Бабруйскія журналісты адправілі зняволеным калегам паштоўкі з навагоднімі віншаваннямі
Сябры бабруйскай суполкі ГА “БАЖ” сабраліся разам, каб падпісаць святочныя паштоўкі для трох журналістак, якія зараз знаходзяцца за кратамі за сваю працу: Кацярыне Барысевіч (tut.by), Кацярыне Бахвалавай і Дар’і Чульцовай (“Белсат”). Бабруйчане таксама выслалі лісты і іншым палітвязням.
“Крыху дзіўнае адчуванне — пісаць на святочным, каляравым канверце з ялінкамі і Дзедамі Марозамі адрасы: СІЗА, турма, — зазначыла кіраўніца бабруйскай суполкі ГА “БАЖ” Марына Маўчанава. — Але тым не меньш, Новы год — гэта свята, і мы будзем сустракаць яго дома, з сям’ёй, а некаторыя нашыя калегі — за кратамі, дзе яны апынуліся толькі за тое, што рабілі сваю журналісцкую працу. Кожны з нас мог і можа быць на іх месцы, і кожнаму з нас было б прыемна атрымаць кавалачак свята ў тых зусім несвяточных умовах. Мы мусім падтрымліваць адзін аднаго. Пішыце лісты палітвязням”.
Кацярына Бахвалава і Дар’я Чульцова, журналісткі тэлеканала “Белсат” былі затрыманыя 15 лістапада падчас стрыму з Плошчы пераменаў, куды людзі неслі знічы і кветкі на знак смутку аб забітым Рамане Бандарэнку. Журналістак абвінавацілі паводле арт. 342 КК РБ (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”). Дзяўчаты ўжо паўтары месяцы знаходзяцца ў турме ў Жодзіна.
Кацярыну Барысевіч, журналістку партала tut.by, затрымалі 19 лістапада. Нагодай стала публікацыя інфармацыі пра тое, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю, Кацярыну абвінавачваюць у разгалошванні медыцынскай таямніцы, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы (ч.3 арт.178 КК РБ). Журналістка знаходзіцца ў СІЗА‑1 у Мінску.
Адрасы для лістоў:
Кацярыне Барысевіч — вул. Валадарскага, 2, г.Мінск, СІЗА‑1, 220030.
Кацярыне Бахвалавай і Дар’і Чульцовай — вул. Савецкая, 22А, г. Жодзіна, Следчая турма № 8, 222163.