• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Бачу палярнае стаўленне да беларусаў». Што абмяркоўвалі на журналісцкай сустрэчы ў Кіеве

    Нацыянальны саюз журналістаў Украіны арганізаваў у Кіеве круглы стол, прысвечаны рэпрэсіям і сітуацыі з незалежнымі медыя ў Беларусі. Але дыскусія сярод удзельнікаў працягнулася і на іншыя важныя тэмы: найперш пра адлюстраванне Беларусі і беларусаў ва ўкраінскіх медыя і тое, чаму беларусам і ўкраінцам выгадна падтрымліваць адно аднаго, нягледзячы на фактары, што раз'ядноўваюць.

    З украінскага боку ў сустрэчы ўзялі ўдзел старшыня Саюза журналістаў Украіны Сяргей Таміленка, вядомы ўкраінскі палітолаг Яўген Магда, журналісты і рэдактары медыя. З беларускага — былыя палітзняволеныя журналісты Дар’я Чульцова і Алесь Мінаў, а таксама намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

    Палітзняволеных крымінальніцы спачатку ўспрымалі як «неапазнаныя аб’екты»

    За апошнія гады ўплыў расійскай палітыкі прывёў да дыстанцыявання беларусаў і ўкраінцаў, нягледзячы на суседства. Пра падзеі ў нашых краінах мы часам даведваліся праз скажонае люстэрка прапаганды Расіі.

    Трэба шчыра прызнаць, што мы, украінцы і беларусы, занадта мала ведаем адзін пра аднаго.

    Амаль тры гады ў Беларусі працягваюцца жорсткія рэпрэсіі, у першую чаргу ў дачыненні да актыўнай часткі грамадства. 35 журналістаў знаходзяцца ў няволі, палітзняволенымі прызнаныя больш за 1400 чалавек. Аднак украінскае грамадства ў асноўным не ведае, што насамрэч адбываецца ў нашай краіне.

    Крыміналізацыя журналістыкі ў Беларусі для большай часткі ўкраінскага грамадства — навіна. А аповед карэспандэнткі «Белсата» Дар’і Чульцовай, якая правяла два гады ў калоніі, для многіх у Кіеве гучыць упершыню:

    — Калі я трапіла ў калонію, на мяне вельмі ціснулі — з прызнаннем віны, прашэннем аб памілаванні. Ледзьве не кожны дзень выклікалі да аператыўных супрацоўнікаў, у адміністрацыю. Праводзілі псіхалагічную працу, пагражалі рапартамі, шантажавалі ШЫЗА. Ёсць спецыяльны прэс-атрад, куды размяркоўваюць тых, на каго ціснуць больш за астатніх. Мая каляжанка Каця Андрэева (Бахвалава) спачатку была менавіта там.

    Паводле слоў беларускі, у зняволенні яна апынулася сярод крымінальніц, якіх судзілі за забойствы, распаўсюд наркотыкаў, нявыплату аліментаў. Тыя спачатку ўспрымалі палітзняволеных як «неапазнаныя аб’екты». Але з цягам часу зразумелі, што гэта адэкватныя людзі, нягледзячы на цэтлік «схільныя да экстрэмізму», які ў калоніі прымушаюць насіць многіх палітзняволеных.

    — Стасункі з імі былі нармальнымі, акрамя выпадкаў, калі адміністрацыя прасіла іх што-небудзь учыніць правакацыйнае ў дачыненні да палітзняволеных. Такіх сітуацый было шмат, — расказала Дар’я Чульцова.

    Як яна прызнае, вялікую падтрымку атрымала дзякуючы лістам, якія прыходзілі ад незнаёмых людзей.

    Аднак пасля пачатку вайны ва Украіне турэмная сістэма стала прапускаць лісты толькі ад сваякоў, адначасова скарацілі колькасць дазволеных тэлефанаванняў, ціск павялічыўся.

    — Пасля такіх выпрабаванняў не ўсе журналісты знаходзяць сілы вярнуцца ў прафесію. Што мы можам зрабіць, каб хутчэй вызваліць астатніх беларускіх калег? — спыталіся ўкраінскія журналісты ў Дар’і Чульцовай.

    — Я мяркую, што ўсё зменіцца, калі пераможа Украіна. Гэта самы верагодны і хуткі сцэнарый. Інакш дасягнуць гэтага немагчыма. Санкцыі не маюць уплыву. Людзей затрымліваюць, здаецца, ужо насуперак усяму, — адказала карэспандэнтка «Белсата».

    Яна таксама адзначыла, што пасля пабачанага «за плотам» не ведае, як маўчаць пра незаконныя прысуды і здзекі над людзьмі, свабоду слова, чалавечую годнасць.

     

    «Украінцам важна мець на поўначы сябра, а не ворага»

    Працягваючы сумную тэму, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі падкрэсліў, што рэпрэсіі не спыняюцца нават тады, калі чалавек ужо быў несправядліва асуджаны.

    Так адбылося з другой журналісткай «Белсата» — Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай), якую затрымалі падчас рэпартажу разам з Дар’яй Чульцовай. Калі яна ўжо была ў зняволенні, на яе завялі дадатковую крымінальную справу і дадалі яшчэ восем гадоў.

    — Рэжым спачатку ліквідаваў БАЖ, а пасля прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем, як і большасць незалежных медыя, — нагадаў Барыс Гарэцкі. — За любое супрацоўніцтва са СМІ чалавека могуць пасадзіць на тэрмін ад двух да шасці гадоў — за каментар, рэпост ці адпраўку фотаздымка. На жаль, такіх выпадкаў вельмі шмат.

    Адзін з сумных прыкладаў — прысуд яшчэ адной былой супрацоўніцы «Белсата» Ірыне Слаўнікавай, якая нібыта спрыяла экстрэмісцкай дзейнасці, то бок працы тэлеканала.

    — Чаму ўкраінскаму грамадству, на маю думку, трэба ведаць пра беларускую сітуацыю? — закрануў важную тэму намеснік старшыні БАЖ. — Ігнараваць яе памылкова, бо стратэгічная задача Расіі зрабіць так, каб Беларусь успрымалася як яе частка. Я ўпэўнены, што Украіна і ўкраінцы безумоўна зацікаўленыя ў дэмакратычным, еўрапейскім суседзе. І з палітычных, і з эканамічных, і, у першую чаргу, з пытанняў бяспекі. Каб на поўначы не было шэрай зоны, сатэліта тыраніі. Магчыма, гэта цяпер не артыкулюецца ва ўкраінскім грамадстве — ідзе вайна — але ўкраінцам выгадная еўрапейская Беларусь без дыктатуры.  

    Гэты пункт гледжання падтрымаў дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі (Украіна) Яўген Магда:

    — Калі намагаюцца атаясамляць беларусаў і расіян, то спрыяюць Расіі. З першых дзён вайны я казаў, што ўдзел беларускіх войскаў недапушчальны. Даносіў гэта да беларускіх, украінскіх медыя. Добра, што так не сталася. Зараз беларуска-украінскія адносіны на ўзроўні замярзання. Шэрань ужо ёсць, але пара яшчэ прабіваецца. Удзел беларускіх войскаў зруйнуе адносіны паміж народамі надоўга.

    «Ва ўкраінскіх медыя не адлюстроўваецца, што ёсць беларускі народ, які не падтрымлівае вайну»

    Між тым, як лічыць Барыс Гарэцкі, многія ўкраінскія медыя схільныя замоўчваць падзеі ў Беларусі. Маўляў, гэта шэрая зона, і нас падзеі там не цікавяць.

    У сувязі з гэтым можна ўзгадаць неадназначную рэакцыю ўкраінскіх СМІ і палітыкаў на прысуджэнне Нобелеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму, выбарачны пераклад слоў Джо Байдэна ў Варшаве і інш.

    — Я працую ва Украіне з канца 2021 года і многа размаўляю з людзьмі і бачу палярнае стаўленне да беларусаў: ці вельмі добрае, ці вельмі дрэннае, — падзяліўся сваім досведам беларускі журналіст Алесь Мінаў. — Калі людзі, якія перажылі жах, кажуць: мы спачуваем вам, беларусам, гэта ўражвае. Тады пытаюся: а адкуль вы ведаеце пра нашу сітуацыю? Ніхто не адказаў, што з украінскіх медыя.

    Тых жа, хто негатыўна ставіўся да беларусаў, яму атрымлівалася пераканаць праз 10–15 хвілінаў, адзначыў рэпарцёр.

    — У той жа час ва ўкраінскіх медыя не адлюстроўваецца, што ёсць беларускі народ, які не падтрымлівае вайну, — падкрэсліў ён.

    Варта абазначыць яшчэ некалькі міфаў, якія пануюць ва ўкраінскім грамадстве — нібыта большасць беларусаў падтрымліваюць вайну, Пуціна, Лукашэнку. Хаця даследаванні незалежных сацыёлагаў сведчаць пра адваротнае.

    — Гэтае стаўленне аб’ектыўна абумоўлена тым, што з сакавіка па кастрычнік 2022 года з тэрыторыі Беларусі ляцелі ракеты, адтуль зайшлі расійскія войскі, — патлумачыў Яўген Магда. — Але казаць, што ў РБ ёсць поўная падтрымка дзеянняў Расіі — нельга.

    Палітолаг падкрэсліў важнасць распаўсюджваць праўдзівую інфармацыю пра Украіну ў беларускіх медыя:

    — Незалежныя сацыёлагі праводзілі даследаванне і высветлілі, што беларускія дыяспары шчыльна камунікуюць з суграмадзянамі, сябрамі, свякамі. Выехала прыблізна 5% насельніцтва Беларусі, а большасць працягвае там жыць. Нам трэба імкнуцца даносіць да іх праўду.

    Падчас дыскусіі прагучала ідэя стварыць беларуска-украінскае медыя, якое стане пунктам сумеснага інтарэсу. Нельга сказаць, што гэта новая думка. Аднак цяпер гэта ініцыятыва прыйшла знізу і, здаецца, перспектываў у яе нашмат больш.

     

    «Я заклікаю не выключаць святло, асвятляць падзеі насуперак цемры»

    Беларуская медыясупольнасць, бадай, адной з першых адрэагавала на ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну не толькі аб’ектыўным асвятленнем вайны, але ж і словамі падтрымкі калегам.

    — Я добра памятаю як многія беларускія журналісты пісалі ў месенджары, на электронную пошту, — пацвердзіла першы сакратар Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Ліна Кушч. — Ва ўсіх было адно пытанне: чым дапамагчы? Мы добра ведаем, што незалежныя медыя Беларусі выступаюць супраць вайны і падтрымліваюць нашу краіну.

    Яна адзначыла, што разглядаць народ і рэжым у Беларусі як адзінае цэлае — вялікая памылка.

    — Ніколі ў беларускай журналістыцы не было лёгкага часу, — дадаў Барыс Гарэцкі. — Аднак цяпер для медыясектара — надзвычай складанае выпрабаванне. Журналісты працягваюць распаўсюджваць праўдзівую і дакладную інфармацыю пра Украіну, нават калі яна непрыемная і балючая для беларусаў.

    Ён таксама нагадаў, што многія беларускія журналісты падчас расійскага ўварвання знаходзіліся ў Чарнігаве, Кіеве, Львове.

    — Апошнім часам сілавікі сталі прыходзіць да журналістаў па начах, — напрыканцы сустрэчы намеснік старшыні БАЖ зноў звярнуўся да беларускай тэмы. — Гэта тое, што любяць зло, дыктатура — працаваць у цемры, калі нічога не бачна і не зразумела. А журналістыка наадварот, надае святла. Толькі тады можна прымаць адэкватныя рашэнні. Я заклікаю не выключаць святло, асвятляць падзеі. Тады не будуць параджацца міфы, якія з’яўляюцца ва ўмовах адсутнасці інфармацыі.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў выказвае шчырую падзяку Нацыянальнаму саюзу журналістаў Украіны за шматгадовую салідарнасць, супрацу і падтрымку і дэкларуе безумоўную салідарнасць з усімі ўкраінскімі калегамі!

    Журналісти важливі!

    Чытайце яшчэ:

    «Есть понимание, что это вопрос выживания страны и нации». Украинская журналистка о медиа в условиях войны

    «Я ў бронекамізэльцы і касцы, мясцовыя такога не маюць». Як беларускі журналіст працуе на вайне ва Ўкраіне

    «Если бы Украина исчезла, журналистика потеряла бы смысл». Что говорят украинские журналисты, которые уходят из СМИ в армию

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці