• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Бабруйскі сайт прымусілі выдаліць інтэрв’ю з медсястрой, якая распавяла пра працу з COVID-19

    Матэрыял пад назвай “Бабруйская медсястра: нават медыкі не ведаюць лічбы захварэўшых у горадзе” выйшаў на партале bobr.by. У ім крыніца з мясцовай лякарні на ўмовах ананімнасці распавяла, як змянілася яе праца з-за пандэміі. Бабруйскія ўлады і галоўны лекар бальніцы заявілі, што ўсё гэта хлусня, і пагражалі парталу судом, калі інтэрв’ю не выдаляць.

    Судзіцца рэдакцыя не захацела, таму матэрыял знік з сайта. Пракаментаваць сітуацыю для службы маніторынгу ГА “БАЖ” кіраўніцтва партала bobr.by адмовілася.

    Інфармацыя пра тое, што ўлады ціснуць на гарадскі інтэрнэт-партал bobr.by, з’явілася ў тэлеграм-канале “Бобруйск-online”. Там жа прыводзіцца поўны тэкст выдаленага інтэрв’ю. У ім медсястра бабруйскай лякарні хуткай дапамогі ім. В. Марзона распавядае, што на першапачатковым этапе ім даводзілася працаваць з кантактамі па COVID-19. Паводле яе слоў, тэсты медыкам зрабілі толькі нядаўна, і вынікаў яны яшчэ не ведаюць, дагэтуль не хапае сродкаў індывідуальнай абароны.

    Медсястра распавядае, што ў Бабруйску шмат медыкаў з каранавірусам, але дакладную лічбу ніхто не кажа, як і ўвогуле пра колькасць хворых у горадзе.

    Аўтар інтэрв’ю задае пытанне пра надбаўкі, на што суразмоўца адказвае, што пакуль ніякіх даплат не было, хоць ёй і даводзілася кантактаваць з інфікаванымі. Агулам жа заробак медсястры — 400 беларускіх рублёў.

    Амаль адразу пасля публікацыі інтэрв’ю мясцовыя ўлады запатрабавалі яго выдаліць, маўляў, звесткі, прыведзеныя ў тэксце, не адпавядаюць рэчаіснасці.

    Імгненна адрэагавалі бабруйскія дзяржаўныя медыі, назваўшы матэрыял фэйкам. У тэлеграм-канале мясцовага радыё “Зефір FM” з’явіліся вытрымкі з інтэрв’ю з галоўным лекарам той самай лякарні ім.Марзона Уладзімірам Белагуравым, у якім ён кажа, што лякарня ўвогуле не прымае хворых на COVID-19, сродкаў абароны ўсім хапае, а заробак сярэдняга медперсаналу “ў сярэднім 1009 рублёў, але ніяк не 400”. На сайце мясцовай дзяржаўнай газеты “Бабруйскае жыццё” апублікавалі поўны тэкст размовы з Белагуравым.

    Таксама “Бабруйскае жыццё” назвала “канапавымі СМІ” медыі, якія распавялі пра пратэст медыкаў на гарадской станцыі хуткай дапамогі, што адбыўся 20 траўня, калі туды здымаць сюжэт прыехала дзяржаўнае тэлебачанне. Фельчары і кіроўцы хуткай дапамогі адкрыта і пад сваімі імёнамі распавядалі, што яны не атрымалі абяцаных прэзідэнцкім указам № 131 даплат за працу з хворымі на каранавірус, а сказаць гэта перад камерамі дзяржтэлеканала ім не дазволілі. Так і адбыўся стыхійны мітынг. “Бабруйскае жыццё” назвала сітуацыю “бурай у шклянцы вады”, якую раздзьмулі “канапавыя СМІ”.

    Бабруйскія журналісты распавядаюць, што цяпер стала вельмі цяжка дамовіцца на інтэрв’ю з лекарамі — тыя адмаўляюцца нешта распавядаць нават ананімна. Медыкі пацвярджаюць, што ім давялося падпісаць дакументы пра нераспаўсюд інфармацыі. Недзяржаўным медыям атрымаць каментар ад мясцовых чыноўнікаў сістэмы аховы здароўя амаль немагчыма. Узгадненне такіх матэрыялаў ідзе праз аддзел ідэалогіі Бабруйскага гарвыканкама. Нават калі на інтэрв’ю з лекарам будзе дазвол, задаваць пытанні пра каранавірус могуць забараніць — пра такі выпадак распавядала ў фэйсбуку журналістка аднаго з гарадскіх выданняў.

    Адначасова з 10 красавіка ўлады не паведамляюць жыхарам Бабруйска, колькі ў горадзе хворых на COVID-19, як інфекцыя распаўсюджваецца, ці ёсць цяжкія і смяротныя выпадкі. Інфармацыя пра гэта цалкам закрытая. У красавіку разабрацца ў тым, якая ж у горадзе эпідэміялагічная абстаноўка, спрабаваў “Бабруйскі кур’ер”, але, паводле рэдакцыі, ні галоўны лекар горада, ні санстанцыя, ні намеснік старшыні гарвыканкама ніякай інфармацыі не далі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці