Бабруйскі фотамастак Уладзімір Шарнікаў запрашае на персанальную выставу
У сваіх працах спадар Уладзімір імкнецца паказаць сапраўдную “краіну Беларусь, як ёсць, без пакосаў, надояў і намалотаў”. Адкрыецца выстава 9 лістапада ў бабруйскай мастацкай галерэі імя Г. Паплаўскага па адрасе: Бабруйск, вул. Горкага, 28.
Уладзімір Шарнікаў – фатограф-рэпарцёр, даўні сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, вядомы не толькі ў Бабруйску, але і па ўсёй Беларусі. Зацікавіўся фатаграфіяй і пачаў здымаць ён падчас вайсковай службы. Пасля звальнення цягам апошніх дваццаці пяці гадоў працаваў як фотакарэспандэнт для такіх газет, як “Комсомольская правда” в Беларуси”, “Пресссбол”, “Бобруйский курьер”, “Коммерческий курьер”, “Белорусский шинник”.
Бабруйскі фатограф аб’ехаў амаль усю Беларусь. Кажа, што пабываў больш чым у трох тысячах населеных пунктаў. І з кожнага з іх ён імкнецца вынесці адбітак сапраўднага беларускага жыцця.
Паводле слоў спадара Уладзіміра, на сваіх фотаздымках ён паказвае радзіму такой, якая яна ёсць: “краіну Беларусь без пакосаў і надояў, без адсоткаў, цэнтнераў, гектараў і намалотаў”.
Уладзімір Шарнікаў вандраваў па Беларусі цягніком, на аўтамабілях, пешшу, але больш за ўсё любіць ездзіць на ровары. Самыя яскравыя ўражанні з гэтых вандровак, абліччы беларускіх гарадоў і вёсак і іх жыхароў бабруйскі фотарэпарцёр і пакажа на сваёй персанальнай фотавыставе.