для царкоўных людзей, а няверуючая моладзь патрабуе іншай формы. Калі форма сказанага святаром ім падабаецца , тады яны пачынаюць успрымаць кантэкст. Так да мяне і прыйшла думка здымаць відэа, у якіх размаўляць той жа мовай, якой размаўляе сучасная моладзь.
Праект не місіянерскі, а папулізатарскі
– За мэту свайго блога я не стаўлю евангелізаваць людзей і прыводзіць іх да пакаяння. Я хачу нешта пасеяць у людзях. І магчыма праз дваццаць гадоў яны нешта ўзгадаюць са сказанага мною і задумаюцца.
Сярод прыхільнікаў блога багата атэістаў і агностыкаў, але іх перакананні не перашкаджаюць штотыдзень глядзець блог. Таму, што пакуль у нас няма іншай пляцоўкі для кантактавання паміж хрысціянамі і атэістамі, – гаворыць Кухта.
Крытыка і тролінг
Айцец Аляксандр раіць журналістам і рэдактарам імкнуцца не выключаць магчымасць каментавання матэрыялаў на сваіх рэсурсах.
– Навошта вы баніце троляў? Добры троль – гэта вялізны кладзеж, які заўсёды трэба трымаць пры сабе! Тролі дапамагаюць паглядзець на свой прадукт з іншага боку, навучыцца прызнаваць свае памылкі і карэктаваць уласныя ідэі. Хоць занадта агрэсіўных троляў я адпраўляю ў бан. І скажу, 95% забаненых – гэта свае ж, праваслаўныя :).
“Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў” – ініцыятыва сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, якая ўзнікла ў 2014 годзе. Сябры супольнасці працуюць над паляпшэннем інфармацыйнай камунікацый паміж хрысціянскімі канфесіямі, ладзяць штогадовы журналісцкі конкурс “Жыццё пад сэрцам”, а таксама стварылі ўласны інфармацыйны рэсурс – Крыніца.info.